Грамадства11

«Вучу беларускую мову, каб казаць пацыентам «калі ласка». Як у Беларусі працуецца доктару-сірыйцу

Імя доктара-тэрапеўта з 20-й мінскай паліклінікі Масаны Жасэм-Салеха можа вымавіць не кожны ў чарзе, таму ён дабрадушна дазваляе называць яго па прозвішчы: проста Жасэм. Ён прыехаў у Гродна ў 2005 годзе, каб вучыцца на доктара, плануючы пасля сканчэння ўнівера вярнуцца ў Сірыю, аднак яшчэ да таго, як яго родны гарадок Дэйр-эз-Зор пачалі абстрэльваць, усё ж зрабіў выбар на карысць Беларусі.

Масана Жасэм-Салех.

«Наша Ніна» пабывала ў гасцях у яго сірыйска-беларускай сям’і і даведалася, чым доктара скарыла наша краіна і як ён вывучыў не толькі рускую, але і беларускую мову па вершах і трасянцы.

«Не чытаю навін, каб не даведацца пра страшнае з радзімы»

Жасэм-Салех называе сябе чыстакроўным арабам. Ён нарадзіўся ў горадзе Дэйр-эз-Зор, што стаіць на рацэ Яўфрат у досыць забяспечанай сям’і. Бацька — былы вайсковец, маці ж была хатняй гаспадыняй, даглядала дом і дзяцей: у Жасэма яшчэ 9 братоў і сясцёр.

«З 14.00 да 18.00 у нас вельмі горача, таму многія ў гэты час адпачываюць. Я ж у вольныя гадзіны заўсёды стараўся вучыць замежныя мовы. Па тэлебачанні можна было знайсці перадачы на французскай і англійскай мовах, але мне больш за ўсё падабалася руская. Памятаю, як у рукі трапіла касета групы «Ласкавы май» — я не разумеў, што там спяваюць, але мова вельмі падабалася», — расказвае мужчына.

Падцягнуць рускую хлопцу дапамог сусед, які ў свой час працаваў перакладчыкам. У выніку было вырашана, што юнак паедзе вучыцца за мяжу.

Масана ў дзяцінстве (справа). Мужчына расказвае, што на тэрыторыі іх дома раслі бананы, гранат, кавуны, дыня, абрыкос, вішні. І бульба. Але ў Беларусі, кажа, яна смачнейшая.

«Бацькі, відаць, паверылі ў мяне. Убачылі, што на мяне можна пакласціся, што я змагу быць самастойным далёка ад радзімы, таму дазволілі вучыцца не ў Сірыі. Да медыцынскай сферы схіляліся ўсе: па-першае, мой дзядзька працаваў педыятрам у Германіі. А па-другое, дактары ў нас лічацца пасланнікамі Бога, гэта вельмі паважаная прафесія. Людзі ў белых халатах вельмі добра зарабляюць, бо могуць спакойна сумяшчаць і дзяржаўную пасаду, і свой уласны кабінет, прафесія лічыцца вельмі прэстыжнай».

Бацькі Жасэма.

Спачатку Жасэм накіраваўся ў Адэсу: звыклыя да гарачага клімату сірыйцы ў канцы 90-х ехалі туды вучыцца з думкай, што на моры ім таксама будзе досыць цёпла. Праўда, асаблівай цеплыні ніхто там у выніку не знайшоў. Але ва Украіне наш герой не змог давучыцца да выпускнога не толькі па гэтых прычынах: кажа, што курортная, турыстычная атмасфера не вельмі спрыяла здабыванню ведаў. Так ён вырашыў змяніць альма-матэр і па парадзе знаёмых, якія хвалілі беларускія ВНУ, апынуўся ў Гародні.

«Не мог без вашага паветра і бульбы»

Скончыўшчы навучанне, Масана вярнуўся дадому — як і было дамоўлена з бацькамі. Працаваў штатным доктарам у нафтавай кампаніі Petro-Canada і зарабляў прыстойныя грошы. Але на душы было неспакойна — менш чым праз паўтара года Жасэм пачаў угаворваць тату адпусціць яго назад у Беларусь у ардынатуру. Той, канечне, не хацеў зноў надоўга развітвацца з сынам, але трымаць яго гвалтоўна не мог.

Масана з сынам Амірам.

«Для сябе свой эмацыйны стан тлумачыў проста: хто аднойчы падыхае беларускім паветрам, пакаштуе беларускую ваду, бульбу і боршч, пазнаёміцца з вашымі людзьмі, таго будзе цягнуць на гэтую зямлю»,

— так мужчына абазначыў сур’ёзныя намеры звязаць сваё жыццё з Беларуссю.

Апошні раз ён быў на малой радзіме ў 2011 годзе, калі засумаваў па родных. Тады ў яго горадзе ўжо пачалі гучаць першыя выбухі. Мясцовыя верылі ў тое, што ўсё хутка скончыцца. Жасэм, развітваючыся з бацькам, атрымаў ад яго бласлаўленне на жонку-беларуску, калі такая сустрэнецца, паабяцаў прывезці яе знаёміцца з вялікай сям’ёй.

Ужо ў Беларусі праз нейкі час ён даведаўся, што палову іх вялікага дома разбурылі, у сястры ўзарвалі хату, некаторыя са знаёмых загінулі…

«Калі са сваякамі знікла сувязь у месенджарах, я вырашыў не глядзець навіны, не залазіць у фэйсбук… Мяне забівала ўся дрэнная інфармацыя, якая прыходзіла адтуль».

Сёння сувязь з сям’ёй Масана аднавілася, і ён марыць пра тое, як толькі баявыя дзеянні сціхнуць цалкам, прывезці ў родны горад жонку Настассю і сыноў.

«Я веру, якой бы даўгой і цёмнай ні была ноч, усё адно надыдзе світанак. Мой народ расплачваецца не за гарачую кроў, а за тое, што адышоў ад Карана, за сваё нежаданне адукоўвацца і працаваць (вось вы, беларусы, — куды больш працавітыя). Але я — чалавек у белым халаце, я хачу быць анёлам для людзей, хачу міру, а не праблем і вайны», — выказваецца пра набалелае Масана.

«Тое, што наша вера жорсткая, — стэрэатып»

Пасля сканчэння ардынатуры ў БелМАПА (мужчына павышаў кваліфікацыю ў кардыялогіі, тэрапіі і агульнай практыцы) Жасэм адразу прыйшоў працаваць у 20-ю паліклініку. Тут ён робіць амаль на дзве стаўкі і, як ён сам сцвярджае, атрымлівае сапраўдны кайф. Асабліва калі здараюцца такія выпадкі, як нядаўна:

«Да мяне прыйшла жанчына, і рэнтген паказаў, што яна здаровая, а я ўсё адно паставіў ёй дыягназ «пнеўманія» і яго ж прапаноўваў лячыць. Пацыентка з’ездзіла ў іншую лякарню ўдакладніць хваробу — і маё меркаванне пацвердзілася».

Жасэм разумее, што ўсе людзі, якія гадзінамі сядзяць у чэргах пад дзвярыма, хочуць пачуць яго меркаванне, таму прымае ўсіх без выключэння — з талонамі і без. Ён шкадуе ўсіх, але прызнае, што спецыялістаў не хапае, таму раіць пры магчымасці карыстацца платнымі паслугамі паліклінік, каб ашчадзіць каштоўны час.

Любіць сваю працу ён можа і па яшчэ адной прычыне: менавіта тут ён сустрэў будучую жонку, маці Аміра (што перакладаецца як прынц).

Жонка Масаны Настасся.

«Я абслугоўваў нават не свой участак, а тут прыйшла яна — тая, што ў выніку захапіла мае сэрца і душу», — згадвае Жасэм.

У Настассі былі нядобрыя паказчыкі кардыяграмы, і на той час яна замуж дакладна не збіралася.

«Справа ў тым, што на час нашай сустрэчы з Жасэмам я была ў разводзе 9 год, сама гадавала сына Уладзіслава і, калі шчыра, была крыху расчараваная ў беларускіх мужчынах. Нікога, канечне, не хачу пакрыўдзіць, але што далёка хадзіць, мой былы муж нават аліменты не хоча плаціць. Аднак у выніку мы ажаніліся: Жасэм — асаблівы, ён мяне і дзяцей гатовы насіць на руках. Для яго сям’я — галоўная каштоўнасць», — расказвае яна.

Вяселле гулялі сціпла, але правялі па двайным сцэнары: з беларускай цырымоніяй і ў мячэці, што на Камсамольскім возеры. Жасэм рашуча абвяргае стэрэатыпы пра тое, што ўсе ўсходнія мужчыны трымаюць сваіх жанчын у чорным целе:

«Мы ж усе адукаваныя, сучасныя людзі. Мая маці, канечне, пакрывала галаву хусткай, але гэта не паранджа. Наша вера ніколі не была жорсткай і замкнёнай: насі што хочаш, толькі не перашкаджай іншым сваім выглядам. Усе нашы жанчыны маюць права на адукацыю і на тое, каб стаць паспяховымі. Іначай перакручваюць сітуацыю хіба што толькі ігілаўцы».

Адзінае, што муж забараняе жонцы, — гэта гуляць па вуліцы ў вельмі кароткіх спадніцах, але тут Настасся і сама не супраціўляецца.

Усе хатнія абавязкі ў сям’і размяркоўваюць пароўну. Толькі ў гатаванні Настасся адказная за беларускія стравы, а Жасэм — за сваю нацыянальную кухню.

«Калі нарадзіўся сын, па традыцыі трэба было ахвяраваць у гонар такой падзеі баранчыка. Мы купілі яго ў суседзяў жонкі. Я яго гатаваў разам з сірыйскім салатам табуле (з булгурам, памідорамі, зелянінай, аліўкавым алеем і лімонным сокам)», — елі ўсю гэтую смакату згодна з традыцыямі таксама на падлозе», — расказае Жасэм.

Яшчэ Масана абажае беларускія цукеркі. А вось недахоп сонца і вітамінаў кампенсуе выключна сезоннымі фруктамі і гароднінай. Любіць фінікі, а таксама дадае ў стравы аліўкавы алей і лімонны сок са спецыямі.

Сям’я жыве і «па-сірыйску», і «па-беларуску». Калі трэба, святкуе Масленіцу, па даце — Вялікдзень. З таго, што Жасэм не можа сабе дазволіць, — гэта есці свініну, таму на стале для яго заўсёды з’яўляецца альтэрнатыўнае мяса. Праўда, забаронены для іх алкаголь на святы сабе дазваляе. А яшчэ прызнаецца, што ў Беларусі не паспявае маліцца пяць разоў на дзень, як прынята іх верай: праца займае ўвесь час.

«Што такое «гэна» і «гарэлка»?»

Любоў да вывучэння моў праяўляецца ў гаспадара дома і па сёння. Ён усё больш паглыбляецца ў беларускую мову: адказвае сваім пацыентам «калі ласка» і лічыць, што, калі ты жывеш на нейкай тэрыторыі, ты абавязаны ведаць яе родную мову.

Настасся расказвае, што беларускую мову Жасэм добра падцягвае са старэйшым сынам: напрыклад, вучыць з ім вершы айчынных пісьменнікаў, чытаючы іх як рэп. А вось першае сутыкненне з трасянкай на лецішчы ў Валожынскім раёне для яго было сюрпрызам: ён ніяк не мог зразумець, што такое «гэна» (хаця і слова «гарэлка» таксама вывучыў не адразу).

Многія яго землякі-медыкі з’ехалі за мяжу: у першую чаргу каб зарабіць больш грошай. Жасэм не адмаўляе: тут ён атрымлівае менш, чым калегі на Захадзе, але кажа, што не ў грошах шчасце. Проста тут яму спакойна.

«Усе замежнікі ў Беларусі — яе даўжнікі. Ваша краіна дала нам магчымасць вучыцца і стаць карыснымі людзьмі. Радзіма не дала, а ваша краіна дала», — просіць ён перадаць на развітанне.

Каментары1

  • Юрген
    09.03.2025
    Це вельми велика честь для Білоруссії...
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Пуцін выставіў Захаду пяць патрабаванняў для падпісання мірнай дамовы. Вось яны13

Пуцін выставіў Захаду пяць патрабаванняў для падпісання мірнай дамовы. Вось яны

Усе навіны →
Усе навіны

Латушка: У мяне ёсць асцярогі за жыццё Анжалікі Мельнікавай5

Як працуе Беларуская акадэмія: еўрапейская адукацыя на роднай мове6

На Байкале падлетак забіў нажом чатырох таварышаў на дні нараджэння і падпаліў дом

Спецпрадстаўнік Трампа адказаў Мядзведзеву: Заява не адпавядае статусу сусветнай дзяржавы5

Гурт «Дразды» аб'явіў пра развітальныя гастролі

Пятрухіну забаранялі весці стрым з канфэрэнцыі ў Варшаве. Ён супраціўляўся, а пасля стаў таемна запісваць аўдыя14

Мядзведзеў прыгразіў Трампу Трэцяй сусветнай вайной13

Рашэнне аб перадачы Германіяй Украіне ракет Taurus яшчэ не прынята1

Мерц чакае зацяжную вайну праз нежаданне Расіі весці перамовы2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін выставіў Захаду пяць патрабаванняў для падпісання мірнай дамовы. Вось яны13

Пуцін выставіў Захаду пяць патрабаванняў для падпісання мірнай дамовы. Вось яны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць