Грамадства1717

У Беларусі закрываюць для пасажыраў 30-кіламетровую чыгуначную лінію. Па ёй яшчэ ходзіць незвычайны цягнік

У Беларусі для пасажыраў закрываюць не проста станцыю, а цэлую чыгуначную лінію даўжынёй больш за 30 кіламетраў з васьмю станцыямі. Па гэтай лініі пакуль яшчэ ходзіць (да закрыцця засталося ўсяго паўтара месяца) незвычайны цягнік, піша Blizko.by.

Фота: Blisch.by

Што адбылося?

Краязнаўца і блогер Дзяніс Блішч выклаў фатаграфію аб'явы, якой з ім падзяліўся адзін з падпісчыкаў. У аб'яве гаворыцца:

«З 26 мая 2025 года цягнікі рэгіянальных ліній эканом-класа №961, №963 Асіповічы — Градзянка (адпраўленнем з Асіповічаў 09:41 і 20:57, прыбыццём на станцыю Градзянка ў 11:15 і 22:34), №964 Градзянка — Асіповічы (адпраўленнем з Градзянкі ў 16:28, прыбыццём у Асіповічы ў 17:58); з 27 мая 2025 года цягнік рэгіянальных ліній эканом-класа №962 Градзянка — Асіповічы (адпраўленнем з Градзянкі ў 06:03, прыбыццём у Асіповічы ў 07:32) адмяняюцца».

Хтосьці можа падумаць: ну і добра, усяго два цягнікі адмянілі. Але гэтыя два цягнікі ў дзень — гэта ўвогуле ўсе цягнікі, якія ідуць у тым кірунку, усе 100% цягнікоў.

Да закрыцця пасажырскага руху застаецца крыху больш за месяц.

Што гэта за кірунак?

Чыгуначная ветка Асіповічы — Градзянка — унікальная па беларускіх мерках лінія. Знаходзіцца яна ў Магілёўскай вобласці і самым сваім кончыкам заходзіць таксама ў Мінскую вобласць. Пра ўнікальнасць скажам крыху ніжэй, а пакуль трохі гісторыі.

Ад галоўнай лініі Асіповічы — Мінск на станцыі Вярэйцы адгаліноўваецца шлях, які ідзе на паўночны ўсход раёна. Там, сярод лясоў, у 1905 годзе была пабудаваная лесапільня каля маленечкага паселішча Градзянка. Лесу было шмат, вывозіць яго трэба было больш эфектыўна, чым проста вазамі, таму прамысловец Мікалай Радзівіл арганізаваў акцыянернае таварыства і ў 1911 годзе была адкрыта чыгуначная лінія ў Градзянку. Гэтае адгалінаванне з'явілася раней, чым больш важныя лініі Асіповічы — Магілёў або Жлобін — Калінкавічы, якія злучаюць буйныя вузлавыя станцыі.

На ёй былі прамежкавыя прыпынкі і станцыі, таксама ад станцыі Уборак зрабілі яшчэ адно адгалінаванне на паўднёвы захад, на станцыю Завішына. Ва Уборку нават было разваротнае паравознае кола.

На старых картах у Градзянцы можна разгледзець скарачэнне «Пильн.», то-бок пільня. Тут наогул многія населеныя пункты так ці інакш звязаныя з лесам: вёскі Дзеражно і Старое Дзеражно (гэтыя назвы, таксама як і Дражня, азначаюць месца раскрыжоўвання лесу), лясны тэхнікум, смалакурні пры станцыях. 

Лінію на Завішына разабралі ў 1953-м, пасля чаго засталася толькі галоўная лінія: Асіповічы — Вярэйцы — Градзянка з прамежкавымі прыпынкамі і станцыямі Цэль, Лапічы, Восава, Гоманаўка, Уборак, Пагарэлае, раз'езд Лазавы і ўласна станцыя Градзянка. Даўжыня лініі ад Вярэйцаў да Градзянкі — 34 км, а ўвесь шлях ад Асіповічаў — 44 км.

Дарэчы, менавіта на гэтай лініі праходзілі выпрабаванні аднавагоннага дызель-цягніка Д1 вытворчасці польскага завода PESA, якіх БЧ закупіла шэсць штук і якія цяпер працуюць у дэпо Магілёва і Калінкавічаў.

У чым унікальнасць лініі?

Пакуль пасажырскі рух па лініі не закрылі, тут ходзіць адзіны (прычым адзіны ўжо шмат-шмат гадоў) грузапасажырскі цягнік. Што гэта значыць? Тое, што да цеплавоза М62 прычэпленыя адначасова і пасажырскія, і таварныя вагоны.

Фото: Tomkad.livejournal.com

Усе вы маглі бачыць на іншых лініях у пасажырскага цягніка прычэплены да звычайных вагонаў паштовы вагон. Але ў выпадку з Градзянкай гаворка не пра паштовыя вагоны, а менавіта пра таварныя. Гэта значыць, гэта могуць быць у розных спалучэннях адкрытыя паўплатформы, вагоны-хоперы для сыпкіх грузаў, закрытыя вагоны, паўвагоны для перавозкі лесу, цыстэрны і да т. п. І вось такія вагоны прычапляліся адначасова з пасажырскімі. Часцей прычаплялі адзін пасажырскі, і толькі часам у летні час маглі дадаваць другі. 

Фото: Tomkad.livejournal.com

Бывала і такое, што ў дарогу адпраўляўся цеплавоз толькі з адным-адзіным вагонам — пасажырскім — без таварных наогул.

Фота: Аляксандр Лычаўка

Яшчэ адна асаблівасць лініі ў тым, што гэта, падобна, апошняе месца ў Беларусі, дзе можна праехацца ў вагоне з драўлянымі сядзеннямі. У дзень паездкі журналістаў Blizko.by па лініі да цягніка быў прычэплены толькі адзін пасажырскі вагон: выпушчаны ў 1976 годзе на Калінінскім вагонабудаўнічым заводзе (у Цвяры) і прайшоў некалькі капітальных рамонтаў на гомельскім заводзе. '

Драўляныя лаўкі, размешчаныя па схеме 2+3, пранумараваныя, усяго ў вагоне 95 сядзячых месцаў. Але такая колькасць пасажыраў ці наўрад ці калі-небудзь набіралася ў цягніку: часцей едуць не больш за дзясятак, максімум два дзясяткі пасажыраў, калі толькі кампанія аматараў чыгунак не адпраўлялася на «пакатушкі».

Фота: Аляксандр Лычаўка 
Фота: Аляксандр Лычаўка

Калі менавіта ходзяць цягнікі?

Цяпер у раскладзе два цягнікі: адзін штодзённы, другі па выхадных. Схема іх руху такая. Цягнік №963 адпраўляецца з Асіповічаў штодня ўвечары і прыбывае ў Градзянку а палове адзінаццатай. Там ён начуе і а шостай раніцы наступнага дня адпраўляецца назад у Асіповічы. Па выхадных дадаецца яшчэ адзін цягнік: раніцай ён адпраўляецца з Асіповічаў і прыбывае ў Градзянку неўзабаве пасля адзінаццатай, у палове ж пятага вечара ідзе назад на Асіповічы.

Некалькі гадоў таму абодва цягнікі былі штодзённымі. Роўна тры гады таму адзін з жыхароў Асіповіцкага раёна на сустрэчы з Наталляй Качанавай скардзіўся, што ранішні штодзённы цягнік адмянілі. Наталля Іванаўна тады адказала:

«Развіццю рэгіёнаў надаецца самая вялікая ўвага, таму трэба не скарачаць колькасць цягнікоў, а радавацца, што людзі сюды едуць».

У вырашэнні гэтага пытання было даручана паглядзець, якая колькасць людзей карыстаецца рэйсам у гэты час. 

Фото: Tomkad.livejournal.com

Час у дарозе складае ад 1 гадзіны 29 хвілін да 1 гадзіны 37 хвілін. Гэта значыць, сярэдняя хуткасць руху складае ўсяго толькі каля 27-29 км/г. Кошт квітка — 1 рубель 76 капеек.

Чаму цягнікі адмяняюць?

У тэксце аб'явы сказана, чаму пасажырскія цягнікі адмяняюць:

«У сувязі з вельмі нізкім пасажырапатокам, а таксама наяўнасцю аўтобусных зносін на ўчастку Асіповічы — Градзянка».

Расклад аўтобусаў паказвае, што ёсць два штодзённыя аўтобусы Асіповічы — Градзянка (адпраўленнем з Асіповічаў каля паловы сёмай раніцы і каля гадзіны дня), а па пятніцах і суботах да іх дадаецца трэці аўтобус. Адлегласць у 53 км аўтобус праходзіць за 1 гадзіну 30 хвілін — 1 гадзіну 50 хвілін. Акрамя таго, жыхары часткі вёсак недалёка ад чыгункі таксама могуць скарыстацца аўтобусамі Асіповічы — Жорнаўка і Асіповічы — Пагарэлае. 

Цягнікі адменяць зусім?

У аб'яве сказана пра закрыццё пасажырскага руху. Але рух грузавы яўна застанецца. У пачатку артыкула гаварылася, што самым сваім кончыкам лінія трохі заходзіць на тэрыторыю Мінскай вобласці.

Пасажырскі рух заканчваецца ў Градзянцы яшчэ на Магілёўшчыне (Асіповіцкі раён), але рэйкі ідуць далей на поўнач і прыводзяць у Пухавіцкі раён Міншчыны. Там, паміж вёскамі Ляды, Рэчкі, Луч, Тадулічы і Каляіны знаходзяцца некалькі прадпрыемстваў, дзеля якіх чыгуначную лінію стогадовага ўзросту і працягнулі. 

Найперш гэта нафтабітумны завод. Ён так і называецца: унітарнае прадпрыемства «Нафтабітумны завод». Ён зарадзіўся ў 1991 годзе каля вёскі Каляіны як малое прадпрыемства «Вёска», а паўнавартасным заводам стаў у 1997-м. Прадпрыемства стваралася пад праграму развіцця сеткі аўтамабільных дарог Мінскай вобласці. Сёння гэта найбуйнейшы ў краіне вытворца дарожнага бітуму, бітумных эмульсій, халоднага асфальту, дахавай масцікі і іншай падобнай прадукцыі.

Крыху на поўнач, каля вёскі Тадулічы, знаходзіцца асфальтабетонны завод. Вось там, перад аўтадарогай Н9918, якая злучае Ляды і Рэчкі, рэйкі заканчаюцца зусім.

Фота: Аляксандр Лычаўка

У карпаратыўнай газеце «Железнодорожник Беларуси» начальніца станцыі Градзянка Ірына Харытончык расказвала:

«Усяго ў нас больш за 30 пастаянных кліентаў. Сярод іх прадпрыемствы не толькі Асіповіцкага раёна, але і суседніх Чэрвенскага і Бярэзінскага: вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Нафтабітумны завод», ААТ «Чэрвенскі райаграсэрвіс», ДРБУ-31 РУП «Дарожна-будаўнічы трэст №5», ДРБУ №121 — філіял КУП «Мінскаблдарбуд», ДЛГУ «Асіповіцкі вопытны лясгас», ДЛГУ «Жорнаўская эксперыментальная лясная база Інстытута лесу НАН Беларусі», ААТ «ФанДАК»».

Напрыклад, за 7 месяцаў 2014 года на станцыі Градзянка пагрузілі больш за 10 тысяч вагонаў, а выгрузілі 9 951 вагон, што, адпаведна ў 18 (!) і 6 разоў больш, чым за такі ж перыяд 2013 года. Гэта значыць, у сярэднім кожны дзень загружалі і разгружалі прыкладна па 47 вагонаў.

Калі састаў прыязджае з Асіповічаў у Градзянку, то цеплавоз адчапляе пасажырскія вагоны, а грузавыя адвозіць у Тадулічы на нафтабітумны завод, адтуль забірае іншую партыю вагонаў, у Градзянцы падхоплівае вагоны з дрэвам ці іншым грузам і паступова фармуе састаў на зваротны шлях.

Фото: Tomkad.livejournal.com
Фото: Tomkad.livejournal.com

Так што без руху чыгуначная лінія наўрад ці застанецца, затое кіраўніцтва чыгункі зможа ашчадзіць на абслугоўванні пасажырскай яе часткі: залы чакання, продаж і праверка білетаў і ўласна адпраўка цягніка толькі таму, што графік абавязваў.

Падчас уласнай паездкі Blizko.by у Градзянку і назад таварных вагонаў не было зусім. Гэта значыць, што таварныя вагоны можна будзе збіраць-счапляць не да пэўнага раскладу штодзённага цягніка, а «па меры напаўнення».

Фота: Tomkad.livejournal.com

Гэта ж ужо не першая закрытая чыгуначная лінія ў Беларусі?

Blizko.by расказваў: пачынаючы з 2014 года ў Беларусі закрылі пасажырскі рух па некалькіх лініях. Асабліва ўзмацніўся гэты працэс пасля пандэміі каранавіруса.

Вось кароткі спіс ліній, дзе больш няма ніякага пасажырскага руху.

  • Крычаў — Шасцёраўка (і прамежкавыя прыпынкі Крычаў-2 і Звязда);
  • Бялынкавічы — Журбін (і прамежкавая станцыя Боні);
  • Церахоўка — Куток;
  • Гарынь — Бухлічы;
  • Андрэевічы — Бераставіца (і прамежкавыя Мсцібава, Леснікі, Рудаўка, Жылічы);
  • Парэчча — Вучыцель (і прамежкавы прыпынак Чарнуха).

Акрамя таго, закрыліся прыпыначныя пункты на некаторых іншых лініях, дзе пасажырскія цягнікі ходзяць, але не спыняюцца.

Фота: Аляксандр Лычаўка

Каментары17

  • Ёсік
    14.04.2025
    Не такая вялікая краіна Беларусь, каб пазбаўляцца чыгункі і перавозак жыхароў. Зьвярнуўся да качанавай. Лепей бы ў лесе з дрэвамі паразмаўляў, адпачыў бы і зьняў напружанасьць.
  • lucky
    14.04.2025
    Нейкі дэпрэсняк
  • Сум
    14.04.2025
    Ёсік, на вялікі жаль, досьвед суседзяў (Расею ня ўлічваем) ня лепшы, і там таксама дзе-недзе закрывалі лініі.

    Ва Ўкраіне ёсьць цікавыя вузкакалейкі, але з часам там ці то закрыліся якія, ці якіх "фішак" згубілі. Крыўдна тое.

Цяпер чытаюць

Расіяне размялі гатэлі ў Мінску на майскія, арэндныя кватэры сталі па лонданскіх цэнах. Калі ёсць свая — можаце добра зарабіць

Расіяне размялі гатэлі ў Мінску на майскія, арэндныя кватэры сталі па лонданскіх цэнах. Калі ёсць свая — можаце добра зарабіць

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчук месяц змагаецца з таблічкай «Купляйце беларускае» ў краме: яе прымацавалі на расійскія сыркі4

Дзе цяпер працуе былая фаварытка Лукашэнкі Марыя Васілевіч12

Расіяне расстралялі беларуса, які адмовіўся ісці на «мясны штурм» ва Украіне13

Патрушаў пагражае забраць ва Украіны Адэсу13

Рыбак пад Мазыром злавіў аграменнага сома — змагаўся 30 хвілін4

Арыне Сабаленцы давялося вячэраць крэветкамі з прычыны блэкаўта ў Іспаніі2

Наталля Цылінская: Замужам я была чатыры разы. Мы створаны, каб нас насілі на руках, калі крыху буйнейшая — пакліч сябра8

Узарваны пад Масквой генерал Маскалік рыхтаваў для Пуціна матэрыялы пра вайну ва Украіне2

Прэм'ер-міністр Канады Марк Карні: Старыя адносіны з ЗША скончыліся

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расіяне размялі гатэлі ў Мінску на майскія, арэндныя кватэры сталі па лонданскіх цэнах. Калі ёсць свая — можаце добра зарабіць

Расіяне размялі гатэлі ў Мінску на майскія, арэндныя кватэры сталі па лонданскіх цэнах. Калі ёсць свая — можаце добра зарабіць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць