Здарэнні

Як масквіч Даўшан супрацоўнічаў з беларускім КДБ — рэпартаж з залы суда

У Вярхоўным судзе працягваецца працэс Белкаапсаюза.

Судзяць былых кіраўніка Белкаапсаюза Сяргея Сідзько, начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Белкаапсаюза Дзмітрыя Калодзезнага і яго намесніцу Элеанору Сізук, намесніка дырэктара фірмы «Адонісбудсэрвіс» Уладзіміра Ленскага, дырэктара фірмы «Саната-Буд» Аляксандра Дранькова, грамадзяніна Украіны Андрэя Турчанку, супрацоўніцу агенцтва па нерухомасці Ларысу Браздзецкую. Адны, згодна з абвінавачаннем, вымагалі хабар, другія — давалі, трэція — бралі.

Пра пачатак працэсу «Наша Ніва» расказвала раней.

Цяпер дапыталі Браздзецкую, якая праходзіць па эпізодзе з вымаганнем 500 тысяч даляраў для кіраўніцтва Белкаапсаюза. Жанчына, дарэчы, каля двух гадоў была ў вышуку, пакуль вялося расследаванне.

Армія з пасрэднікаў

Ларыса Браздзецкая нарадзілася ў 1963 у Новачаркаску. У Беларусь прыехала па размеркаванні пасля геолагаразведвальнага тэхнікума. Разведзеная. Ад 1999-га пачала працаваць у рыэлтарскіх агенцтвах.

«Я кантактавала са многімі агентамі: у нас прынята абменьвацца інфармацыяй. А ў той час [пачатак 2013] стала нерухомасць — не было продажаў. І мне патэлефанавала Вольга Варэннікава: сказала пра будынак на вуліцы Татарскай, 1200 квадратных метраў, які прадае яе знаёмы. Я пачала ўсім расказваць пра гэты аб’ект. Ім зацікавіўся агент Сяргей Церыкаў», — расказала жанчына.

Ёй паабяцалі камісійныя ($10,000), калі знойдзе кліента. Будынак прадавалі за 1,5 мільёна даляраў. Але з умовай, што траціну трэба перадаць у выглядзе задатку, астатняе ж пералічыць на рахунак Белкаапсаюза пасля падпісання дамовы.

Будынак на Татарскай, за які прасілі «адкат». Фота Сяргея Гудзіліна.

У Церыкава акурат з’явіўся патэнцыйны кліент. Церыкаў прапанаваў выставіць цану $1,68 мільёна: маўляў, будуць таргавацца, каб было з чаго скінуць, а што застанецца звыш — пойдзе на камісійныя.

Такая вось рыэлтарская схема: Варэннікава — Браздзецкая — Церыкаў. І кожны пасярэднік разлічваў атрымаць куш. Але гэта не ўсё. Браздзецкая атрымлівала звесткі пра будынак ад Варэннікавай, тая — ад Арсена Пархімовіча (выглядае, што гэта таксама пасярэднік), Пархімовіч — ад Андрэя Турчанкі (называўся работнікам Белкаапсаюза, але не быў ім), апошні звязваўся ўжо з Дзмітрыем Калодзезным.

І ў гэтай схеме кожны таксама разлічваў на грошы. Браздзецкая пасля пачала кантактаваць з Пархімовічам і Турчанкам наўпрост.

Першым патэнцыйным пакупніком у лютым 2013 стаў Ілля з Масквы. Праўда, ён не мог зразумець, як перавесці 500 тысяч задатку. Тады ўзнікла схема з банкам у Рызе: грошы кладуць на рахунак, з якога прадавец зможа іх зняць толькі пасля заключэння дамовы аб продажы. Але бізнэсовец хацеў убачыць арыгіналы дакументаў на будынак перад пераводам грошай. А іх так і не паказалі. У выніку ўгода не адбылася.

Падсадны масквіч

Але ўжо ў сакавіку 2013 Браздзецкай патэлефанаваў Валерый Жаўняроўскі — шукаў памяшканне пад офіс для свайго расійскага кампаньёна. З прапанаваных спыніўся акурат на будынку па Татарскай.

Тут і аказалася, што Браздзецкая ўжо была пад наглядам спецслужбаў. Андрэй Турчанка на судзе заявіў, што пасля знаёмства з матэрыяламі справы ўбачыў цікавую дэталь: у сакавіку 2013 размовы Браздзецкай праслухоўваліся. «Там гаворыцца Жаўняроўскаму і Даўшану канкрэтна: трэба даваць хабар кіраўніцтву Белкаапсаюза», — гэта да пытання пра тое, ці ведала жанчына пра хабар. Бо сама яна цяпер адмаўляе: маўляў, 500 тысяч даляраў успрымала звычайным, хоць і вялікім, задаткам.

Андрэй Турчанка прызаў віну яшчэ ў пачатку працэсу. Фота Сяргея Гудзіліна.

«Яны [Жаўняроўскі і Даўшан] ведалі [пра хабар], іначай гэтых людзей проста не ўзнікла б», — лічыць Турчанка.

Выходзіць, тэлефон масквіча Іллі маглі праслухоўваць. І пачулі там пра вялізны хабар, які яму прапаноўвалі даць у выглядзе задатку, зацікавіліся. Магчыма, яму прапанавалі супрацоўнічаць. А калі ён адмовіўся, увялі новых пакупнікоў. Сама Браздзецкая кажа, што Жаўняроўскі — сапраўдны бізнэсовец, Пётр Даўшан — «супрацоўнік КДБ».

Даўшан адмовіўся ад схемы з рыжскім банкам: прапаноўваў беларускі, але яго забракавалі ўжо прадаўцы. «Хоча — можам у чамаданчыку ад ноўтбука прынесці грошы. Але каб была сумленная і законная ўгода», — узгадвае словы масквіча Браздзецкая. Прапаноўваў нават паехаць у Расію, каб «адлічыць грошы».

А пасля прасіў у якасці гарантыі сустрэчу са службовай асобай. Яна прайшла ў Белкаапсаюзе 4 красавіка 2013. Толькі бізнэсоўцаў папярэдзілі, каб ніякіх размоў пра грошы не было. Прымаў іх Калодзезны. Але кантракт усё зацягваўся і рыэлтарка пачала адыходзіць ад работы. Яна ўжо не спадзявалася атрымаць свае прэміяльныя за будынак. «Летам, не помню даты, патэлефанаваў мужчына, назваўся з КДБ. Але дзе я, а дзе КДБ. Ён сказаў, што зараз пад’едуць пагаварыць. Я папрасіла выслаць позву».

Мабільнік тады адключыла, а затым і згубіла, кажа. Сваю кватэру вырашыла здаваць, а для сябе ў знаёмай зняла пакой. Там яе і затрымалі ў студзені 2015.

Арышты ж па справе Белкаапсаюза адбыліся яшчэ ў ліпені 2013. У працэсе абвешчаны перапынак на нявызначаны тэрмін: Калодзезны лёг у бальніцу. Між іншым, ні ён, ні Сяргей Сідзько яшчэ не давалі паказанняў на судзе.

Глядзіце таксама: У Мінску «чорныя лабісты» бралі адкат у памеры 10% ад падраду за перамогу ў дзяржаўных тэндарах

Каментары

Цяпер чытаюць

«У Віцебску заходзіў у тралейбус і казаў «Слава Украіне!». Украінца ў 67 гадоў пасадзілі за каменты, напісаныя пасля гібелі хроснай дачкі пад абстрэлам у Кіеве9

«У Віцебску заходзіў у тралейбус і казаў «Слава Украіне!». Украінца ў 67 гадоў пасадзілі за каменты, напісаныя пасля гібелі хроснай дачкі пад абстрэлам у Кіеве

Усе навіны →
Усе навіны

Вясельнага фатографа з Мінска асудзілі па трох палітычных артыкулах, назвалі тэрарыстам і пасадзілі ў калонію2

Ва Украіне з'явіліся новыя банеры, адрасаваныя беларусам9

Антонаўка даражэйшая за бананы. Пачым цяпер прадаюць яблыкі?6

На польскай мяжы знікла чарга з легкавых аўтамабіляў1

Павел Дураў кажа, што яго атруцілі ў 2018 годзе: Я не мог дыхаць і нічога не бачыў. Думаў, гэта канец4

Берлінскі беларус напісаў, як у Мінску бедна, тандэтна і нудна. Яму рэзка адказаў Стась Карпаў59

«Чытала, што вашы хлопцы — супермены». Беларус паляцеў у Інданезію і там пазнаёміўся з жонкай4

Як супакоіць сверб без чухання — навукова даказаны метад2

«Я ўмею забіваць. Тут мяне за гэта не асудзяць». Ва УСУ таксама служаць зняволеныя, якія прамянялі турму на поле бою3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«У Віцебску заходзіў у тралейбус і казаў «Слава Украіне!». Украінца ў 67 гадоў пасадзілі за каменты, напісаныя пасля гібелі хроснай дачкі пад абстрэлам у Кіеве9

«У Віцебску заходзіў у тралейбус і казаў «Слава Украіне!». Украінца ў 67 гадоў пасадзілі за каменты, напісаныя пасля гібелі хроснай дачкі пад абстрэлам у Кіеве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць