Трамп: Расія патраціла мільёны даляраў і жыцці сваіх людзей, каб амаль нічога не захапіць
На сустрэчы з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам у Белым доме Дональд Трамп зноў заявіў пра сваё расчараванне ў сувязі з тым, што яму не ўдалося спыніць вайну Расіі з Украінай. А таксама панаракаў, што Эрдаган не надта хоча ў гэтым памагаць.

«Я ўрэгуляваў, як вы ведаеце, сем войнаў — а калі казаць шчыра, то, верагодна, і больш, калі б вы ведалі ўсе факты. Сем войнаў — і я думаў, што гэтую будзе параўнальна лёгка ўрэгуляваць, але я вельмі расчараваны.
Ён змагаецца люта, ён змагаецца даўно, і яны страцілі мільёны. І ведаеце, нягледзячы на ўсе масіраваныя бамбардзіроўкі за апошнія два тыдні, яны практычна не прасунуліся наперад. Падумайце пра гэта: яны амаль не заваявалі тэрыторый.
Я больш не буду нікога называць «папяровым тыграм», але Расія выдаткавала мільёны і мільёны даляраў на бомбы, ракеты, боепрыпасы і — самае галоўнае — жыцці сваіх людзей. І ўсё гэта дзеля таго, каб амаль нічога не захапіць. Думаю, прыйшоў час спыніцца. Сапраўды прыйшоў», — заявіў Трамп.
На яго думку, сённяшні суразмоўца Рэджэп Таіп Эрдаган таксама здольны паўплываць на ход канфлікту ва Украіне:
«І Пуцін, і Зяленскі паважаюць Эрдагана. Яго паважаюць усе, і я таксама», — заявіў прэзідэнт ЗША.
Праўда, як ён лічыць, пакуль што Эрдаган не зрабіў дастатковых намаганняў для спынення вайны.
«Ён можа аказаць вялікі ўплыў на вайну ва Украіне, калі захоча, але аддае перавагу таму, каб заставацца нейтральным. Але гэта чалавек, які, калі б уключыўся ў працэс, мог бы дамагчыся, мабыць, самага лепшага выніку. Ён ведае Пуціна гэтак жа добра, як і я».
Прэзідэнт ЗША неаднаразова заклікаў краіны НАТА і Еўрапейскага Саюза спыніць купляць нафту і газ у Расіі, абяцаючы, што калі яны зробяць гэта, то ён увядзе строгія санкцыі супраць дзяржаў, якія працягваюць імпартаваць расійскія энергарэсурсы, уключаючы Кітай.
Сярод краін НАТА Турцыя з'яўляецца найбуйнейшым імпарцёрам расійскіх вуглевадародаў. На яе прыпадае 26% закупак усімі краінамі Паўночнаатлантычнага саюза. Сайт Energy Intelligence паведамляў, што ў чэрвені Турцыя купляла больш за 300 тысяч барэляў расійскай нафты ў дзень.
Індыя папрасіла ў Трампа дазволу купляць нафту ў Ірана і Венесуэлы, каб не купляць расійскай
Ціханоўская перахапіла Трампа ў кулуарах ААН і падзякавала за вызваленне палітвязняў
Паліцыя Нью-Ёрка не пускала на вуліцы Манхэтана Эрдагана, пакуль там ехаў картэж Трампа
Аўтапэн замест партрэта. У Белым доме вытанчана паздзекаваліся з Джо Байдэна
Каментары