Польшча замарожвае тэрміны разгляду спраў па міжнароднай абароне да сакавіка 2026 года
Што гэта значыць?

У Польшчы прыпыненыя тэрміны разгляду спраў аб міжнароднай абароне да 4 сакавіка 2026 года. З 4 верасня 2025 года ўступілі ў сілу змены, унесеныя ў Закон ад 12 сакавіка 2022 года «Аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі з узброеным канфліктам на тэрыторыі гэтай дзяржавы». Падстава: артыкул 100da. Гэтыя змены закранаюць і беларусаў, паведамляе ініцыятыва Partyzanka.
Да 4 сакавіка 2026 года прыпыняецца працяг тэрмінаў разгляду заяў аб прадастаўленні міжнароднай абароны (прытулку), якія знаходзяцца на разглядзе Упраўлення па справах замежнікаў (UDSC — Urząd do Spraw Cudzoziemców).
Калі справа ўжо разглядаецца — тэрмін «замарожваецца» і не працягваецца да 4 сакавіка 2026 года. Калі чалавек падаў новую заяву — адлік тэрмінаў пачнецца толькі пасля названай даты, тлумачыць ініцыятыва
Таксама да 4 сакавіка 2026 года не прымяняюцца палажэнні аб:
-
бяздзейнасці органа (г. зн. скаргі на зацягванне разгляду не разглядаюцца);
-
празмернай працягласці адміністрацыйнага разбору;
-
абавязку апавяшчаць бакі аб невырашэнні справы ва ўстаноўлены законам тэрмін.
У чалавека, які падаў заяву, пры гэтым захоўваецца легальны статус і ўсе правы, звязаныя з падачай заявы. Аднак рашэнне па справе можа быць адкладзена — фактычна адлік тэрмінаў на разгляд часова «замарожаны».
Скаргі на зацягванне разгляду да 4 сакавіка 2026 года не будуць мець юрыдычнага эфекту.
«Калі вы чакаеце рашэння па міжнароднай абароне, важна памятаць: ваш працэс не спынены, а толькі падлік тэрміну яго разгляду прыпынены. Пасля 4 сакавіка 2026 года разгляд будзе адноўлены», — піша Partyzanka.
Каментары