Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»77

Асаблівасьці сочынскіх трасаў, або Трое на аднаго

Візыт Лукашэнкі ў Расею камэнтуе ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Чуткі спраўдзіліся: Лукашэнка і Пуцін сустрэліся ў Сочы. Калі болей дакладна, то расклад быў "трое на аднаго".

© РИА Новости

Паводле прэсавай службы беларускага кіраўніка, сустрэча 3 лютага ёсьць "лягічным працягам кантактаў у межах дамоўленасьцяў, дасягнутых у сьнежні 2007 году ў Менску". Пікантнасьць жа ў тым, што аналітыкі дасюль гадаюць, пра што два прэзыдэнты насамрэч дамовіліся тады. І чаму Пуцін у выніку выглядаў шчодрым, як сьвяты Мікалай (крэдыт на паўтара мільярды даляраў на льготных умовах, газ па 119 даляраў на першы квартал сёлета і г.д.).

Што мог паабяцаць у сьнежні беларускі бок? Вэер вэрсыяў — ад зялёнай вуліцы расейскаму капіталу (і ён ужо прэ, асабліва ў банкаўскую сфэру) да аб'яднальнага рэфэрэндуму.

Аўтар гэтых радкоў далёкі ад думкі, што айчыннае начальства ну проста сьпіць ды бачыць, як спрытней "здаць краіну". Але самае прыкрае тое, што ніводзін варыянт разьвіцьця падзей, уключна з самым незайздросным для лёсу незалежнасьці, ня можа быць выключаны. Няма празрыстасьці ў стасунках з Крамлём (рытуальным заклінаньням даўно ніхто не дае веры), няма гарантыяў нашага сувэрэнітэту (думаеце, калі што, Захад касьцьмі ляжа?), няма мэханізму грамадзкага кантролю над дзеяньнямі кіроўнае вярхоўкі (палітычнае поле ў краіне проста выпаленае).

Між тым Беларусь па-ранейшаму трывала сядзіць на йголцы нафтагазавай залежнасьці (мэнзурка "чорнага золата" з даліны Арынока можа разглядацца хіба што як музэйная каштоўнасьць). Калі замову на АЭС аддадуць "Атамбудэкспарту", то энэргетычная (а значыць і палітычная) залежнасьць ад Масквы толькі ўзмоцніцца. І тады наступнік Пуціна Мядзьведзеў элемэнтарна даб'е "беларускае пытаньне" паводле даўно напісанага ў Крамлі сцэнару.

 www.vesti.ru

Дарэчы, гэтым разам у Сочы Лукашэнка меў гутарку зь Мядзьведзевым аж двойчы. Спачатку, нібыта між іншым сутыкнуўшыся ў гарналыжным цэнтры, яны абмеркавалі, як прагучала па НТВ, "асаблівасьці сочынскіх трасаў". А потым гэтак сама "між іншым" будучы гаспадар Крамля зазірнуў на агеньчык у "Бачараў ручай", дзе вялі гутарку два дзейныя прэзыдэнты. Звыш таго, завітаў і прэм'ер Зубкоў. Як дасьціпна зазначыў аглядальнік Аляксандар Зайцаў, "трое на аднаго, канешне, несумленна, але, можна меркаваць, вельмі эфэктыўна".

На думку расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава, "перад Лукашэнкам было пастаўлена пытаньне – зь кім ён? Альбо ён далей разьвівае інтэграцыйны праект, альбо ён займаецца сваёй дзяржавай і ніякіх адносінаў да Расеі ня мае. Сытуацыя павінна быць вырашаная, тым больш напярэдадні прыходу да ўлады новай эліты".

Для прэсы ж Пуцін на той сустрэчы гучна парадаваўся нябачанаму двухбаковаму таваразвароту — 25 мільярдаў даляраў (калі болей дакладна, то нават 26 з гакам). Нам жа тут хутчэй плакаць варта, бо менавіта ў гандлі з Расеяй маем катастрафічнае адмоўнае сальда — аж 8,3 мільярду! Лукашэнка ў гэтым кантэксьце стрымана зазначыў, што нам яшчэ "трохі пашэнціла, цэны на харчаваньне падскочылі". Маўляў, нашы сельгасвытворцы на гэтым падзарабілі. Зноў жа невядома, радавацца ці плакаць, бо родны ўрад пад маркай выраўноўваньня прадуктовых цэнаў з суседзкімі борзьдзенька ўздымае кошт харчоў у нашых крамах.

Яшчэ з канкрэтыкі: беларускі кіраўнік сьціпла папрасіў, каб нашым адмыслоўцам далі магчымасьць пабудаваць у тых мясьцінах хоць адзін з 70 алімпійскіх аб'ектаў. Маўляў, створым тут вам "куток Беларусі".

Што ж, зарабіць на выгаднай будоўлі не зашкодзіць. Адно што точыць трывога: каб да той Алімпіяды з самой Беларусі не зрабілі "куток Расеі".

Каментары7

Цяпер чытаюць

Сакрэтнае дзяржаўнае апытанне 2020 года — Бабарыка перад арыштам дагнаў Лукашэнку па рэйтынгу

Сакрэтнае дзяржаўнае апытанне 2020 года — Бабарыка перад арыштам дагнаў Лукашэнку па рэйтынгу

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп хоча прапанаваць Пуціну за спыненне вайны рэдказямельныя мінералы9

У Татарстане затрымалі «дыверсантаў» з дронамі. Аказалася, што гэта свае2

Археолагі настойваюць, каб у Беларусі забаранілі металашукальнікі4

У Літве ўрад аб'явіў бітву за ўраджай4

Трамп пагражае Пуціну «сур'ёзнымі наступствамі», калі той адмовіцца спыніць вайну пасля саміту на Алясцы11

«Белпол» паспрабуе зрабіць, каб у Германіі прыцягнулі да адказнасці бабруйскага садыста Шынвізэ15

У Беларусі ўжо зрабілі чатыры ўмацаваныя раёны3

У расійскім МЗС патлумачылі, з якой пазіцыяй Пуцін паедзе на Аляску5

У Польшчы трох беларусаў судзяць за падпалы гандлёвых цэнтраў4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сакрэтнае дзяржаўнае апытанне 2020 года — Бабарыка перад арыштам дагнаў Лукашэнку па рэйтынгу

Сакрэтнае дзяржаўнае апытанне 2020 года — Бабарыка перад арыштам дагнаў Лукашэнку па рэйтынгу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць