Мінскі гарадскі суд не вытрымлівае нагрузкі — не паспяваюць судзіць палітвязняў
Сталічных «Гаюноў» вымушана адпраўляюць судзіць у рэгіёны.

Мінскі гарадскі суд страшна перагружаны палітвязнямі, канвеер працуе на шалёнай хуткасці і, здаецца, ужо не вытрымлівае нагрузку. Здараюцца дні, калі да 90% разглядаемых спраў — палітычныя.
Дзяржава хавае дакладную інфармацыю пра колькасць палітычных працэсаў, можна сабраць толькі ўскосныя звесткі. Ад пачатку года па ўсёй Беларусі было дададзена ў спіс «экстрэмістаў» 975 чалавек — адпаведна, усіх гэтых людзей ужо прапусцілі праз суды, іх прысуды паспелі ўступіць у законную сілу. Гэта значыць, што рэальна іх судзілі прыкладна ў кастрычніку 2024 — жніўні 2025 года, але, груба акругляючы, будзем лічыць іх сёлетнімі палітвязнямі.

Як падзялілася судовая нагрузка па рэгіёнах?
411 чалавек судзілі за палітыку ў раённых судах Мінска. Туды трапляюць палітвязні з лёгкімі крымінальнымі артыкуламі, як, напрыклад, удзел у пратэстах.
Яшчэ 235 чалавек асудзілі ў раённых судах Беларусі. Ізноў-такі, па лягчэйшых справах.
Усе абласныя суды ўзялі на сябе яшчэ 177 палітвязняў з цяжэйшымі артыкуламі.
І вось, нарэшце, Мінскі гарадскі суд, таксама з цяжэйшымі справамі. Тут, у адным судзе, ад пачатку года вынеслі прысуды 152 палітвязням. Прычым варта адзначыць, што калі любы чалавек, асуджаны ў раённых судах Мінска, піша апеляцыю, то яе будзе разглядаць Мінскі гарадскі суд. Гэты разгляд дзяжурны, амаль заўсёды бессэнсоўны, але ўсё адно нейкую дадатковую нагрузку на судовую сістэму ён стварае.
Гаворка не пра тое, што суддзяў Мінскага гарадскога суда трэба пашкадаваць, не. Проста даводзіцца канстатаваць, што яны не спраўляюцца з такой колькасцю палітвязняў.

У лютым 2025 года сілавікі атрымалі доступ да бота праекта «Беларускі Гаюн». Пачаліся арышты па ўсёй краіне. У звычайнай сітуацыі расследаванне такіх крымінальных спраў павінна ўкласціся ў паўгода, пасля чаго іх перадаюць суд. Закон даволі строга вызначае тэрміны, у якія павінен пачацца працэс.
Паўгода ад пачатку арыштаў прайшло, інфарматараў «Гаюна» масава судзяць ва ўсіх абласных судах — але толькі не ў Мінску.
Як стала вядома «Нашай Ніве», людзей, арыштаваных у сталіцы па гэтай вялікай справе, масава адпраўляюць судзіць у абласныя суды — бо суддзі Мінскага гарадскога суда не паспяваюць іх абслужыць. Гаворка не пра адзінкавыя сітуацыі, нам вядома пра больш за дзесяць такіх выпадкаў.
Гэта значыць, што палітвязняў павязуць перад судом у СІЗА абласных цэнтраў, а іх сваякам давядзецца катацца туды-сюды і на сам працэс, і на спатканні.
Больш за тое, з Мінскага гарадскога суда аддаюць у абласныя суды не толькі сталічных «Гаюноў», але і палітвязняў, абвінавачаных па некаторых іншых артыкулах.
Каментары