Ідзе аблава на смаргонскіх актывістаў. Напярэдадні ў судзе хтосьці выгукнуў «Жыве Беларусь!»
Увечары 19 лютага па Смаргоні пракацілася хваля затрыманняў. Выглядае, што праз нядаўні выпадак у судзе, калі пасля абвяшчэння прысуду смаргонцам за распаўсюд улётак хтосьці выгукнуў «Жыве Беларусь!», а старшыня суда выклікала міліцыю.

Напачатку было вядома пра затрыманне Рамуальда Улана і Людмілы Сульжыцкай, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
Ілля Петуноў у 16:00 панёс скаргу ў РАУС і не вярнуўся, быў там і затрыманы.
Супрацоўнікі міліцыі таксама прыходзілі за Русланам і Любоўю Валюкамі. Дзяўчыны дома не было, а пра Руслана маці сказала, што яму дрэнна, што яна выклікае яму хуткую.
Затрыманы і Яўген Новік з Сяргеем Траем. Ёсць звесткі, што на затрыманых складаюць пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП.
Нагадаем, суд Смаргонскага раёна 18 лютага абвесціў прысуд у крымінальнай справе Руслана Валюка і Інэсы Маркавай, якіх абвінавацілі ў паклёпе на супрацоўнікаў міліцыі.
Валюку прысудзілі два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, Маркавай — два гады «хатняй хіміі».
Пасля абвяшчэння прысуду ў калідоры нехта крыкнуў «Жыве Беларусь!». У адказ пачулася дружнае «Жыве!». Адразу ж старшыня суда Людміла Пятрова забараніла дзяжурнаму міліцыянеру выпускаць з суда прысутных, а сама выклікала міліцыю. У будынку заблакавалі каля 20 чалавек. Частка іх збегла праз вакно, а дзевяць чалавек, якія засталіся ў судзе, павялі ў мясцовы РАУС.
Каментары