Архіў

СУД НАД БЕЛАРУСКАЙ МОВАЙ. (Заява Мiжнароднага цэнтру супраць цэнзуры ARTICLE 19)

№ 15 (112) 1998 г.

СУД НАД БЕЛАРУСКАЙ МОВАЙ

 

Мiжнародны цэнтар супраць цэнзуры ARTICLE 19 5 жнiўня распаўсюдзiў у сьвеце свой даклад «Беларусь: узноўлены цiск на прэсу сьведчыць аб далейшых рэпрэсiях». Нiжэй мы публiкуем тэкст гэтага дакладу цалкам.

 

«29 траўня Беларускi дзяржаўны камiтэт па друку вынес папярэджаньне незалежнай газэце «Наша Нiва», заявiўшы, што «Наша Нiва» парушыла пункт артыкула 6 Закону «Аб друку i iншых сродках масавай iнфармацыi», якi сьцьвярджае, што ў сродках масавай iнфармацыi «не дапускаецца скажэнне агульнапрынятых норм выкарыстоўваемай мовы». Як сказана ў папярэджаньнi, «Наша Нiва» парушыла гэты пункт, ужываючы традыцыйную беларускую артаграфiю, якая iснавала ў 20-я гады, але была адмененая рэформай правапiсу ў 1933 годзе. «Наша Нiва» падала апэляцыю ў Вышэйшы Гаспадарчы суд з патрабаваньнем адмянiць папярэджаньне, абгрунтаваньнi якога, як лiчыць газэта, ня маюць дастатковай моцы. Суд павiнен разгледзець апэляцыю «Нашай Нiвы» 12 жнiўня. Старшыня Дзяржаўнага камiтэту па друку зазначыў, што калi «Наша Нiва» не прыслухаецца да папярэджаньня, то камiтэт мае ўсе паўнамоцтвы, каб перадаць справу ў суд. Такiя захады могуць прывесьцi на пэўным этапе да закрыцьця газэты. Да таго ж, Дзяржаўны камiтэт па друку ўпаўнаважаны ажыцьцяўляць або адмяняць рэгiстрацыю газэт ды iншых пэрыядычных выданьняу, безь якой яны ня могуць выходзiць у сьвет.

 

СУТНАСЬЦЬ ПРАБЛЕМЫ

«Наша Нiва», паводле яе самавызначэньня, — гэта незалежны сацыяльна-палiтычны i культурны дэмакратычны тыднёвiк i адзiная незалежная газэта, якая цалкам друкуецца на беларускай мове. Наклад газэты каля 5.000 асобнiкаў. Газэта «Наша Нiва» была заснаваная ў 1906 годзе i карысталася вялiкiм попытам у пару культурнага адраджэньня, якое працягвалася падчас пасьлярэвалюцыйнага ўздыму 20-х гадоў. У 1991 годзе, у канцы савецкай эпохi, калi Беларусь стала незалежнаю дзяржаваю, выданьне «Нашае Нiвы» было ўзноўленае. Газэта арганiзацыйна спалучаная зь iншымi культурнiцкiмi установамi, такiмi, як выдавецтва i Архiў найноўшае беларускае гiсторыi. Яна прапагандуе беларускую мову, культуру, нацыянальны суверэнiтэт i выкарыстоўвае традыцыйны беларускi правапiс «тарашкевiцу», якi ўжываўся у 20-я гады.

У звароце да грамадзкасьцi, якi «Наша Нiва» выпусьцiла, атрымаўшы папярэджаньне, сымбалiчная значнасьць традыцыйнае формы мовы, што выкарыстоўваецца газэтай, прыроўнiваецца да значнасьцi нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга i беларускага герба «Пагоня», у той час як правапiс 33-га году атаесамляецца з сымбалямi савецкай эпохi.

