Майстар, які ўзнавіў крыж Еўфрасінні Полацкай, стварае ўнікальную серыю абразоў для касцёлаў Беларусі
У сеціве з'явіўся новы паблік — пра серыю з 12 «абразоў-сясцёр». Гэта незвычайныя для Беларусі іконы, якія пакуль яшчэ не ўсе вырабленыя, бо працэс стварэння кожнай — у сярэднім 6‑8 месяцаў. На гэты момант гатовыя 7 лікаў святых, піша Katolik.life.

Абразы вырабляюцца з выкарыстаннем тэхнікі перагародкавай эмалі, уключаючы тэхніку старажытнавізантыйскай эмалі. Асноўнымі матэрыяламі для абразоў з'яўляюцца золата, срэбра, каштоўныя і напаўкаштоўныя камяні.

Аўтар унікальных абразоў — заслужаны мастак Беларусі Мікалай Кузьміч, які ў 1997 годзе ўзнавіў знакаміты крыж Еўфрасінні Полацкай.

Новыя абразы з гэтай серыі, прызначаныя для касцёлаў Беларусі, нядаўна блаславіў кардынал Клаўдыё Гуджэроці. А праз адзін абраз, як сцвярджаецца, ужо здарыліся цуды.

Першы абраз з серыі — святой Барбары, якая знаходзіцца ў каталіцкім храме ў Ружанах. Другі — Маці Божая Валадарка Лясоў. Ён не мае аналагаў і выраблены спецыяльна для касцёла ў Пружанах.

Інфармацыі пра наступныя абразы пакуль няма, але некаторыя звесткі можна знайсці на старонцы ювелірнай галерэі Мікалая Кузьміча і ягонага сына Пятра.

Там паведамляецца, што 25 кастрычніка падчас урачыстасцяў у Пінску прэфект Дыкастэрыі па справах усходніх цэркваў у Ватыкане кардынал Клаўдыё Гуджэроці блаславіў новыя абразы Кузьмічоў — святога Мікалая, святой Веранікі і Вастрабрамскую ікону Божай Маці (апошняя — верагодна, па-за межамі гэтай серыі). Гэтыя іконы прызначаныя для новых храмаў Пінскай дыяцэзіі.

Раней былі створаныя абразы святога Казіміра, святога Губерта і Арханёла Міхала.

Каментары