Расіяне, набліжаныя да Крамля, сотнямі атрымліваюць сербскія пашпарты, якія даюць бязвіз у Еўрасаюз
Улады Сербіі з 2022 года па красавік 2025-га прынялі больш за 330 чалавек у грамадзянства краіны, сярод якіх 204 — грамадзяне Расіі. Гэта стала магчымым дзякуючы спецыяльнаму ўказу аб прыняцці ў грамадзянства за заслугі перад краінай, даведаліся «Важные истории».

Расследаванне паказала, што многія з тых, хто атрымаў грамадзянства Сербіі за заслугі, звязаныя з абаронным комплексам Расіі, крамлёўскімі алігархамі, дзяржкарпарацыямі і нават спецслужбамі. Ніводзін з іх не знаходзіцца ў санкцыйных спісах, што дазваляе свабодна падарожнічаць па свеце з сербскім пашпартам.
Напрыклад, сербскія пашпарты атрымліваюць функцыянеры, звязаныя з Федэрацыяй бокса Расіі (ФБР) і Міжнароднай асацыяцыяй бокса (IBA). Напрыклад, сярод такіх Умар Крамлёў, былы кіраўнік ФБР, а цяпер кіраўнік IBA. Ягоная кар'ера звязаная з цеснымі адносінамі з генералам Федэральнай службы аховы Аляксеем Рубежным, з якім ён пазнаёміўся ў байкерскім клубе «Начныя ваўкі».
Таксама грамадзянства Сербіі атрымалі некалькі блізкіх да Крамлёва асоб, сярод якіх трэнер Аляксей Галееў, які працаваў з вядомымі расійскімі баксёрамі. Да расійскай баксёрскай індустрыі належаць таксама намеснік Умара Крамлева ў IBA, функцыянер з Паўночнага Каўказа Абдулмуталім Абакараў, чачэнскі баксёр Сумайд Халідаў, блізкі да Рамзана Кадырава, а таксама былы кіраўнік службы бяспекі Расійскіх чыгунак і аховы бізнэсу алігархаў Аркадзя і Барыса Ротэнбергаў Віктар Шэндрык.
Пашпарт Сербіі і безвізавы ўезд у ЕС імкнуліся атрымаць таксама менеджары і супрацоўнікі расійскіх абаронных прадпрыемстваў і іх сваякі. Найбольш масавая міграцыя датычыць людзей, звязаных з канцэрнам «Радыёэлектронныя тэхналогіі» (КРЭТ), найбуйнейшым вытворцам сістэм РЭБ у Расіі і авіёнікі для вайсковых самалётаў і верталётаў.
Так, падчас вайны грамадзянства Сербіі атрымала Анастасія Колесава, дачка былога кіраўніка КРЭТа і экс-губернатара Амурскай вобласці, які знаходзіцца пад санкцыямі ЕС, Мікалая Колесава. Цяпер ён узначальвае холдынг «Верталёты Расіі». Таксама грамадзянкай Сербіі стала маці Анастасіі Альбіна Колесава, якая да 2019 года працавала на Казанскім оптыка-механічным заводзе, вытворцы збройнай оптыкі.
Мае такі пашпарт і Святлана Кійко — жонка генерал-палкоўніка Міхаіла Кійко, былога намесніка кіраўніка Федэральнай службы па кантролі за абаротам наркотыкаў. У 2016 годзе яна заняла чацвёртае месца ў рэйтынгу самых багатых жонак расійскіх чыноўнікаў, задэкларавшы даход 548 мільёнаў рублёў, што ў 156 разоў больш, чым у яе мужа.
Яшчэ адзін новы грамадзянін Сербіі звязаны з Беларуссю — Аляксей Лямін, кіраўнік гандлёвага дома «БелАЗ», які з'яўляецца дылерам прадукцыі беларускага прадпрыемства. Кампанія таксама супрацоўнічае з бабруйскім заводам «Белшына», які пастаўляе шыны для аўтамабіляў расійскай арміі.
Таксама сярод «новых сербаў» нямала расіян, якія маюць сувязь з эканамічнай эксплуатацыяй акупаваных тэрыторый Украіны. Адзін з іх — Іван Сібіраў, ранейшы кіраўнік кампаніі «Будтранснафтагаз», якая належала блізкаму сябру Пуціна Генадзю Цімчанку. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне Сібіраў стаў саўладальнікам будаўнічай кампаніі «Р-строй», якая працуе ў акупаваных і разбураных расійскай арміяй украінскіх гарадах Марыупаль і Севераданецк.
Яшчэ адзін прыклад — Светлана Перавалава, якая разам з мужам, Віктарам Перавалавым, з'яўляецца часткай кампаніі «Высокакласныя аўтамабільныя дарогі» (ВАД). Кампанія займаецца будаўніцтвам дарог у анексаваным Крыме, у тым ліку пабудовай Керчанскага моста і трас «Таўрыда» і ад Симферопаля да заходняга ўзбярэжжа Крыма.
Сербскі пашпарт атрымаў і Дзмітрый Сяргееў — сябар віцэ-прэм'ера і былога міністра сельскай гаспадаркі Расіі Дзмітрыя Патрушава, сына генерала Мікалая Патрушава, былога дырэктара ФСБ, экс-кіраўніка Рады бяспекі Расіі і памочніка Пуціна.
Даследчык карупцыі Ілля Шуманаў мяркуе, што такая масавая выдача пашпартоў расіянам, звязаным з Крамлём і абароннай прамысловасцю, магла быць часткай палітычных дамоўленасцяў двух урадаў. У такім сцэнарыі ўрад Сербіі рызыкуе страціць перспектывы еўраінтэграцыі, затое можа атрымаць ад Масквы інструменты кантролю ва ўмовах масавых антыўрадавых пратэстаў, якія не спыняюцца ў краіне з пачатку 2024 года, кажа Шуманаў.
Менавіта падчас пратэстаў адбыўся ўсплёск выдачы пашпартоў Сербіі расіянам. Летась 86 з 137 новых пашпартоў «за заслугі» былі выдадзеныя расіянам, больш за 30 з гэтых расіян непасрэдна ці ўскосна звязаныя з расейскімі ўладамі і бізнэс-гігантамі. Паралельна таму, як улады Сербіі выпісвалі гэтыя пашпарты, у Расію рэгулярна прыязджаў сябар Мікалая Патрушава, віцэ-прэм'ер Сербіі Аляксандр Вулін. Ён праводзіў афіцыйныя перамовы з кіраўнікамі Службы знешняй разведкі і ФСБ, з самім Патрушавым, з Сяргеем Шайгу, Сяргеем Лаўровым і чыноўнікамі МЗС.
«Думаю, гаворка таксама ідзе пра нефармальную фінансавую падтрымку, выдачу пазык і крэдытаў, якія пойдуць на падтрыманне рэжыму. Плюс вельмі выгадныя кантракты з расійскімі кампаніямі. Прыцягненне расійскіх інвестыцый — гэта адзін з самых галоўных кручкоў, на якія можна падвесіць улады Сербіі. Там прысутнічае палітычная турбулентнасць. І Расія, напрыклад, можа даць інструменты па маніторынгу сацыяльных сетак. Усе аўтарытарныя практыкі, якімі Расея магла б падзяліцца, у Сербіі вельмі будуць запатрабаваныя. Пачынаючы ад сістэмы маніторынгу, канчаючы паліттэхналогіямі — напрыклад, ботафермы і гэтак далей», — разважае Шуманаў.
Цяпер ні экс-спецназаўцу ФСБ Віктару Шэндрыку, ні менеджарам ключавых расійскіх абаронных прадпрыемстваў нішто не перашкаджае ездзіць з пашпартам Сербіі без візы ў краіны Еўрасаюза, і ў Еўракамісіі тут няма інструментаў кантролю, акрамя ціску.
Журналісты сербскага выдання KRIK накіравалі афіцыйны запыт ураду Сербіі з просьбай растлумачыць, у чым менавіта заключаюцца інтарэсы краіны ў наданні грамадзянства пералічаным расейцам.
Лукашэнка, Пашынян, Фіца і Додзік. Хто яшчэ прыедзе на Парад Перамогі ў Маскву?
Распавядаем, што за новую зброю ўжылі ў Сербіі для разгону пратэстаў. Яна ўжо ёсць у Расіі
Сербская апазіцыя абвінаваціла ўлады ў выкарыстанні забароненай гукавой зброі супраць пратэстоўцаў
Сербія адклікала свой голас у падтрымку рэзалюцыі Генасамблеі ААН з асуджэннем Расіі
Лукашэнка запрасіў наведаць Беларусь прэзідэнта Сербіі
Каментары
[Зрэдагавана]