Эканоміка11

Еўразійскі банк развіцця рэкамендуе ўладам Беларусі абмежаваць унутраны попыт

Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) настойліва рэкамендуе ўладам Беларусі «значна абмежаваць унутраны попыт». Пра гэта гаворыцца ў ацэнцы справаздачы Міністэрства фінансаў Беларусі аб выкананні ўмоў 2-га траншу крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС (АКФ), якая падрыхтавана экспертамі ЕАБР.

Як адзначаецца ў дакуменце, у выніку працягу ў 2011 годзе палітыкі празмернага стымулявання ўнутранага попыту, дагэтуль не ўдалося вырашыць ключавую праблему эканомікі Беларусі — крытычна высокі дэфіцыт рахунку бягучых аперацый. Правядзенне такой палітыкі выклікала трохзначную інфляцыю і нарастанне праблем у банкаўскім сектары.

У мэтах найхутчэйшай стабілізацыі макраэканамічнай сітуацыі ЕАБР «настойліва рэкамендуе ўладам Беларусі значна абмежаваць унутраны попыт праз спыненне эмісійнага фінансавання дзяржаўных праграм і узмацненне жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі, у тым ліку праз павышэнне рэальных працэнтных ставак да станоўчага ўзроўню».

Як гаворыцца ў дакуменце, на фоне праблем з валютай у пачатку мінулага года інтэнсіўнае фінансаванне дзяржпраграм з эмісійных крыніц (7% ВУП за першыя пяць месяцаў) і значнае павелічэнне зарплаты справакавалі больш глыбокую, чым чакалася, дэвальвацыю беларускага рубля і імклівы рост цэн у эканоміцы. Спажывецкія цэны за 10 месяцаў узраслі на 89%, а цэны вытворцаў — больш як у два разы. Як чакаецца, паводле вынікаў года ІСЦ перавысіць 120%.

Эмісійнае фінансаванне ў другім паўгоддзі некалькі запаволілася — часткова дзякуючы спыненню мэтавага крэдытавання эканомікі з боку Нацбанка. «Тым не менш, за дзевяць месяцаў фінансаванне дзяржпраграм з эмісійных крыніц склала 10 трлн. рублёў (5,3% ВУП), і працягваецца далей, ставячы пад пагрозу выдачу 3-га траншу, паводле ўмоў якога аб’ём крэдытаў па дзяржпраграмах не павінен перавышаць 4% ВУП па выніках года», — сказана ў дакуменце.

Спецыялісты канстатуюць: ва ўмовах высокай інфляцыі і дэвальвацыі, якія суправаджаліся множнасцю курсаў, у другой палове года пачалося запавольванне інвестыцыйнай і спажывецкай актыўнасці. Тэмпы прыросту ВУП знізіліся з 13,1% у студзені-маі да 7% у студзені-кастрычніку з чаканым далейшым зніжэннем да 4,5% паводле вынікаў года. Гэтыя ж фактары пачалі адбівацца на стане банкаўскага сектара, узмацніўшы ўразлівасць ліквіднай пазіцыі банкаў у замежнай валюце і пагоршыўшы якасць іх актываў.

Нягледзячы на некаторае паляпшэнне ў гандлі таварамі і паслугамі апошнім часам, дэфіцыт рахунку бягучых аперацый (РБА) застаецца па-ранейшаму высокім. Калі ў 2010 годзе ён фінансаваўся прыватызацыйнымі паступленнямі, то сёлета — назапашваннем знешняй запазычанасці, выплата працэнтаў па якой, у сваю чаргу, прыводзіць да чарговага пагаршэння РБА.

Узровень міжнародных рэзерваў пры гэтым застаецца «непрымальна нізкім і не перавышае 1,2 месяца імпарту».

Як падкрэсліваецца ў дакуменце, роля скарачэння ўнутранага попыту ў цэлым як фактару стабілізацыі эканомікі ўзрастае ў цяперашніх умовах шматразова. Далейшы працяг яго стымулявання як інструмента росту ВУП непазбежна прывядзе да чарговага вітку інфляцыі, далейшай дэвальвацыі рубля і росту знешняга доўгу.

Нагадаем, 30 снежня 2011 года Беларусі быў пералічаны другі транш крэдыту АКФ у 440 млн. долараў. У адпаведнасці з зацверджаным раней планам, трэці транш крэдыту ў 440 млн. долараў павінен быць выдзелены Беларусі не пазней за 28 лютага 2012 года.

Каментары1

Польшча закрывае мяжу з Беларуссю ў сувязі з вучэннямі «Захад-2025»

Усе навіны →
Усе навіны

У Непале адмянілі забарону на сацсеткі пасля масавых пратэстаў зумераў, у ходзе якіх загінулі 19 чалавек6

49-гадовая мінчанка стала студэнткай ВНУ2

У мінскай СДЮШАР 29-гадовы трэнер ударыў вучня — а калі атрымаў вымову, то неўзабаве памёр4

«Фандрайзінг — як спатканні… для нізкіх мужчын». Дзмітрый Гурскі, кіраўнік Flo Health, расказаў пра досвед прыцягнення інвестыцый1

Сілавікі затрымалі пару, якая заснавала адзін з найбуйнейшых таксапаркаў краіны4

Як праходзіць уезд у Латвію па новых правілах. Расказваюць відавочцы9

Вынесены прысуд бацьку ў Краснаярскім краі, які атруціў сям'ю дыхлафосам — чацвёра дзяцей памерлі5

Жыхар Вілейкі злавіў сома вагой 44 кілаграмы — гэта рэкорд3

У Кальварыйскім касцёле ў Мінску вісіць укрыжаванне Хрыста, якое належала вялікаму князю Ягайлу?9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Польшча закрывае мяжу з Беларуссю ў сувязі з вучэннямі «Захад-2025»116

Польшча закрывае мяжу з Беларуссю ў сувязі з вучэннямі «Захад-2025»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць