Меркаванні1515

Беларуская глыбіня. Эра інжынераў

Піша Павел Севярынец.

Калі Гасподзь не збудуе дома,

Марна працуюць будаўнікі яго.

Псальма 126:1

Ён можа, злёгку прымружыўшы вочы, назваць на памяць завадскую маркіроўку дэталі ці агрэгата, мабільны нумар свайго калегі альбо стацыянарны пастаўшчыка. Ён тут і механік, і запраўшчык, і адказны за тэхніку бяспекі, і таваразнаўца, і маркетолаг, і, калі трэба, кіроўца. Машыны ў рэйс? Зламаўся камбайн? Праверка пажарных або энергетыкаў?..

— Максі-і-імавіч!..

Максімавіч — наш галоўны інжынер. 55 гадоў, у куртцы, джынсах ды кепцы, падцягнуты, сціплы, сарамліва-ўсмешлівы і адначасна патрабавальны, перакананы, што «сістэму пара мяняць» — ён той самы незаменны, якіх у нас няма.

Ураджэнец знакамітых Шэйпічаў на Ружанчыне, адкуль і залаты голас Беларусі, ягоны цёзка Міхась Забэйда­Суміцкі, Максімавіч захапляецца руінамі беларускай велічы — і марыць у вольны час, якога не бывае, з’ездзіць у Нясвіж, Полацк ці Вільню.

— Была ж калісьці Рэч, — задуменна кажа тады Максімавіч, — Паспалітая!

Выразнае «ліцвінскае» вымаўленне спалучаецца ў ім з абрывістай дакладнасцю, а ў дзеканні і цеканні звініць, адціквае гадзіннікавы механізм кшталтаванай тысячу гадоў беларускасці.
Нацыянальны сплаў цвёрдасці і пяшчоты пераліваецца проста ў максімавічавым твары: то халодны бляск вачэй, падкрэслены лініяй падцятых вуснаў і засечкамі зморшчынак, калі ён разбіраецца ў транспарцёры, то затуманены мяккасцю позірк і скругленне ўсіх рысаў, амаль дзіцячае, калі ён гаворыць пра старадаўнюю беларускую прыгажосць.

Максімавіч — інжынер усё жыццё: ад маладога спецыяліста ў родных «Зеляневічах» да цяперашняга галоўнага ў гаспадарцы з мільярднымі абаротамі ды двума дзясяткамі машынаў. Працуе Максімавіч бесперапынна і бесперабойна, што той камбайн. Гадзінамі на тэлефоне, заказвае, потым бегма на запраўку, потым у кантору афармляць акты ды справаздачы, вось ужо клічуць кудысьці да прычэпа даць рады зваршчыкам; секунду выцірае спэцканыя мазутай рукі газетай — і ўжо з галавой у каталогу, вышуквае нейкі ролік з бульбакапалкі.

Асноўная цяжкасць, кажа Максімавіч, людзі. «П’юць, разгільдзяйства, ну куды гэта — інжынер бездапаможна разводзіць рукамі, — і як з імі па¬другому, разумееш… Вось у чым тут пытанне».

Максімавіч — зацяты дэмакрат; зрэшты, сярод інжынераў гэта, нароўні з крытыкай начальства, — карпарацыйны «добры тон». Увесь час прыносіць пачастункі: то пірагі, якія робіць ягоная жонка, то закруткі, то печыва. «Выкладвай бокі [набірай вагу. — «НН»], Канстанцінавіч, — смяецца ён, — будзеш памятаць нашу Берасцейшчыну».

На непітушчых, мазгавітых, цёртых інжынерах, аграномах ды заатэхніках трымаецца ўся сённяшняя беларуская сельская гаспадарка. Рабочыя ды калгаснікі співаюцца, кіроўцы перамяшчаюцца з месца на месца ў пошуках сезоннага заробку, прадпрымальнікі ірванулі на Расею, моладзь у горад…
А тут, на зямлі, застаюцца хіба яны, апошнія рыцары старога гарту.

Агулам інжынерна-тэхнічныя работнікі ды менеджары сярэдняга звяна — ключавы клас у справе ажыццяўлення рэформаў. І рэч не столькі ў іх ролі прывадных рамянёў тэхналагічнай мадэрнізацыі, колькі ў здольнасці прыняць новую маральную платформу і стаць апірышчам капітальнага рамонту для закліненай стра¬хам, зношанай хлуснёй, раз’едзенай абыякавасцю ды крадзяжом беларускай душы.

