Меркаванні1414

Алесь Кіркевіч: Што мы здабылі, а што згубілі ў Курапатах?

Роўненька год таму недзе пад МКАДам на ўскрайку Зялёнага Лугу дыміліся закопчаныя металічныя бочкі, побач мерзлі не менш закопчаныя людзі, Дашкевіч залазіў са сцягам на будаўнічую тэхніку, а Сяргей Пальчэўскі сябе да яе прыкоўваў.

Пасля, як мы памятаем, інвестар вырашыў (ці за яго вырашылі?) згарнуць будоўлю, тэхніка з’ехала, плот разабралі, а пратэстоўцы знялі лагер — нават піяніна загрузілі і вывезлі. Здаецца, на той момант апазіцыя атрымала адну з нешматлікіх перамогаў за апошнія …-ццаць гадоў. А мо’ і адзіную?

Дагэтуль «неймавернай» перамогай лічылася адно абранне Анісім з Канапацкай у парламент: як мы памятаем, ніводная з іх у лагеры пратэстоўцаў так і не з’явілася… Правільна, а навошта? Першая займаецца мовай, другая — эканомікай. Дзе ж тут мова з эканомікай? У дадатак, яшчэ і пратэсты «недармаедаў» былі мэйнстрымам, з нагоды чаго некаторыя дзеячы паспяшаліся назваць пратэст у Курапатах правакацыяй і «адцягненнем увагі».

Фота У. Рубанава

Вернемся крыху назад і задамо сабе яшчэ адно пытанне: а ці было тое наогул перамогай апазіцыі? Так, апазіцыйныя лідары час-почас бывалі ў Курапатах: больш сумленныя займаліся «ізвозам» пратэстоўцаў у Мінск і назад у лагер, менш сумленныя — проста з’яўляліся ў лагеры, каб пачытаць на камеру свае вершы ці забіць калочак для намёту — акурат як на «ленінскім суботніку»…

Фота У. Рубанава

Хто ж тады перамог ды выстаяў? Дашкевіч з невялічкай камандай сябрукоў ды патрыёты, што прыязджалі з розных куткоў Беларусі, каб асвяціць робы ды кажухі шляхетным пахам курапацкага дыму. Калі гэта «апазіцыя», то Дашкевіч у нас — адзіны апазіцыйны палітык. Калі ж гэта спантанная «патрыятычная дзвіжуха», то яна ў нас, як аказалася, больш здольная за ўсю апазіцыю разам узятую.

Фота У. Рубанава

Цікава іншае: акрамя пытання нацыянальнай памяці, пратэст тычыўся яшчэ і абароны правоў жыхароў раёну, якім будоўля вой як не падабалася. Таму яны насілі пратэстоўцам ежу, прыходзілі на мітынгі ды наўпрост пастаяць пару гадзінак з прамерзлымі хлопцамі і дзяўчатамі — гэта ж іхная справа найперш, яны тут жывуць, а не Дашкевіч з Леўчанкам.

Фота У. Рубанава

І для гэтых самых дзядзькоў, цётачак, маладых параў з вазочкамі і дзеткамі, якія прыходзілі ў лагер, спыненне будоўлі, відаць, было не меншым шокам, чым для Дашкевіча. Людзі, стомленыя ад сваёй бездапаможнасці ў безлічы падобных канфліктаў з забудоўшчыкамі па ўсім Мінску, нарэшце ўбачылі, што актыўнасць можа даваць плён. З’явілася надзея, а за ёй — вера ў лепшае, у сябе самых у тым ліку.

Сход жыхароў раёна. Фота А. Кіркевіча

Дык вось, пытанне: на мінулых вось толькі што мясцовых выбарах, ці працаваў нехта з гэтымі людзьмі? Ці атрымалася хоць у каго акумуляваць іхны імпэт ды цалкам легальна працаваць з публікай, якая ў выніку Курапацкай гісторыі, магла стаць лакаматывам для іншых раёнаў сталіцы — самай актыўнай і прасунутай акругай?

Фота У.Рубанава

Здаецца, што не. Дашкевіч, зразумела, пайшоў сваёй дарогай: яму выбары не цікавыя, бо ёсць сям’я, кот Леапольд, 100-годдзе БНР ды яшчэ шмат усяго рознага. А што наконт апазіцыянераў, якія прыязджалі, чыталі знаёмыя мантры ў мегафон падчас сходаў жыхароў, давалі каментары для СМІ?..

Фота У. Рубанава

Можа я чагосці не разумею, але калі ты маеш поспех на нейкім адным напрамку — развівай яго! Цябе ўжо памятаюць, ды можаш апеляваць да пэўнага вопыту людзей, да пазітыўнай гісторыі. Працуй! І хай гэтыя цётачкі з дзядзькамі запісваюцца да цябе ў каманду, збіраюць подпісы, ідуць назіральнікамі — здаецца, так яно і мела б выглядаць.

Фота У. Рубанава

Дарэчы, за ўвесь час не памятаю ніводнага выпадку, каб хто з апазіцыянераў у Курапатах наогул запісваў кантакты мясцовых… Правільна, а навошта? Навошта, калі людзі, што ў лагеры, што паза лагерам, што ў пагонах, што ў цывільным — гэта дэкарацыі? Дэкарацыі для прыгожых фота і відэа-сюжэтаў, па якіх пасля можна лічыць колькасць узгадванняў свайго прозвішча ў СМІ.

Фота У.Рубанава

Насамрэч, шкадаваць асабіста мне няма аб чым: справа зробленая, інвестар сышоў, будоўля растала як снег на сонцы, мясцовыя цётачкі задаволеныя, а праўладныя прафсаюзы зараз ладзяць у Курапатах прыборкі — цудоўна ж! Шкада толькі партыйныя структуры, якія не здолелі ані поспех развіць, ані шэрагі папоўніць, дзякуючы таму безаналагаваму за апошні час пратэсту. Правільна, а навошта? А раптам тыя гарачыя галовы каля партыйнага офісу ў нейкі момант бочку паставяць або прыкуюцца да аднаго з апазіцыйных парламентарыяў…

Каментары14

Цяпер чытаюць

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада3

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Усе навіны →
Усе навіны

Учора ў Мінску прапаў хлопчык, які не размаўляў

«Чаму ты адключыў рухавікі?» Папярэдні даклад аб катастрофе самалёта Air India выклікаў яшчэ больш спрэчак4

«Разам адкрывалі кантынент беларушчыны». Вінцук Вячорка згадаў пра Эдварда Зайкоўскага3

На Валыні разбіўся французскі знішчальнік Mirage4

Прэм'еру і спікеру Сейма Літвы прыпомнілі, што яны 17 гадоў таму ездзілі ў Беларусь6

Падчас урагану ў Магілёве вецер знёс сабачую будку разам з сабакам1

Памёр спявак Озі Осбарн14

Памёр Эдвард Зайкоўскі8

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада3

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць