Праз гэтую краіну праходзіць 97% інтэрнэт-трафіку свету. Ёсць небяспека, што Расія атакуе кабелі
Парламентарый Джоні Брэды сказаў, што кабелі, якія ляжаць на дне ў водах Ірландыі, з'яўляюцца «ахілесавай пятай» у глабальнай сістэме камунікацыяў. Такія перасцярогі з'явіліся пасля дыверсіі на Паўночных патоках, піша Irish Mirror.

Гэтае пытанне было ўзнята на надзвычайным пасяджэнні ЕС па энергетычнай бяспецы на мінулым тыдні, скліканым пасля нядаўніх нападаў на газаправодзе Nord Stream у Балтыйскім моры.
Ірландыя можа апынуцца няздольнай абараніць сваю падводную і марскую інфраструктуру, уключаючы газаправоды, якія злучаюць яе з Вялікабрытаніяй.
Міністра абароны краіны Сайман Ковені расказаў:
«Міністр навакольнага асяроддзя, клімату і камунікацый звярнуўся па падтрымку адносна дадатковых мер, якія могуць быць прыняты сіламі абароны для аховы крытычна важнай марской інфраструктуры, уключаючы кабелі перадачы даных.
Таксама былі сустрэчы з удзелам Gas Network Ireland і EirGrid (кампанія, якая кіруе нацыянальнай сеткай — заўв. НН). EirGrid ужо наняла прыватную кампанію, якая забяспечвае назіранне і маніторынг падводнай сеткі і кабеляў з дапамогай сістэмы глабальнага пазіцыянавання, GPS-сачэння.
Мы ведаем, што рабіць, і ўзмоцнім патруляванне як паветранымі, так і марскімі сіламі, каб палепшыць сітуацыю».
Прадстаўнік партыі Шын Фейн Джоні Брэды папярэдзіў, што напад на трубаправод «Паўночны паток» паказаў ўразлівасць стратэгічна важных кабеляў, якія праходзяць праз ірландскія воды:
«Прыкладна тры чвэрці ўсіх кабеляў у Паўночным паўшар'і праходзяць праз ірландскія воды, і 97% глабальных камунікацыяў, уключаючы дзелавыя аперацыі, фінансавыя транзакцыі і інтэрнэт-трафік, ажыццяўляецца праз гэтыя кабелі.
Яны крытычна важныя, і было выказана меркаванне, што мы з'яўляемся «ахілесавай пятай» у забеспячэнні бяспекі гэтых крытычна важных кабеляў перадачы даных».
Каментары