Рэч у тым, што для інжынера двойчы два роўна чатыры. Ёсць законы матэматыкі, фізікі, псіхалогіі, і абысці іх будзе сабе даражэй. Калі штосьці скрасці — потым гэтага ж не хопіць; калі не даплаціць — людзі паўцякаюць; калі схлусіць — расхлёбваць давядзецца самому.
У кожнага сапраўднага інжынера гэта ў крыві. Інжынеры — той рэдкі тып людзей, якія цікавяцца партыйнымі праграмамі і з кім варта паспрачацца хаця б дзеля таго, каб пачуць не выплеснутыя эмоцыі, а аргументы. Ім можна лагічна абгрунтаваць беларускамоўнасць. Яны здольныя слухаць. Яны гатовыя цвяроза пагаварыць пра Бога. Для іх даступная евангельская тэхналогія адказнасці: не рабі іншым таго, чаго не жадаеш сабе.

Таму пружанскія інжынеры і разумеюць адзін аднаго з паўслова, калі перасякаюцца на складзе запчастак.

«Чуў, учора галоўрач сабраў дактароў, жонка мая была. Кажа, год эканоміі — пішыце мне заявы, што згаджаецеся дзяжурыць бясплатна». — «Ага, дык цяпер у нас замест клізмаў піпеткі будуць ставіць, раз год эканоміі?» — «Канечне, затое ў райвыканкаме эканомяць — «туарэгі» ды «лексусы» за народныя грошыкі».

Зацемім дарэчы: інжынеры, жанатыя на доктарках ды настаўніцах — з’ява наколькі тыповая, настолькі і шматзначная.

«Як жа ён дастаў!» — кажуць міжсобку… Не, яны глядзяць «Белсат» і чытаюць «Народную Волю», але папракаць, што адкрыта не пратэстуюць, язык не павернецца: на іх і так трымаецца якая-ніякая вытворчасць ды астатняя інфраструктура.
За апазіцыю тут на словах — дык у Пружанах, акрамя словаў, ад дэмакратаў, лічы, нічога і не бачылі. Усё заканамерна — інжынер уключыцца толькі тады, калі гэта будзе мэтазгодна.

Тэхнары з прадпрыемстваў ды калгасаў, будаўнічых арганізацыяў, дарожнікі ды энергетыкі, улучна з кваліфікаванымі працоўнымі — аграмадны пласт рабочай інтэлігенцыі.

Менавіта яны, інжынеры і майстры, — ключы запальвання ў махіне масавай свядомасці нацыі. Адказнасць, дакладнасць, эфектыўнае выкананне, кантроль, лагістыка, аптымальнае размеркаванне часу і сілаў, досвед, словам, уся механіка пераменаў — у руках, галовах і сэрцах гэтых ператвораных у знадрыўныя машыны мужчынаў.

Як жа шкада ўсіх, хто адзін у полі ваяр, выбіваецца з сілаў, аддаючы сябе жалезу, шклу ды каменю… Як шкада соцень тысячаў поўных жыцця і здольных на большае!..

Нешта паламалася ў беларусах. Пара агледзець, абмацаць, змрочна працягнуць «Оо­ооо…», выцерці спэцканыя рукі газетай, напаўголаса буркнуць «да чаго давялі, от, гаспадары» — і брацца за справу.

І як жа патрэбная нам цяпер — і краіне, і руху, і кожнаму мястэчку — тая правільнасць і грунтоўнасць, дакладны разлік і вырабленая паслядоўнасць, ясны адказ і здаровы глузд, якія ўклаў у моцных і талковых тэхнароў-беларусаў Творца ўсяго існага, Галоўны Інжынер Сусвету, Госпад Бог….

Каментары15

Цяпер чытаюць

Дзядок патлумачыў, чаму вызвалілі менавіта тых палітвязняў, каго вызвалілі24

Дзядок патлумачыў, чаму вызвалілі менавіта тых палітвязняў, каго вызвалілі

Усе навіны →
Усе навіны

«Ужо сіл няма глядзець на гэтыя цэны». Беларусы скардзяцца на кошт аўтобусных білетаў у Літву4

«Чувак дзела сказаў». Людзі масава падтрымалі студэнта-афрыканца9

Вы выкідваеце чэкі з крамаў у макулатуру? Вы жорстка памыляліся2

«Я дзейнічаў паспешліва і дапусціў некалькі памылак». Сяргей Ціханоўскі запісаў відэа пра 100 дзён на волі57

У Мінску прадаюць кватэру за $2,3 мільёна. Што прапаноўваюць за такія шалёныя грошы? ШМАТ ФОТА9

У Офісе Ціханоўскай пракаментавалі рашэнне знізіць узровень яе фізічнай аховы ў Літве17

Беларус прапусціў стартавы матч у НХЛ. У яго няма амерыканскай візы

Эксперты назвалі тры бытавыя прыборы, якія ні ў якім разе нельга ўключаць праз падаўжальнік11

«Падумаў, што недзе побач мядзведзь». Нобелеўскаму лаўрэату ў лічбавым дэтоксе ўсё ж паведамілі пра ўзнагароду2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзядок патлумачыў, чаму вызвалілі менавіта тых палітвязняў, каго вызвалілі24

Дзядок патлумачыў, чаму вызвалілі менавіта тых палітвязняў, каго вызвалілі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць