У Пецярбургу застрэлілі вядомага архітэктара на вачах 10‑гадовай дачкі. Забойца, меркавана, вярнуўся з вайны
Пасля расправы забойца зладзіў пажар у кватэры і пакончыў з сабой.

У Пецярбургу раніцай 8 кастрычніка забілі вядомага 73‑гадовага архітэктара Аляксандра Супаніцкага. Мужчыну застрэлілі каля ліфта ў пад’ездзе дома. Злачынства адбылося на вачах яго 10‑гадовай дачкі, якую ён збіраўся адвесці ў школу. Забойца змусіў абаіх стаць на калені, пасля чаго стрэліў Супаніцкаму ў патыліцу.
Як паведамляе «Фантанка», пасля забойства нападнік знік, але неўзабаве з апартаментаў паверхам ніжэй вырваўся дым.
Пажарныя патушылі агонь і выявілі ўнутры цела мужчыны з агнястрэльным раненнем — меркавана, гэта быў той самы стралок.
«Фантанка» паведамляе, што забойца мог быць удзельнікам вайны ва Украіне і меў канфлікт з Супаніцкім.
«8 кастрычніка ў доме на Краменчугскай вуліцы былі знойдзены целы дваіх мужчын, 49 і 73 гадоў, з агнястрэльнымі раненнямі. Папярэднім следствам устаноўлена, што пацярпелы раніцай выйшаў праводзіць дачку ў школу, каля ліфта ён сустрэў 49‑гадовага суседа. Апошні са свайго карабіна зрабіў выстрал у мужчыну. Пасля здзейсненага злачынства 49‑гадовы мужчына спусціўся ў сваю кватэру паверхам ніжэй і звёў рахункі з жыццём», — гаворыцца ў паведамленні пецярбургскага ўпраўлення Следчага камітэта.
Па некаторых звестках, нападнікам мог быць 49‑гадовы Канстанцін Козыраў, былы намеснік дырэктара будаўнічага холдынга «Петрарэст», раней судзімы за махлярства ў асабліва буйным памеры. Аднак афіцыйна гэта пакуль не пацверджана.

Аляксандр Супаніцкі — старшыня савета дырэктараў групы кампаній Suart і член Саюза архітэктараў СССР. Сярод яго вядомых работ — праекты станцый пецярбургскага метро «Горкаўская», «Фрунзенская» і «Парк Перамогі», аўтасалон Rolls-Royce, а таксама ўдзел у стварэнні канцэпцыі дзелавога цэнтра «Лахта».
Каментары