Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»

Васілевіч у ролі "добрага сьледчага"?

Перамена месцамі двух юрыстаў, бадай, усё ж мае нейкі сэнс. Разважае ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Аналітыкі пасьпелі паіранізаваць ужо над кадравай ракіроўкай мінулай пятніцы. Былы генэральны пракурор Міклашэвіч узначаліў Канстытуцыйны суд, а былы кіраўнік КС Васілевіч — наадварот, Генпракуратуру. Са слоў Валера Карбалевіча, гэта цалкам у рэчышчы айчыннай кадравай палітыкі, калі "дырэктара банку можна прызначыць дырэктарам лазьні і наадварот".

Яшчэ дадаюць наконт кароткай лаўкі запасных. Плюс зазначаюць, што тасаваньне кадравай калоды патрэбнае дзеля таго, каб намэнклятурным тузам служба мёдам не здавалася ды каб не абрасталі кланавымі сувязямі.

Але ў дадзеным выпадку, бадай, ці не вызначальным ёсьць іміджавы момант. Сапраўды, Рыгор Васілевіч для многіх — інтэлігентны, падкрэсьлена цывільны законьнік у белых (ці амаль што белых…) пальчатках. Суворага Пятра Міклашэвіча прывыклі бачыць у пагонах.

Запомнілася, у прыватнасьці, прэсавая канфэрэнцыя сілавога трыюмвірату — Міклашэвіч, Навумаў, Сухарэнка — напярэдадні Плошчы-2006. Дакладней, тады мы яшчэ ня ведалі, што будзе Плошча, а яны, людзі ў пагонах, вэрбальна рабілі ўсё, каб публіка сто разоў падумала, ці варта лезьці на ражон… (Дзеля справядлівасьці адзначым, што па-за канкурэнцыяй быў тагачасны старшыня КГБ з расповедам пра "мэтад дохлага пацука":) ды пагрозамі пакараньня аж да расстрэлу. Міклашэвіч жа, матывуючы забарону на масавыя мерапрыемствы, дыпляматычна апэляваў да прэцэдэнту крывавай цісканіны на Нямізе ў 1999 годзе.)

Зразумела, што і Міклашэвіч, і Васілевіч — людзі Сыстэмы. Але калі першы ў вачох Эўропы ды нашай незалежнай грамады хоцькі-няхоцькі асацыюецца з рознымі малапрывабнымі рэчамі кшталту палітычных рэпрэсіяў (за што і трапіў у сьпіс невыязных), то другі, як ні круці — з выступам у абарону беларускай мовы ды скасаваньнем дазвольнага штампу на выезд.

Усе ведаюць клясычную гульню ў злога і добрага сьледчага. Дык мо' цяперашняя ракіроўка мусіць прадэманстраваць Захаду "добрага сьледчага" на пасадзе кіраўніка Генпракуратуры — структуры дэ-факта непараўнальна болей важкай і ўплывовай, чым КС?

Новаму яе начальніку фармальна можна з чыстага аркуша пачынаць і вывучэньне спраў тых самых палітвязьняў. Экс-адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч зазначае, што "фармуляваньне генпракурорам Васілевічам праўнай пазыцыі ў справе Аляксандра Казуліна з вызваленьнем галоўнага палітзьняволенага стала б яркім дэбютам на ягонай новай пасадзе…".

Канешне, наіўна лічыць, што нейкі чыноўнік у нас можа ладзіць самастойную гульню. Але ў кантэксьце цяперашняга "рэнэсансу" заходняга вэктару сапраўды можна чакаць нейкіх новых крокаў, закліканых прадэманстраваць аслабленьне брутальнасьці рэжыму ў дачыненьні да палітычных апанэнтаў.

Нават калі ў выніку гэта зьвядзецца толькі да паказальнага вызваленьня двух-трох чалавек, то кадравую ракіроўку можна лічыць апраўданай.

Увогуле ж маюць рацыю тыя назіральнікі, што зазначаюць: на новай пасадзе спадару Васілевічу будзе значна цяжэй карыстацца белымі пальчаткамі. Наперадзе новыя выбары ды іншыя ўсплёскі палітычных жарсьцяў, якім наша ўлада прывыкла даваць рады вожыкавымі рукавіцамі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа4

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі восем немаўлят да года наведваюць дзіцячы сад1

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем12

Мінчанка расказала, дзе пазнаёміцца з перспектыўнымі хлопцамі ў сталіцы14

Ціханоўскі насмажыў катлет на фестывалі «Тутака»43

Наколькі дакладна можна прадказаць надвор'е на месяц? І чаму дагэтуль не папярэджваюць пра тарнада за дзень?5

З'явіцца новая дзяржава — Новая Каледонія3

Заробак 73 рублі? На заводзе патлумачылі, адкуль у іх такія вакансіі

Француз пераехаў з Ніцы ў Мінск і адкрыў пякарню12

У Мінску купілі дом за 3 мільёны даляраў. Ён у тым раёне, дзе жыве Эйсмант1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа4

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць