Белінвестбанк і банк ВТБ папярэдзілі, што аперацыі па беларускіх картках будуць татальна абмежаваныя. Заклікаюць тых, хто ў замежжы, здымаць наяўныя
Пры гэтым банкі запэўніваюць, што на тэрыторыі Беларусі карткі будуць працаваць як звычайна.

Паведамленні апублікаваныя на афіцыйных сайтах банкаў.
Белінвестбанк
«26 лютага магчымае прыпыненне аперацый па картках Mastercard Белінвестбанка за межамі Рэспублікі Беларусь. На тэрыторыі Беларусі будуць па-ранейшаму даступныя аперацыі па картках Mastercard, за выключэннем плацяжоў у анлайн-сэрвісах, такіх як Яндэкс, Wildberries, AliExpress, Ozon і іншых, а таксама з выкарыстаннем такенізаваных картак Mastercard у кашальках Apple Pay, Кашалёк Pay™, Samsung Pay, Xiaomi Pay, Аплаці™. Таксама магчымыя адмовы ў абслугоўванні пры здзяйсненні аперацый у сэрвісах пераводаў з карткі на картку.
У звычайным рэжыме карткі Mastercard будуць прымаць у арганізацыях гандлю і сэрвісу Беларусі, а таксама ў прыладах самаабслугоўвання», — гаворыцца ў паведамленні.
Супрацоўнікі банка раяць беларусам, якія апынуліся ў замежжы, аператыўна зняць з картак наяўныя. У сувязі з экстранай сітуацыяй Белінвестбанк адмяніў камісію за зняцце наяўных з картак Mastercard за межамі Беларусі.
Тым, хто ў бліжэйшы час плануе выезд за мяжу і не мае наяўных, банк раіць загадзя зняць грошы.
Банк ВТБ
«Аперацыі па картках Visa і Mastercard, выпушчаных банкам ВТБ (Беларусь), могуць быць абмежаваныя як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі. Абмежаванні могуць паўплываць на аплату пакупак у прадпрыемствах гандлю і сэрвісу, інтэрнэце, а таксама на зняцце наяўных за мяжой і ў прыладах іншых банкаў. Магчымыя абмежаванні ў працы плацежных сэрвісаў Apple Pay, Samsung Pay і іншых», — паведамляецца на сайце банка.
Пры гэтым атрыманне наяўных грошай у банкаматах і офісах банка ВТБ (Беларусь) ажыццяўляецца ў штатным рэжыме. Таксама ў звычайным рэжыме працуюць сістэмы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання: можна здзяйсняць аплату па крэдытах, камунальных плацяжах, пераводзіць сродкі з дапамогай АРІП.
Каментары