Балючая гісторыя ад «Купалаўцаў» — пра пошукі ідэнтычнасці і прадчуванне вайны. Пабывалі на прэм'еры «Валізка»
«Вольныя Купалаўцы» прэзентавалі спектакль «Валізка» ў рэжысуры Аляксандра Гарцуева. Апошняй прэм'ерай у гэтым сезоне ад трупы стала драматычная гісторыя пра балючы пошук ідэнтычнасці і навязлівае прадчуванне вайны, якая дыхае нам у спіну.

Аповед у спектаклі будуецца вакол галоўнага героя Франсуа Жако, якога ўвасабляе акцёр Аляксандр Казела. Глядач даведваецца, што жыццё ў мужчыны няпростае — ён цяжка дыхае і не мае апоры.
Па волі маці ён гадуецца ў інфармацыйным голадзе датычна любых звестак пра бацьку: тая, ратуючы сына ад траўматычнай праўды пра тое, што тата загінуў у газавай камеры, сама таго не разумеючы, разбурае частку існасці Франсуа. Гадуецца чалавек, але з паловай сэрца, адным лёгкім і адным вокам. Ён адчувае сябе непаўнавартасным і, па сутнасці, такім і з’яўляецца — гэтая адсутнасць паловы апоры ў сабе ўплывае на ўсе сферы яго жыцця — на тыя ж стасункі з жонкай, якія трашчаць па швах.
Валявым націскам жонкі Франсуа вырашаецца выправіцца на пошукі адказаў на разбуральныя для яго пытанні. Ногі прыводзяць яго ў мясцовы музей катастрофы і знаёмяць з тамтэйшым гідам, ролю якога выконвае Зоя Белахвосцік. У актрысы выдатна атрымалася перадаць магчымыя псіхічныя наступствы нават проста ад працы з цяжкімі тэмамі. Само штодзённае знаходжанне ў месцы са страшнымі экспанатамі настолькі невыноснае для яе, што яна вар’яцее і збіраецца звальняцца.
Па ходу аповеду глядач даведваецца, што рэчы, якія захоўваюцца ў музеі, належаць загінулым у канцэнтрацыйным лагеры Аўшвіц. Найбольш там валізак, у якія людзі складвалі з сабой у дарогу самыя каштоўныя рэчы — цэлы сусвет. Праўда, тыя ім так і не спатрэбіліся.

Для гіда невыносна не толькі само знаходжанне сярод рэчаў-сведак чалавечых трагедый, але і факт, што гэта нікога анічому не вучыць. Зоя Белахвосцік ад імя свайго персанажа агучвае заманлівую ідэю: мабыць, спаліць музей катастрофы датла, усё забудзецца, даруецца і тады зажывём? Але цень Франсуа служыць жывым прыкладам таго, якім можа стаць чалавек нават без часткі мінулага, без памяці.
Адначасова гумарная і меланхалічная партыя выпала ў спектаклі акцёру Змітру Есяневічу. Ён — паэт, пясняр сучаснасці, але раскрыць да канца свой талент не можа. Прычына можа хавацца ў расфакусаванасці — настроіць свой фокус ён змог бы толькі на роднай зямлі, у любімай краіне.

Купалаўцы абяцалі блізкі беларусам матэрыял, нягледзячы на тое, што абралі для новай пастаноўкі матэрыял польскай аўтаркі Малгажаты Сікорскай-Мішчук (між іншым, адной з найбольш выбітных прадстаўніц сучаснай польскай драматургіі). Сваё абяцанне творцы стрымалі. Нават не ведаючы першакрыніцы і не чытаючы анатацыі, бачачы адну толькі назву — «Валізка», ты ўжо ідзеш у тэатр з разуменнем, што на сцэне перад табой расхінуць чамадан з успамінамі. У кожнага яны будуць свае — пра эміграцыю, рэчы, якія кінулі ў адзін заплечнік, пра скамячаныя на дне беларускія рублі з прывітаннем з мінулага. У нашых валізках — сапраўды цэлы свет.
Вядома, у спектаклі найперш вымалёўваюцца страшныя вобразы з Другой сусветнай вайны і валізкі там — рэчы загінулых у фашысцкіх лагерах. Але на сённяшняй мапе свету войны зноў грукаюцца ў дзверы з розных бакоў. Мінулае не вучыць — з болем прамаўляецца і паўтараецца са сцэны.
Гэта гісторыя пра чалавека, які быў траўмаваны хлуснёй, недахопам інфармацыі і праўды. Як паказвае практыка, часам эфект тут можа быць горшым за наўпроставае сутыкненне з шокавай падзеяй. І як бы ні хацелася абстрагавацца ад мінулага ці навін, без гэтага мы ўжо будзем не цалкам сабой.
У канцы Франсуа пацвярджае гэта. «Я ёсць, я тут», — з гонарам і моцай агучвае ён. Ён зноў — поўны, а не паловісты, дзякуючы знойдзенай у музеі катастрофы інфармацыі пра свайго бацьку. Яна аказалася страшнай, але невядомасць была страшнейшай, без яе грунт пад нагамі размываўся.
Актрыса Валянціна Гарцуева, якая сыграла маці Франсуа, а таксама ролю Жаклін, расказала «Нашай Ніве», што для яе гэты твор як лекаванне. «Для мяне сам спектакль яшчэ і пра прыняцце. Здаецца, большасці беларусаў хоць раз на момант хацелася выціснуць з памяці негатыўныя ўспаміны, наш калектыўны жахлівы досвед. Але ж з багажу такога досведу вызначаецца чалавек, і спектакль для мяне менавіта пра гэта — як не згубіць сваёй часткі, сваёй асобы ў працэсе пошуку лепшага жыцця, лёгкага і спакойнага. Як прыняць нават тое, куды мы баімся глядзець».
Аповед гэтай гісторыі сапраўды цягнецца роўна, у нечым — медытатыўна. Таму ўсім, хто хоча падлячыць свае душы, варта праверыць наяўнасць квіткоў на паказы ў Варшаве 25 і 26 чэрвеня. Чарговая такая магчымасць з’явіцца ўжо ў новым сезоне.

Каментары