Музыка2929

Зміцер Вайцюшкевіч: Калі сюды прыйдзе Расія, мяне да сценкі паставяць

Беларускі музыка Зміцер Вайцюшкевіч атрымаў паўгадавую стыпендыю Міністэрства культуры Польшчы і ўжо некалькі месяцаў жыве ў Варшаве. Падчас кароткага візіту ў Беларусь, перад канцэртам у Вільні 14 мая, Вайцюшкевіч распавёў «Нашай Ніве», чым ён займаецца ў польскай сталіцы, чаму не выступае на радзіме і што палохае беларускага музыку сталага веку.

Фота - Аляксандра Літвінчук, ultra-music.com

«Наша Ніва»: З якой нагоды вы сёння завіталі ў Беларусь?

Зміцер Вайцюшкевіч: Я прыехаў па сямейных справах, ну і будуць нейкія канцэрты ў Беларусі: у якіхсьці лясах, на якіхсьці там фірмах. І да ўсяго трэба ў доме на Нёмане парадкі навесці: касіць, пілаваць дрэвы.

Яшчэ вось на днях будзе такая імпрэза — скажу вам пад сакрэтам — хлопец хоча зрабіць дзяўчыне прапанову, падарыць пярсцёнак. Ну, а я буду ў кустах чакаць, пакуль ён падорыць, а потым выскачу з песняй (смяецца).

«НН»: А калі не сакрэт, колькі каштуе, каб Зміцер Вайцюшкевіч выскачыў з кустоў?

ЗВ: Ну, не танна. Але мы дамовіліся з маладым на такі «нізкі прайс» цяпер і досыць немалы падчас вяселля.

«НН»: Добра. Раскажыце тады пра вашае жыццё ў Польшчы і ўвогуле пра гэтую стыпендыю.

ЗВ: Гэта ўсё прыдумала мая жонка, я і падаў заяўку. Тым больш гэта такі «апошні шанец», бо мне 45 у гэтым годзе, а гэта якраз максімальны ўзрост для ўдзельнікаў. Я напісаў, што хачу займацца музычным тэатрам. І вось, мяне ўзялі.

Мне аплачваюць кватэру ў самым цэнтры Варшавы, я маю грошы, каб нармальна там жыць і развівацца. Нада мною няма аніякага бізуна ці начальніка — я магу займацца чым сам хачу. Высветлілася, што я для іх такі чалавек аўтарытэтны, і мне сказалі: «Нех пан робіць цо хцэ».

Сёння я займаюся ў Варшаве тым, што сабе выдумаў на будучыню. Можна сказаць, рыхтую сабе пляцоўку для працы ў Польшчы. Каб была прафесійная пляцоўка, з прафесійнымі дырэктарамі, менеджарамі, якія будуць у стане рабіць мне раз на месяц там некалькі канцэртаў ці раз на некалькі месяцаў ладзіць тур па Польшчы.

Таксама я хаджу на спектаклі, бо маю мару стварыць тэатр беларускага мюзікла, тэатр, дзе будуць спяваць беларускія песні. Я разумею, што мне стварыць свой прыватны тэатр у Беларусі наўрад ці пакуль магчыма…

«НН»: Дык а дзе ж вы яго тады створыце? У Польшчы?

ЗВ: Ха! (Смяецца). Праз дваццаць гадоў, калі ўсё зменіцца, я атрымаю нейкі будынак. Мы яго адрэстаўруем, я ўжо буду мець досвед і назапашаны вопыт. І славу ва ўсім свеце (пасміхаецца).

«НН»: Будынак КДБ, напрыклад?

ЗВ: Ага, вось, бачыце, ужо загаловак добры — «Вайцюшкевіч хоча стварыць тэатр у будынку КДБ».

«НН»: Так, ці «На Акрэсціна будуць мюзіклы».

ЗВ: Вось! Лепшай прамоцыі для Беларусі не прыдумаеш.

«НН»: А калі сур’ёзна, то што з тэатрам? Назапашваеце досвед дзеля досведу?

ЗВ: Не, ну гэта ж усё роўна карысна, бо я працую з аўдыторыяй, а кожны музыка ў той ці іншай ступені таксама акцёр.

«НН»: Але ж у Беларусі вы тэатр насамрэч не створыце.

ЗВ: Ведаеце, калі мне было 25 гадоў, я вельмі хацеў як мага хутчэй стаць багатым, папулярным і шчаслівым адначасова. А ў гэтым годзе мне будзе 45, і да ўсяго стаўлюся ўжо спакойна. Дасць Бог — будзе жыццё. Я ўжо не спяшаюся, падыходжу да важных справаў грунтоўна. У свой час я вёў перадачу на радыё «Рацыя», дык распрацаваў там такую думку, што за 20 гадоў любому можна падрыхтавацца і ў прэзідэнты пайсці. Стварыць там сваю партыю ці нейкі рух.

«НН»: Дык, можа, і варта было б?

ЗВ: У нас небяспечна. У гэтым сэнсе мне больш падабаецца такая местачковасць, «хутарскасць». Я больш хацеў бы дажыць да сталага веку і застацца ў добрым стане, каб крытыкаваць тых дэмакратаў, якія прыйдуць. Маўляў, былі гады, калі мы тут былі забароненыя, а вы што? Але, калі сур’ёзна, то я не думаю пра кар’еру палітыка.

«НН»: Толькі таму, што гэта небяспечна?

ЗВ: І таму, і яшчэ таму, што мне ўсё ж цяпер цікавей займацца ўдасканальваннем сябе і таго, што вакол мяне: сям’я, мой хутар Вайцюшкі… Але думаю, каб я хацеў і склаліся ўмовы, то можна было б паспрабаваць. Вось у Польшчы музыка Кукіз паказаў добрыя вынікі. Можа, і ў нас музыка змог бы адказаць на запыт людзей. Усё ж паціху рухаецца. Пытанне, канечне, куды?

«НН»: А куды?

ЗВ: Ну, ёсць небяспекі сёння. Першая — страціць незалежнасць. Гэта цяпер проста ў паветры адчуваецца. Ёсць небяспека, калі гэта адбудзецца, быць рэпрэсаваным. Мне здаецца, такія спісы эліт існуюць.

«НН»: У каго яны існуюць? У тых, хто прыйдзе па нашу незалежнасць? То бок у Расіі, вы ж пра яе кажаце?

ЗВ: Так, калі прыйдзе Расія, мяне могуць рэпрэсаваць. І добра калі так, а не наўпрост да сценкі паставяць. Ёсць такая небяспека, бо калі яны прыйдуць, то будуць зачышчаць «не тых» людзей, таксама як і савецкая ўлада ў свой час.

«НН»: А калі казаць пра нашыя спісы — вы ж ужо колькі гадоў не можаце зладзіць канцэрт у Беларусі. Не стаміліся ад такога? Мо прасцей было б адкрыць нейкі бізнэс і жыць сабе ціхенька. Фалафельную, напрыклад?

ЗВ: Варыянтаў, насамрэч, шмат. Мне прапаноўвалі застацца ў Амерыцы, у Польшчы, у Парыжы. Прычым я б і там жыў сваёй творчасцю… Але ж мяне трымаюць тут Вайцюшкі, труны маіх бацькоў… І слухачы.

«НН»: А што трэба вам зрабіць, каб улада перастала забараняць вашы выступы?

ЗВ: Вось не ведаю. Гэта ўвогуле ўсё дзіўна, бо я адзіны музыка, які славіць у свеце менавіта беларускую паэзію. Да таго ж я самы харошы беларускі музыка! Я так фільтрую базар, што о-го-го! Бо, сур’ёзна, я ж усё ж выступаю часам у розных месцах і разумею, што праз мае не тыя паводзіны арганізатары могуць страціць працу. Я ж таксама заўсёды кажу, што чырвона-зялёны сцяг мне не замінае, але вы толькі не перашкаджайце майму бел-чырвона-беламу. Хай яны нават ідуць разам, нічога страшнага тут няма.

Але ж… Усё роўна мне выступаць не дазваляюць. Таму ладжу канцэрты за мяжой. Вось, буду спяваць у віленскай Ратушы 14 мая. Прэзентую новыя песні з альбома «Камета» на вершы чэшскага паэта і барда Яраміра Нагавіцы. У Вільні магу. У Мінску — чамусьці не.

Увогуле, ёсць такі палітычны тэрмін: «лізнуць». Дык я так, як трэба, «лізнуць» не змагу. Дамовіцца па-чалавечы спробы былі — нічога не далі. Можа, яшчэ паспрабую. А «лізнуць» і прагінацца я сабе дазволіць не магу.

Дарэчы, збіраюся пісаць такую кнігу: «Дапаможнік забароненага артыста». Як жывецца, што рабіць, дзе можна выступіць… Можа, будзе карыснай каму.

«НН»: А ўвогуле, дзяржава павінна дапамагаць артыстам? Ці ёй зусім не трэба лезці ў гэта?

ЗВ: Ну, некаторыя дзяржаўныя мужы прапаноўвалі мне зайсці да іх «на каньячок»… Павел Якубовіч, галоўны рэдактар «Советской Белоруссіі», напрыклад. Ён, аказваецца, у тэме беларускага шоу-бізу, любіць, калі да яго «на каньячок» Кулінковіч ходзіць. Адзін з міністраў культуры таксама запрашаў. Але я лічу, што дзяржава не павінна дапамагаць, галоўнае, каб не перашкаджала.

«НН»: Добра, вы не хочаце з’язджаць. А дзеці? Хочаце, каб яны жылі ў Беларусі? Нават калі нашая «стабільнасць» так і не зменіцца?

ЗВ: Я хачу, каб мае дзеці жылі ў Беларусі. А што ж тычыцца палітычнага ладу ў ёй… Дарэчы, мы жывём зараз у Астрашыцкім Гарадку і мой сын Язэп — калі яго возьмуць — пойдзе ў школу, дзе вучыцца Мікалай Лукашэнка. Паглядзім, як яму там будзе вучыцца. Пытанне ў тым, што ён адукаваны ўжо наконт сцяга, мовы… Паглядзім.

«НН»: А як, дарэчы, ставяцца мясцовыя людзі да суседства з кіраўніком краіны?

ЗВ: Я шмат чаго чуў, але не маю права агучваць! Сыну ж ісці ў школу! (Смяецца). Насамрэч, там ёсць і смешныя гісторыі, і такія, якія выклікаюць павагу мясцовых.

«НН»: Ну нейкую байку хоць раскажыце.

ЗВ: Кажуць, што ён вельмі любіць секчы дровы, а потым гэтыя дровы раздае сялянам. Я і сам лічу, што гэта вельмі добра. Мне б хто пасек! Да таго ж тыя дровы можна ўвогуле запакоўваць і прадаваць як сувеніры!

Каментары29

Цяпер чытаюць

Пуцін: Дзе ступае нага рускага салдата, гэта наша

Пуцін: Дзе ступае нага рускага салдата, гэта наша

Усе навіны →
Усе навіны

У Малдове на гей-прайдзе зноў засвяціўся «старакаталіцкі святар» з Наваградка, пра якога не было нічога чуваць больш за 5 гадоў9

На электробусах МАЗ пачнуць ставіць алказамкі. Што гэта такое?3

У Свята-Елісавецінскі манастыр прыйшлі з праверкамі6

Урад бярэ пад узмоцнены кантроль цэны на мяса, малако і кандытарскія вырабы6

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана24

У акупаваным Крыме зноў прадаюць знакамітую «Масандру»3

Кіраўніца расійскага Цэнтрабанка заявіла пра вычарпанне апошніх рэсурсаў росту расійскай эканомікі16

Ва Украіне прызначылі новага камандуючага Сухапутнымі войскамі2

З'явіўся ўказ, які дазваляе прыватызаваць арэнднае жыллё1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін: Дзе ступае нага рускага салдата, гэта наша

Пуцін: Дзе ступае нага рускага салдата, гэта наша

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць