Меркаванні1414

Беларуская глыбіня. Рваныя раны ворыва

Піша Павел Севярынец.

    Пяты анёл затрубіў, і ўгледзеў я зорку,
    Што ўпала з неба
    на зямлю,
    І дадзены ёй ключ ад калодзежа бездані.
    Адкрыццё, 9:1

Куплінскі склад аўтазап-частак, на якім мне даводзіцца працаваць за трыста метраў ад каменды, — найбольшы ў Пружанскім раёне. У былым танкавым ангары на 400 кв.м — жалеза да трактароў «Беларус», МАЗаў, савецкіх грузавікоў, сельгастэхнікі; падшыпнікі, фільтры, рамяні ды шлангі розных калібраў, эмалі, гаруча-змазачныя матэрыялы, разнастайныя інструменты — ажно да аптэчак і электрапастухоў. Калгасы раёна, калісьці перайменаваныя ў ААТ, затаварваюцца менавіта тут.

Склад — гэта звыш чатырох тысяч найменняў, дзе памылка ў нумары акумулятара ці трактарнай шыны будзе каштаваць табе месячнага заробку;
гэта змораныя, бегма, купцы, інжынеры і механікі (якія прызнаюцца, што маюць хіба адзін выходны на год — 1 студзеня); гэта некалькі дзясяткаў сваіх рабочых, чорных ад мазуты і пылу, якім трэба выдаваць снадзіва і рыштунак, а таксама процьма ластавак, што напаўняюць былы ангар шчабятаннем, лепяць гнёзды ў скрыжаваннях бетону, віртуозна вылоўліваюць мух ля вокнаў і дзвярэй і выводзяць маленькіх, якія шэрагам, не раўнуючы ноты, сядзяць на лініях дроту ды пачаргова, быццам у мульціках, вучацца ціўкаць.

Месячны абарот тут ідзе на мільярды, вага жалеза — на тоны, і спаленыя нервовыя клеткі — напэўна, адзінае, што ўліку не паддаецца.

Калгасу, які прыязджае, трэба паказаць, што ёсць, запісаць, аддаць накладныя і выдаць, а часцяком і дапамагчы пагрузіць.

Жалезная плынь.

Дзякуй Богу, кладаўшчык — баптыст Слава: за парадак можна не хвалявацца. Брат Слава прайшоў і турмы, і бамжаванне, пакаяўся, прыняў Хрыста — і цяпер адзін з кіраўнікоў тутэйшай памеснай царквы. Дапамагае галоўны інжынер Максімавіч — сціплы ды ўсмешлівы беларус-тэхнар з вёскі Забэйды-Суміцкага, знаўца ўсяго неверагоднага жалеззя, вечна на тэлефоне, на запраўцы або ў майстэрнях…

Але сам, маючы з тэхнікі хіба што ровар, часам знемагаеш ад атупення.

А Госпад жа папярэджваў… У СІЗА КДБ тры месяцы прапускаў міма вушэй бясконцыя аповеды галоўнага інжынера МТЗ пра карданы, рэлюшкі і гідрацыліндры — і вось трапляеш акурат туды, куды едуць па запчасткі для 850 «Беларусаў»!

Большасць усяго металу, гумы ды «хіміі» са складу сыходзіць у малако: менавіта «малочка» дае 9/10 экспарту Пружанскага раёна. Трактары, сеялкі ды касілкі працуюць на кармах і збожжы для фермаў; шлангі, вёдры ды вілы ідуць наўпрост у кароўнікі; грузавікі развозяць малако па гіпермаркетах.

Прыязджаюць тыя, каго гараджане мімаходзь называюць «калхознікамі» — няшчасныя, дабрадушныя і простыя сімпацягі:
то стрыманыя, то жартуны, то змрочна-засяроджаныя, каржакаватыя дзядзькі або асаністыя маладзёны з густымі брывамі ды галасамі, кожны з непаўторнай паляшуцкай ці ліцвінскай гаворкай — адразу ўяўляюцца дрэвы, выкарчаваныя дзесьці ў Пушчы!..

Размаўляеш — і разумееш: калгасы, што засталіся на Пружаншчыне, або выцягваюць за кошт колішніх пракаповіцкіх уліванняў Нацбанка — або «выязджаюць» на некалькіх трывушчых беларусах-працаголіках, прыроджаных земляробах, хто яшчэ не спіўся; імі затыкаюць усе дзіры. У стратнай, друзлай, яшчэ саўковай сістэме апошні запас — унутраная, валовая тутэйшая працавітасць.

Невынішчальныя, вечныя беларусы, знявечаныя калектывізацыяй ды атэізмам, яны ўсё захоўваюць у кутках вачэй, у вуснах, у цяжкім маўчанні сваю беларускую таямніцу — як удаецца выжыць, карміць горад ды трымаць для дзяцей ды ўнукаў дзесь глыбока-глыбока гарчычнае зерне надзеі.

А гаспадарыць на беларускай зямлі па-ранейшаму сталінскі калгас.

З размоваў з інжынерамі высвятляецца, што львіная доля трактароў у гаспадарках стаіць; што ў нідэрландскіх комплексаў, закупленых на фермы за вялізныя грошы, зімой замярзаюць паілкі (не разлічылі — іншы клімат); людзі саромеюцца нават казаць, колькі зарабляюць; крадзеж, п’янства, безадказнасць — норма; гісторыі пра калецтвы і смерці (таму тэхніка на полі раструшчыла косткі, той упаў у жатку, таго забіла токам) несканчоныя… і ўсе, усе згаджаюцца, што ўсім усё абыякава.

Вёска нават тут, у Заходняй Беларусі, як жывы арганізм — гніе.

З зямлі рвуць тое, што аддасць. Гвалтам. Бо трэба вал. Бо (гарачы ком. прывет) — загад.

Паступае каманда: 20-га сеяць! І хоць аграном ведае, што зямля яшчэ не адтаяла, што палова плошчаў — яшчэ балота, і сеяць па загадзе — значыць гробіць тэхніку і насенне, дзецца няма куды: на палях ужо кантралёры, і гора тым, хто не вывеў трактар на пашу. Клянуць начальства і асабіста вярхоўнага галоўнакамандуючага — і едуць у Куплін закупаць цапы, трактарныя карданы ды генератары: ведаюць, што дурных паломак ды перасеваў будзе да горла.

Уборка? Зноў: усе на бязлітасную барацьбу з ураджаем.

Або «семінары» (раённыя ці абласныя накачкі з выездам на палі ўзорных гаспадарак). За два-тры дні да «семінара» замест 10-12 калгасаў штодня прыязджае па 15-20 і размятаюць фарбу, шчоткі, рыдлёўкі, вілы ды лямпачкі — каб, раптам што, было чыста і мігцела.

На куплінскім складзе рваны рытм калгаснага жыцця, бы хвароба сэрца, толькі аддаецца знадрыўным, з перабоямі, грукатам жалеза.

Краіна Беларусь — адна з найбагацейшых зямлёю ў свеце: плошча ворыва на душу насельніцтва — амаль 0,7 га.

Але пакуль бязбожжа — Беларусь без збожжа. Ані побытавай сялянскай веры, ані прыватнай уласнасці — а інакш у зямным жыцці ніяк.

У ворыва па-ранейшаму няма гаспадара.

У людзей па-ранейшаму няма волі.

Па-ранейшаму дае свае ўсходы кроў, пралітая падчас калектывізацыі: раскулачаныя, сасланыя, забітыя, замораныя голадам; разрабаваныя сем’і, закінутыя вёскі… Колькі яшчэ пяцігодак зямля будзе вывяргаць, выціскаць з сябе, выкідаць разам з неўраджаямі боль і выпладні таго гвалту?

Даваць беларусам горкі хлеб з прысмакам крыві і поту?

Зразумець бы гэта мілым, здзіўленым і спакутаваным інжынерам…

А нам, гарадскім едакам, — убачыць бы, як часам дажджамі плача над гэтай знявечанай ірванымі ранамі зямлёю Бог…

Каментары14

Цяпер чытаюць

Дзядок патлумачыў, чаму вызвалілі менавіта тых палітвязняў, каго вызвалілі31

Дзядок патлумачыў, чаму вызвалілі менавіта тых палітвязняў, каго вызвалілі

Усе навіны →
Усе навіны

«Чувак дзела сказаў». Людзі масава падтрымалі студэнта-афрыканца9

Вы выкідваеце чэкі з крамаў у макулатуру? Вы жорстка памыляліся3

«Я дзейнічаў паспешліва і дапусціў некалькі памылак». Сяргей Ціханоўскі запісаў відэа пра 100 дзён на волі60

У Мінску прадаюць кватэру за $2,3 мільёна. Што прапаноўваюць за такія шалёныя грошы? ШМАТ ФОТА10

У Офісе Ціханоўскай пракаментавалі рашэнне знізіць узровень яе фізічнай аховы ў Літве17

Беларус прапусціў стартавы матч у НХЛ. У яго няма амерыканскай візы

Эксперты назвалі тры бытавыя прыборы, якія ні ў якім разе нельга ўключаць праз падаўжальнік12

«Падумаў, што недзе побач мядзведзь». Нобелеўскаму лаўрэату ў лічбавым дэтоксе ўсё ж паведамілі пра ўзнагароду2

Крык душы Жыгара пра групу Кавалеўскага: Гучаць заявы, што Лукашэнка легітымны прэзідэнт, хоць і не абраны дэмакратычна62

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзядок патлумачыў, чаму вызвалілі менавіта тых палітвязняў, каго вызвалілі31

Дзядок патлумачыў, чаму вызвалілі менавіта тых палітвязняў, каго вызвалілі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць