Эканоміка

Чыноўнікі абяцаюць бюджэтнікам змены. Сярод іншага — аптымізацыю колькасці

Мінфін анансаваў істотныя новаўвядзенні для работнікаў бюджэтных арганізацый у гэтай пяцігодцы.

Адна з галоўных магчымых змен — перагляд штатаў бюджэтных арганізацый. Прасцей кажучы, гаворка пра аптымізацыю колькасці работнікаў. Кіраўнік Мінфіна ў артыкуле часопіса «Фінансы. Улік. Аўдыт» распавёў, якія змены варта чакаць бюджэтнікам, піша Tut.by.

Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў адзначае, што «ва ўмовах сціскання рэсурснай базы бюджэту, павелічэння выдаткаў на абслугоўванне пазык, а таксама падтрымку рэальнага сектара эканомікі і банкаўскай сістэмы на першы план выходзіць задача пошукі ўнутраных рэзерваў для нарошчвання сацыяльных выдаткаў».

Паводле яго слоў, на павышэнне ўзроўню аплаты працы ў бюджэтнай сферы пры выхадзе на параметры праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021—2025 гады спатрэбіцца, паводле ацэнак, 7,2 мільярда рублёў у год, або больш за 3% да ВУП.

Нагадаем, чыноўнікі абяцаюць у гэтай пяцігодцы асобным катэгорыям бюджэтнікаў падняць у 1,5—2 разы заробак. Гэта настаўнікі, выкладчыкі, дактары і сярэдні медперсанал, работнікі сферы сацыяльнага абслугоўвання, культуры.

Павышаць заробкі будуць за кошт аптымізацыі штату

Павышэнне зарплаты ў бюджэтнай сферы будзе забяспечвацца сярод іншага за кошт аптымізацыі структуры і колькасці работнікаў, пра гэта гаворыцца ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на гэтую пяцігодку. Гэта можа выклікаць дадатковае напружанне ў сферы, асабліва ў рэгіёнах, дзе праблематычна знайсці новае працоўнае месца. Іншыя магчымасці павелічэння заробкаў бюджэтнікаў, якія агучылі чыноўнікі, — паэтапнае павелічэнне базавай стаўкі і развіццё пазабюджэтнай дзейнасці.

Юрый Селіверстаў у сваім артыкуле кажа пра «трансфармацыю сістэмы» і кажа, што «шукаць рэсурсы (на павышэнне заробкаў) прыйдзецца ў тым ліку і за кошт унутрыгаліновай аптымізацыі». «Як вынік вымушанага працэсу, новае аблічча набудзе ўся сістэма бюджэтных арганізацый, — піша міністр. — Бюджэтнаму сектару прыйдзецца сыходзіць ад статычнага стану, рэфармуючыся паралельна са зменай эканамічнай сітуацыі».

Кіраўнік Мінфіна прыводзіць «дастаткова пазітыўны прыклад» - стварэнне ў 2020 годзе цэнтраў па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. «Упарадкаванне нарматываў колькасці работнікаў, занятых забеспячэннем фінансава-гаспадарчай дзейнасці такіх устаноў у рэгіёнах, дазволіла скараціць штатную колькасць іх супрацоўнікаў на 1,2 тысячы адзінак і на гэтай аснове павысіць узровень аплаты працы занятых».

Як піша Юрый Селіверстаў, з улікам ужо напрацаванага вопыту ў сярэднетэрміновым перыядзе спатрэбіцца далейшы перагляд штатаў бюджэтных арганізацый.

Міністр распавёў пра ўкараненне c 1 студзеня 2023 года механізму медыцынскай акрэдытацыі арганізацый аховы здароўя. «Бюджэтнае фінансаванне на іх утрыманне будзе выдаткоўвацца пры ўмове адпаведнасці прадстаўляных паслуг базавым (эталонным) патрабаванням аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву», — удакладніў кіраўнік Мінфіна.

«Стымуляванне рублём — самы эфектыўны інструмент аптымізацыі выдаткаў»

Паводле яго слоў, яшчэ адзін вектар аптымізацыі выдаткаў — упарадкаванне сеткі бюджэтных арганізацый. «У кожным галіновым Міністэрстве трэба выпрацаваць «дарожную карту» мер па развіцці «эканамічных» формаў абслугоўвання насельніцтва (нестацыянарных, мабільных, міжрэгіянальных), — піша Юрый Селіверстаў. — Паралельна мэтазгодна працягваць укараненне нарматыўнага фінансавання найбольш бюджэтаёмістых сацыяльных галін. Усім відавочна, што стымуляванне рублём — самы эфектыўны інструмент аптымізацыі выдаткаў у сектары».

На думку міністра, «не аб'ёмы фінансавання павінны адпавядаць сетцы бюджэтных устаноў, а, наадварот, штаты, колькасць арганізацый, выдаткі на іх мадэрнізацыю і развіццё — падладжвацца пад існуючыя магчымасці».

«На першы план выйдзе тое, як арганізацыя рэалізуе сваё дзяржаўнае прызначэнне, наколькі людзі задаволеныя якасцю атрыманых паслуг, а не памер складзенага ўстановай каштарысу. Дадзены тэзіс тычыцца і сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі», — адзначае Юрый Селіверстаў.

Пра «кантралёраў» і праверкі дзяржпрадпрыемстваў (а не толькі бюджэтнікаў)

Міністр фінансаў лічыць, што «наспела ўзмацненне сістэмы кантролю, скіраванай на аператыўную ліквідацыю і прадухіленне парушэнняў».

«Ва ўмовах праведзенай аптымізацыі эфектыўна справіцца з гэтымі выклікамі сіламі толькі «кантралёраў», відавочна, не ўдасца. Таму стаўку лагічна зрабіць на сістэму так званага ўнутранага кантролю і аўдыту», — піша Юрый Селіверстаў.

Ён распавёў пра пілотны праект у цэнтры забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Слуцкага раёна. «Функцыя ўнутранага аўдыту ў перыяд яго правядзення была ўскладзена на асобных работнікаў цэнтра — як дадатковая да асноўнай працы. Праведзеныя кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы дазволілі выявіць шэраг недахопаў, звязаных як з афармленнем бухгалтарскіх дакументаў, так і з правядзеннем інвентарызацыі, спісаннем тэхнікі і іншымі пытаннямі», — адзначае Юрый Селіверстаў.

Ён лічыць, што адпрацаваўшы сістэму ўнутранага кантролю ў цэнтрах, пасля гэтага «мэтазгодна разгледзець стварэнне службаў унутранага кантролю і аўдыту ў буйных бюджэтных арганізацыях, а таксама прадпрыемствах рэальнага сектара эканомікі, уласнікам якіх з'яўляецца дзяржава». Гэта значыць, у гэтым выпадку гаворка ўжо ідзе не толькі пра бюджэтныя арганізацыі, але і ў цэлым пра дзяржаўныя прадпрыемствы.

Што цяпер адбываецца з заробкамі бюджэтнікаў

Паводле звестак Белстата, сярэдні заробак бюджэтнікаў у студзені знізіўся на 101 рубель у параўнанні з снежнем 2020-га — да 1099. рублёў (звесткі за люты яшчэ не апублікаваныя). Гэта сумы да выплаты падаткаў, гэта значыць на рукі выходзіць менш. Пры гэтым таксама рэальныя заробкі, якія разлічваюцца з папраўкай на рост цэнаў на тавары і паслугі, таксама ўпалі — больш як на 9 рублёў.

У 2020 годзе бюджэтнікам планавалі падняць зарплаты да 80% ад сярэдняй зарплаты па краіне. На гэты паказнік па выніках мінулага года ўдалося выйсці, суадносіны склалі 80,4% (за студзень-снежань мінулага года). Аднак тут ёсць нюанс: выйсці на гэты ўзровень шмат у чым атрымалася за кошт надбавак медыкам за барацьбу з каранавірусам.

На якія заробкі шукаюць медыкаў і настаўнікаў

У агульнарэспубліканскім банку вакансій цяпер значыцца 2956 прапаноў для дактароў-спецыялістаў. Пры гэтым 1289 прапаноў ад наймальнікаў з заробкам да 700 рублёў. Больш за 1000 рублёў абяцаюць па 703 вакансіях.

Як правіла, заробкі ў вакансіях паказваюць да выплаты падаткаў. Гэта значыць на рукі выйдзе менш.

Для настаўнікаў у банку размешчана 193 вакансіі. Большасць з іх (128 прапаноў) — на заробак да 600 рублёў.

Каментары

Цяпер чытаюць

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем2

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем

Усе навіны →
Усе навіны

У палескім Лагішыне гатовы да працы падарунак Радаслава Сікорскага

ГУР паведаміла пра знішчэнне ўчастка расійскага газаправода, які абслугоўваў ВПК

Пуцін гатовы да пагаршэння адносін з Трампам і не будзе спыняць вайну11

«Кава стане раскошай». Беларусы шакаваныя цэнамі ў крамах16

«Апантанасці геапалітыкай, як у Расіі, у нас сёння няма». Гісторык паразважаў, ці перажывуць беларусы «русский мир»17

Рубіа патлумачыў заяву Трампа пра зброю для Украіны за кошт НАТА

«Горад працоўнай славы 1941—1945». У Баранавічах адкрылі манумент з дзіўнай назвай9

У Беларусі і Расіі распрацуюць штучны інтэлект з традыцыйнымі каштоўнасцямі4

Асудзілі за «садзеянне экстрэмізму» былога дырэктара школы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем2

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць