21‑гадовы мінчук прыдумаў схему махлярства ў крамах — яна спрацавала на некалькіх прадаўцах і кур'еры, які прывёз піцу.
Што менавіта зрабіў малады чалавек і як яго пакараў суд, пішуць Мінск-Навіны са спасылкай на пракуратуру Першамайскага раёна.
Першы выпадак адбыўся яшчэ ў 2023 годзе. Малады чалавек у сувенірнай краме аднаго з гандлёвых цэнтраў на праспекце Незалежнасці выбраў тавары на 472 рублі 10 капеек: кашалёк, дыфузар, свечкі, букет на мыльнай аснове, прысмакі, крафтавыя пакеты і скрынкі, два рулоны туалетнай паперы, два бралкі, драўляны канструктар, паштоўкі і вокладку для дакументаў. На касе хлопец сказаў, што ў яго няма гатоўкі, і прапанаваў прадаўцу перавесці грошы на яе картку. Дзяўчына пагадзілася, пакупнік паказаў электронны чэк. Але на рахунак ІП грошы так і не паступілі.
Праз некалькі дзён малады чалавек замовіў піцу, сэндвічы, марожанае і чызкейкі на 173,27 рубля. Кур'ер, які даставіў заказ, таксама пагадзіўся на разлік пераводам на картку — ён убачыў электронны чэк і аддаў ежу. Але аплата так і не паступіла. Паведамляецца, што хлопец спачатку запэўніваў кур'ера, што ў яго грошы спісаліся, потым абяцаў разлічыцца гатоўкай, але так гэтага і не зрабіў.
Трэці раз тую ж схему ён выкарыстаў праз тыдзень — купіў у ІП чатыры кашалькі на 426 рублёў. Затым «купіў» у яшчэ аднаго мінчаніна два пнеўматычныя пісталеты, шарыкі да іх і мішэні — на 1860 рублёў.
Гэтыя людзі пайшлі ў міліцыю, маладога чалавека знайшлі і завялі крымінальную справу за махлярства. Адзначаецца, што афіцыйна ён нідзе не працаваў, раней пяць разоў прыцягваўся за маёмасныя злачынствы, у тым ліку за махлярства.
Малады чалавек прызнаў сваю віну і цалкам пакрыў шкоду пацярпелым. Суд прызначыў штраф 200 базавых (8400 рублёў).
Каментары