Літаратура44

Павел Касцюкевіч. Пазбаўлю ліцэнзіі! Апавяданне

Мінская кніжная выстава-­кірмаш — нешта сярэдняе паміж усходнім базарам, шпіёнскай яўкай і парталам у іншыя вымярэнні.

Як жа памыліцца той, хто скажа, што выстава — адно бессэнсоўна-цягнючае мерапрыемства для «птушачкі», чарговыя паказюкасы, зладжаныя нашым міністэрствам друку.

Мінская кніжная выстава­-кірмаш — месца вырашэння геапалітычных пытанняў. Усе дваццаць расійскіх стэндаў аплеценыя спіралепадобнымі антэнамі-гірляндамі для праслухоўвання натаўскіх субмарынаў.

Сярод кніжных паліц пахаджваюць паўмарфлотаўцы-паўказакі. У цельніках і бесказырках, але ў бурках, з кубанкамі набакір ды з шашкай нагала. Усе казакамаракі як на падбор поўныя георгіеўскія кавалеры.

Кніжныя прэзентацыі на расійскіх стэндах праходзяць так: спецыяльна падрыхтаваны дзядок з даўгім сівым карэ, перарываючы вядучага (але з ягонай ласкавай згоды), штопяцьхвілін падскоквае з месца і, трасучы кулаком у бок заходняй сценкі «Белэкспа», выгукае: «Нашу логіку ніхто не зможа спыніць!» або «Не — контрнаступу супраць гістарычнай праўды!»

Аднак, паколькі большасць беларускіх ультраправых — гэта аўтазаўскія гопнікі з максімальна скручанымі ўправа насамі — а такая публіка апрыёры не наведвае кніжных кірмашоў, — дык слухачоў на расійскіх прэзентацыях нягуста.

Стэнды Францыі і ЗША вылучае падкрэсленая раскоша, іх аграмадныя прасторы ўкрытыя пяшчотна-зялёным каўралінам, а ў зарасцях гіганцкіх бансаяў там­сям раскіданыя гіпсавыя статуэткі свабоды і эйфелевы вежы.

Тут можна разваліцца на пуфіку, задарма папіць бельгійскай мінералкі, паглядзець вестэрн без перакладу. Рабі, дружа, што хочаш — дэмакратыя! Прадстаўнікі гэтых стэндаў з напамажанымі валасамі і ў бліскучых лаўсанавых гарнітурах, да якіх нічога не ліпне, нагадваюць агентаў замежных выведак.

З нагрудных кішэняў у іх замест насовак на ўсякі пажарны крыху вытыркаюцца гафраваныя трубкі супрацьгазаў.

Заходнія літаратары на сустрэчах з мінскай публікай выціраюць спатнелыя лбы, збялелымі пальцамі сціскаюць падлакотнікі і, амаль не хаваючыся, вобмацкам правяраюць, ці не знікла кнопка наўпроставага катапультавання ў Парыж.

Гукальнік на Мінскай кніжнай выставе­кірмашы ніколі не абвесціць «украінскі пісьменнік», ці там «нямецкі» або «чэшскі». А толькі «зараз на стэндзе адбудзецца прэзентацыя вялікага славянскага паэта­шансанье Ёхарнага Кампота», ці «слынны еўрапейскі казачнік Клаўс Штраўс прадставіць мінскай публіцы кнігу сваіх дзіцячых жахаў».

Беларускія ж выстаўнікі на кірмашы — такія, як во гэты, нялітасцівым лёсам упхнуты паміж расійцамі і еўрапейцамі стэнд «Малой Энцыклапедыі імя В. Кнорына», — сама паліткарэктнасць. Вялізны — 3 м x 2 м — англамоўны фотаальбом пра Белавежскую пушчу, якім можна аглушыць дарослага зубра, ахоўвае заходнія рубяжы стэнда. З усходняга боку — ахоўны мур рускамоўнага фаліянта пра літвінскія гады жыцця Хвядоса з роду Дастаеўскіх.

Пасярэдзіне — папяровая копія трактара «Беларус-80» у натуральную велічыню і калоды гіганцкіх гуляльных картаў з партрэтамі Радзівілаў.

Прадстаўнікі беларускіх стэндаў абыякавыя да паспалітых наведнікаў. Уся іх увага прыкутая да суседзяў.

Як толькі які замежнік з усходняга боку выкажа папаўзнавенне, дык адказны за беларускі стэнд — якому згламэздалі нешта накшталт вышкі валейбольнага суддзі — дае адмашку чырвона­зялёна-залатой насоўкай.

На дарагога госціка накідваюцца прагныя маладаэнцыклапедысты і прафесійна тройчы цалуюцца. Калі ж выпадкова на суверэнную тэрыторыю забрыдаюць з польскіх ці нямецкіх стэндаў, дык нашы экспазітары цырымонна, як футбольныя капітаны на пачатку міжнароднага матча, у аднабаковым парадку абменьваюцца з замежнікамі зубачысткамі з лагатыпам Мінска.

У глыбінях залы, на стэндах недалучаных краін, адбываецца паступовы пераход з культуры ў акультнасць. Там гуртуюцца магі, звездары, прыхільнікі магілёўскіх Шамбал і эзатэрычнага панславізму.

Вось каля стэнда Туркестана шмат гадоў запар сядзіць адзін і той самы спадар. На ягоным стэндзе з гадамі нічога не змянялася: сцяг, партрэт павадыра і расшыты золатам зялёны том нацыянальнага эпасу. Пасля туркестанскі спадар вырашыў удасканаліцца: прывёз адно вялізнае фота, дзе былі знятыя сцяг і эпас, а сам сеў перад гэтым муляжом.

А летась спадар зрабіў кардонную копію сябе самога ў поўны рост, даслаў яе ў Мінск, а сам не паехаў. На жаль, усё скончылася кепска: наведнік, які хацеў пагартаць эпас, знёс у невядомым кірунку ўвесь муляжны стэнд разам са здымкам туркестанскага спадара.

Калі на пярэднім краі Мінскай кніжнай выставы­кірмаша вырашаюць геапалітычныя праблемы, у сярэдзіне — метафізічныя, дык у тыле валіць суцэльны шахер­махер.

Дзядкі ў касцюмах троляў рэкламуюць ношпу. Дзецям прапануюць зняцца з венесуэльскім какаду, а па вузкіх калідорах водзяць напаказ слана і шымпанзэ.Тут Карэя (і тая, і гэная), В’етнам ды Арменія.

Яны, канечне, паляпшаюць імідж вывешваннем пазітыўных фотак з хронік дзяржаўнага жыцця, але і адрывацца ад здаровага сэнсу не жадаюць. І кнігі выстаўляюць, і бальзамам «Зорачка», духмянымі спецыямі ды разліўным каньяком з­пад крыса актыўна гандлююць.

Раней адміністрацыя кірмаша абуралася, але ўрэшце махнула рукой. Адно сочыць, каб экспазітары ў першы дзень выставы пачыналі гандляваць не раней за другую гадзіну.

Да гэтага часу дэлегацыя, складзеная з міністаркі друку і яе атачэння — галоўнага пісьменніка краіны ды яшчэ ўсякіх­розных галоўных, — урачыста мусіць завяршыць агледзіны выставы.

Пад вечар першага дня наладжанасць побыту на выставе ўражвае. Са скрыняў і падручнай гліны злепленыя юрты і слабадскія халабуды. Брэх вясковых сабак.

Навасёлы па-гаспадарску пахаджваюць па зале ў сланцах і паласатых халатах, чысцяць зубы ў імправізаваных рукамыйніках і гатуюць чолнт.

Процілеглыя полы актыўна знаёмяцца. У другі дзень на стэндах праведзена кабельнае тэлебачанне плюс газіфікацыя ўсяго кірмаша. Свідруюцца артэзіянскія свідравіны. Халабуды абрастаюць дабудовамі, надбудовамі і бакоўкамі.

Пад цяжарам балконаў, верандаў і мансардаў простыя стрэлы кірмашовых радоў-вулак знікаюць і — вуаля! — у самым гістарычным цэнтры Мінска ўваскрасае Няміга, колісь сцёрты бээсэсэраўскімі бульдозерамі з аблічча сталіцы айчынны чайна­таўн.

У трэці дзень па бетоннай падлозе выставы­кірамаша на крывых ножках ужо бегаюць немаўляты. Дзеткі растуць на вачах і пад вечар замяняюць бацькоў за прылаўкамі.

Такім парадкам за чатыры дні ў сценах кірмаша паспявае ўзнікнуць і ўзбуяць чалавечая цывілізацыя, прайсці шлях ад кнігі да кішэннага міксера. Што тут сто разоў казаць — завітайце хоць раз на Мінскую кніжную выставу­кірмаш! Тут ідзе жывое някніжнае жыццё.

* * *

Але сёлета сталася неспадзяванка. Ці то з­за непераведзенага гадзінніка, ці то з­за затрымкі найяснейшай дэлегацыі каля лесу з картамі-гігантамі, экспазітары пачалі абжываць тэрыторыю кірмаша тады, калі міністарка друку яшчэ рабіла свае манаршыя агледзіны.

— Пазбаўлю ліцэнзіі! — засычэла міністарка, убачыўшы спажывецкае ажыўленне ў задніх шэрагах.— Пазбаўлю ліцэнзіі!

Яе бландыністы грабеньчык-зачос нервова затрэсся па-над устрывожаным ілбом.

— Ну, вы самі ўсё разумееце… — расчулена заклекатаў спірычуэлс, складзены з галоўнага пісьменніка краіны ды яшчэ ўсякіх­розных галоўных. Міністарка паўтарыла ўжо праз міністэрскі мацюкальнік у бок суседняга стэнда, прыватнага выдавецтва «Скарынка»:

— Пазбаўлю ліцэнзіі!

Аглушаны мацюкальнікам мужчына з прыкметамі выдавецкай дзейнасці на твары гахнуўся на падлогу.

І пачалося! — кнігары сталі падаць, як мяхі з бульбай.

Міністарка разгулялася напоўніцу. Яна пазбаўляла ліцэнзіі нават недатычных да друкарскай справы. Гінулі прадаўцы курагі, дзядкі ў касцюмах троляў і запрошаны на прэзентанцыю Ёхарнага Кампота мужчына з сівым карэ.

Да зрынутых далучыліся прадстаўнікі дыпкорпусу. Бразнуліся долу, а іхнія даверчыя граматы, што вытыркаліся з кішэняў, парассыпаліся на дробныя шматкі.

Валіліся казакамаракі, сціскаючы свае дзіўным чынам абнулелыя ордэнскія кніжачкі на георгіеўскія крыжы. Замежныя нуль-нуль-семы ўвогуле згаралі дашчэнту з лаўсанавымі гарнітурамі і адгазнікамі ў камплекце — ліцэнзія на забойства іх не ратавала.

Людзі на выставе­-кірмашы гінулі ад міністэрскага мацюкальніка дзясяткамі і сотнямі. Бо, як высвятляецца, кожны жыхар нашай краіны мае папяровы дазвол хоць на што. (Вось адкуль у зацішнай Беларусі бяруцца магутныя ўраганы: баючыся за гэты лапік паперкі, шчаслівыя ўладальнікі ліцэнзіі спасярод ночы часта прачынаюцца і масава ўздыхаюць на поўны голас).

— Пазбаўлю ліцэнзіі!

— Ну, вы самі ўсё разумееце! — рэхам адгукаўся пісьменніцкі спірычуэлс.

Начос на галаве міністаркі палаў, як вогненны грэбень, і цяпер яна нагадвала агнядышнага кітайскага цмока, выява якога вянчала кітайскую альтанку і, дарэчы, таксама абрынулася долу з­за адсутнасці ў кітайцаў дазволаў на будаўніцтва.

І вось у слупе вогненным міністарка і яе спеўная світа наблізіліся да паэта. Паэт якраз голасна і нават крыху агрэсіўна даводзіў выдаўцу пра мэтазгоднасць друкавання новай кнігі вершаў, калі з таго вогненнага слупа вылецела смяротнае: «Пазбаўлю!…»

Паэт страпянуўся. Павярнуў галаву — агонь асвяціў твар. Зіркнуўшы няўцямна на свайго выдаўца, што як падкошаны зваліўся, паэт нарэшце агледзеўся.

Побач стаяла толькі міністарка з атачэннем, а наўкола рассцілаўся цэлы дыван выдаўцоў, гадляроў сухафруктамі, казакамаракаў і дзеячаў нябачнага фронту. Дыван трохі падрыгваў ножкамі ў перадсмяротных курчах.

Паэт не зварухнуўся, хаця ад цеплавога ўдару затлеў беражок каўняра яго абцёрханай клятчастай кашулі. Міністарка з недаверам агледзела паэта ад макаўкі да пятаў і паўтарыла свой страшны заклён. Далікатнай пстрычкай паэт скінуў жарынку з каўняра і паволі вымавіў:

— Шаноўная спадарыня міністарка, таго, чаго вы мяне хочаце пазбавіць, у мяне папросту няма.

***

Павал Касцюкевіч

Пісьменнік. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Гедройца (2012). Жыве ў Мінску.

Каментары4

Цяпер чытаюць

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

Усе навіны →
Усе навіны

Мінская сям'я хацела схітраваць і ўплішчыцца ў чаргу на кватэру, але не атрымалася2

Трамп: Пуціну не трэба сустракацца з Зяленскім перад сустрэчай са мной2

«Уэнсдэй» вярнулася! Ці не расчаруе другі сезон папулярнага серыяла ад Netflix?1

Усяго 15 хвілін хуткай хады штодня могуць падоўжыць ваша жыццё3

У ЗША назвалі пяць магчымых сцэнарыяў заканчэння вайны ва Украіне3

Ціханоўскі расказаў, што адбывалася на Валадарцы 9 жніўня 2020 года11

З вальера заасада ў Пухавіцкім раёне на вачах у наведвальнікаў збегла ваўчыца

МАРГ здзівіўся, што ў «Санты» ўсё надта добра, і пайшоў туды з праверкамі4

Драць ці таркаваць? Капаць ці выбіраць? Разбіраемся ў беларускай бульбе3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць