На судне ўзнік пажар.

Дрон атакаваў судна Грэты Тунберг у Міжземным моры падчас гуманітарнай місіі да Газы. Усе пасажыры засталіся цэлымі, піша News.com.au
22-гадовая шведская экаактывістка Грэта Тунберг разам з міжнароднай Global Sumud Flotilla накіроўвалася да сектара Газа, каб даставіць ежу і лекі і паспрабаваць прарваць ізраільскую блакаду. Флатылія, што складаецца прыблізна з 20 суднаў, адправілася з Барселоны на мінулым тыдні і планавала прыбыць у пункт прызначэння ў сярэдзіне верасня.
Аднак паблізу ўзбярэжжа Туніса судна Family Boat падверглася верагоднай атацы дрона, у выніку чаго на караблі ўспыхнуў пажар. Паводле слоў арганізатараў місіі, на борце было шэсць чалавек, усе яны засталіся цэлымі, аднак пажар пашкодзіў галоўную палубу і складскія памяшканні.
«Акты агрэсіі, скіраваныя на запалохванне і сарванне нашай місіі, не спыняць нас», — заявілі прадстаўнікі флатыліі.
Грэта пацвердзіла інцыдэнт і падкрэсліла, што галоўная мэта яе падарожжа — прыцягнуць увагу да гуманітарнай катастрофы ў Газе.
«Гэтая гісторыя — не пра нашае падарожжа, а пра Палестыну, пра тое, як людзей свядома пазбаўляюць базавых сродкаў для выжывання. І пра тое, як свет маўчыць», — адзначыла актывістка.
Гэта ўжо другая спроба Грэты Тунберг дабрацца да Газы. У чэрвені яна разам з групай актывістаў была затрыманая ізраільскімі сіламі і дэпартавана, калі іх судна Madleen наблізілася да палесцінскіх берагоў.
У ліпені яшчэ адна група міжнародных актывістаў таксама была перахопленая, калі спрабавала дабрацца да Газы на караблі Handala.
Каментары