Паводле Канстытуцыi 1994 году беларуская мова мела статус дзяржаўнае мовы (з неабмежаваным выкарыстаньнем расейскае мовы як мовы «мiжнацыянальных зносiнаў»). Адпаведна рэвiзаванай Канстытуцыi, прынятай у спрэчных акалiчнасьцях пасьля рэфэрэндуму 1996 году, беларуская i расейская мовы атрымалi роўны статус як афiцыйныя. На працягу наступных 4-х гадоў афiцыйная дзяржаўная сымболiка таксама была зьмененая: нацыянальныя сьцяг i герб, прынятыя па атрыманьнi незалежнасьцi ў 1991 годзе, былi замененыя на сымболiку, якая ўжывалася ў Беларусi як адной з рэспублiк Савецкага Саюзу. Прэзыдэнт Лукашэнка ўчынiў шэраг мэтанакiраваных захадаў дзеля паўторнага злучэньня цi шчыльнейшай сувязi з Расеяй. Гэтыя захады выклiкаюць рашучы пратэст тых, хто бачыць у iх рэтраграднае iмкненьне да аднаўленьня структураў былога Савецкага Саюзу i хто верыць, што будучыня Беларусi — у ейнай незалежнай сувэрэннай дзяржаўнасьцi.

Артыкул 6 Закону «Аб друку» не вызначае, што такое «агульнапрынятая норма» мовы, якую належыць ужываць сродкам масавай iнфармацыi. Але папярэджаньне Дзяржаўнага камiтэту па друку спасылаецца на правiлы, усталяваныя рэформай правапiсу 1933 году. Гэтая рэформа была зацьверджаная дэкрэтам Савету народных камiсараў Беларускай ССР. Пазьней, у 1957 годзе, Савет мiнiстраў выдаў дэкрэт «Аб удакладненьнi i частковых зьменах iснуючага беларускага правапiсу», якi прадугледжваў абавязковае выкарыстаньне гэтых правiлаў у адукацыйнай сыстэме, але дзе нiчога не было сказана наконт сродкаў масавай iнфармацыi. Палажэньне артыкулу 6, на падставе якога грунтуецца папярэджаньне «Нашай Нiве», было ўведзенае папраўкай, якая ўступiла ў сiлу ў студзенi 1998 году i стала першым заканадаўчым палажэньнем, якое абавязвае прэсу выкарыстоўваць зацьверджаную форму мовы.

Каб дадаць свайму папярэджаньню важкасьцi, Дзяржаўны камiтэт па друку спаслаўся на знаходкi пэўнага акадэмiка, якi зрабiў лiнгвiстычны аналiз аднога нумару газэты. Паводле аналiзу акадэмiка, форма мовы, якую ўжывае «Наша Нiва», можа «садзейнiчаць пашырэнню непiсьменнасцi ў асяроддзi карыстальнiкаў беларускай мовы». Ён таксама лiчыць выкарыстаньне гэтае формы мовы «недапушчальным з маральна-этычнага пункту погляду», намякаючы, што ёю карысталiся фашыстоўскiя калябаранты падчас нямецкай акупацыi 1941-44 гг. У аналiзе акадэмiка гэтаксама прысутнiчаюць крытычныя заўвагi наконт яўнай «палiтычнай арыентацыi» ў разгледжаным нумары газэты.

У чэрвенi 1998 году, пасьля вынясеньня папярэджаньня «Нашай Нiве», Нацыянальны Сход прыняў новы Закон аб мове, падпiсаны прэзыдэнтам 17 лiпеня. У артыкуле 27 гэтага Закону ёсьць спэцыяльнае палажэньне аб мове, ужыванай у сродках масавай iнфармацыi: «(1) Мовай сродкаў масавай iнфармацыi... можа быць беларуская i/альбо расейская, а таксама мовы iншых нацыянальнасьцяў, прадстаўнiкi якiх пражываюць на тэрыторыi рэспублiкi. (2) У сродках масавай iнфармацыi не дазваляецца скажэньне агульнапрынятых нормаў мовы». Што ж да Закону «Аб друку», то папраўка да артыкула 6, якая патрабуе ад сродкаў масавай iнфармацыi прытрымлiвацца агульнапрынятай формы мовы, зьяўляецца адной з цэлага шэрагу абмежавальных паправак, якiя ўвайшлi ў сiлу ў студзенi 1998 году (дэталi гл. у дакладзе Мiжнароднага цэнтру супраць цэнзуры ARTICLE 19 за травень 1998 году пад назвай «Пятля зацягваецца»). Сярод шматлiкiх iншых паправак — палажэньнi, якiя пашыраюць абсяг сумнавядомага артыкула 5, у якiм прадугледжваецца шэраг абмежаваньняў зьместу матэрыялаў, што могуць быць апублiкаваныя, i ўвядзеньне стражэйшых патрабаваньняў дзеля рэгiстрацыi. Закон прадугледжвае закрыцьцё газэты ў выпадку «шматразовых парушэньняў» артыкула 5.

Яшчэ перад увядзеньнем дадатковых абмежаваньняў у папраўках студзеня 1998 году, у лiстападзе 1997 году Вышэйшым гаспадарчым судом за нiбыта «парушэньнi» артыкула 5 была зачыненая газэта «Свабода» (дадатковую iнфармацыю гл. у дакладзе ARTICLE 19 за травень 1998 году). Шэраг iншых выданьняў таксама атрымалi афiцыйныя папярэджаньнi за нiбыта парушэньнi гэтых палажэньняў. «Наша Нiва» атрымала два такiя папярэджаньнi з Генэральнай пракуратуры ў траўнi 1997 году за публiкацыю наступнага: 1. Велiкоднае пасланьне беларускаму народу ад Мiтрапалiта Беларускае аўтакефальнае праваслаўнае царквы (адгалiнаваньне царквы, якое не прызнаецца на афiцыйным узроўнi), што нiбыта «распальвае мiжканфэсiйную варожасьць»; 2. Артыкул гiсторыка пра зьнiшчэньне савецкiмi партызанамi цывiльнага насельнiцтва падчас Другой сусьветнай вайны, што нiбыта ёсьць «замахам на гонар i годнасьць грамадзянаў», хаця, як цьвердзяць у газэце «Наша Нiва», апублiкаваныя факты былi пацьверджаныя ў КГБ.

 

МIЖНАРОДНЫЯ НОРМЫ
АБАРОНЫ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА

Папярэджаньне, вынесенае газэце «Наша Нiва», цi кожны падобны крок, якi можа быць учынены ўладамi, каб накласьцi такога кшталту абмежаваньне на свабоду слова для незалежнае газэты, зьяўляецца яўным парушэньнем абавязкаў Беларусi ў рамках мiжнародных пагадненьняў аб правах чалавека, а менавiта абавязкаў Беларусi як дзяржавы-ўдзельнiцы Мiжнароднага пакту грамадзянскiх i палiтычных правоў, якi яна падпiсала ў 1973 годзе.

Артыкул 19 (2) Мiжнароднага пакту сьцьвярджае: «Кожны мае права на свабоднае выказваньне сваёй думкi; гэтае права прадугледжвае свабоду шукаць, атрымлiваць i распаўсюджваць любога роду iнфармацыю i iдэi, незалежна ад дзяржаўных межаў, у вуснай, пiсьмовай цi друкаванай форме, пры дапамозе мастацкiх сродкаў альбо любых iншых сродкаў на ягоны выбар». Абмежаваньне, якое забараняе недзяржаўным сродкам масавай iнфармацыi, iншым установам цi прыватным асобам ужываць мову i форму мовы на iхны выбар, яўна парушае гэтае палажэньне. Хаця ўрады шэрагу краiнаў дзеля практычных мэтаў вызначылi афiцыйную форму мовы для ўжываньня ў дзяржаўных органах i афiцыйных установах, любое падобнае абмежаваньне, накладзенае на недзяржаўную ўстанову, зьяўляецца вiдавочным парушэньнем мiжнародна абароненага права на свабоду слова.

Камiтэт ААН па правах чалавека, орган, заснаваны паводле згаданага Пакту дзеля назiраньня за выкананьнем дзяржавамi сваiх абавязкаў у межах гэтай Дамовы, разглядаў пытаньне аб свабодзе слова i мовы ў 1993 годзе, слухаючы справу паводле спозыску англамоўных жыхароў пераважна франкамоўнай часткi Канады наконт парушэньняў Артыкула 19. Камiтэт зрабiў наступную агульную выснову: «(а) дзяржава можа выбраць адну цi болей афiцыйных моваў, але яна ня можа выключаць па-за дзяржаўнай сфэрай свабоды самавыразу на мове паводле выбару асобы».

Зразумела, што свабода самавыразу на абранай мове ўключае ў сябе i абраную форму мовы. Абмежаваньнi, якiя перашкаджаюць газэце «Наша Нiва» i яе чытачам ажыцьцяўляць камунiкацыю на абранай мове i абранай форме мовы, зьяўляюцца грубым парушэньнем вышэйзгаданых мiжнародных абавязкаў. Хаця Артыкул 19 (3) Мiжнароднага пакту дазваляе некаторыя абмежаваньнi свабоды слова, дазволеныя абмежаваньнi вельмi сьцiсла вызначаныя i мусяць строга адпавядаць тром патрабаваньням:

Па-першае, абмежаваньне павiнна быць прадугледжана законам. Эўрапейскi суд па правах чалавека, камэнтуючы падобнае палажэньне ў Эўрапейскай канвэнцыi, пастанавiў разумець яго такiм чынам, што абмежаваньне павiнна быць «адэкватна ўспрымальным» i прадказальным, г.зн. «сфармуляваным з дастатковай дакладнасьцю, каб даць магчымасьць грамадзянiну паводзiць сябе адпаведна».

Па-другое, абмежаваньне павiнна служыць адной з наступных мэтаў, прадугледжаных дамовай, а менавiта: павазе да правоў i рэпутацыi iншых; абароне нацыянальнай бясьпекi цi грамадзкага парадку; абароне грамадзкага здароўя i маралi.

Па-трэцяе, любое абмежаваньне павiнна быць неабходным (альбо, кажучы словамi Эўрапейскай канвэнцыi, «неабходным у дэмакратычным грамадзтве»). Эўрапейскi суд вызначыў, што паняцьце «неабходнасьцi» прадугледжвае даказальную «пiльную сацыяльную патрэбу», што абмежаваньне павiнна быць сувымернае зь легiтымна апраўданаю мэтаю i што апраўдваць абмежаваньне мусяць адпаведныя i дастатковыя матывы.

Усе тры пералiчаныя патрабаваньнi павiнны быць вытрыманыя разам, каб любое асобнае абмежаваньне адпавядала нормам мiжнароднага права. Больш за тое, Камiтэт ААН па правах чалавека у сваiм Агульным камэнтары да Артыкула 19 Мiжнароднага пакту аб грамадзянскiх i палiтычных правах вызначыў, што «калi дзяржава-ўдзельнiца ўводзiць пэўныя абмежаваньнi на выкананьне свабоды слова, гэтыя абмежаваньнi ня могуць паддаваць небясьпецы самое права свабодна выказвацца».

Аргумэнты, якiмi абгрунтоўваецца патрабаваньне ўладаў да газэты «Наша Нiва» прытрымлiвацца афiцыйнага правапiсу, нi ў якiм разе не адпавядаюць гэтым крытэрам.

 

РЭКАМЭНДАЦЫI ЎРАДУ БЕЛАРУСI

Дзяржаўны камiтэт па друку павiнен адклiкаць сваё папярэджаньне газэце «Наша Нiва», абгрунтаванае названымi матывамi. Беларускiя ўлады не павiнны рабiць нiякiх iншых крокаў, зараз цi ў будучынi, каб прымусiць газэту «Наша Нiва» прыняць тую цi iншую форму мовы цi караць яе за выкарыстаньне формы мовы, афiцыйна не прызнанай. Урад павiнен перагледзець артыкул 6 Закону «Аб друку», а таксама зрабiць iстотны перагляд шматлiкiх iншых палажэньняў гэтага Закону, каб прывесьцi Закон «Аб друку» ў адпаведнасьць зь мiжнароднымi абавязкамi Беларусi па правах чалавека, якiя беларускi ўрад афiцыйна паабяцаў выконваць у сваёй заяве Камiсii ААН па правах чалавека ў красавiку 1998 году (дэталi гл. у дакладзе ARTICLE 19 за травень 1998 году).

Каментары

Цяпер чытаюць

Кіраўнік Ліды заклікаў сілавікоў не спыняць палітычных рэпрэсій28

Кіраўнік Ліды заклікаў сілавікоў не спыняць палітычных рэпрэсій

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Мінскам учора бачылі смерч

Час для вялікага наступу Расіі: якімі могуць быць «апошнія 50 дзён вайны»3

Аўтобус Мінск — Вільня з'ехаў у кювет у Валожынскім раёне

Для гараджан — перамога, для вяскоўцаў — трагедыя. Што паказала дзяржаўнае апытанне пра Другую сусветную вайну24

Ахова і дзясяткі людзей у камандзе: за што жыве Офіс Ціханоўскай у Вільні?49

Ужо ў адзінаццаць гадоў? Ва ўсім свеце ўзрост пачатку першых месячных працягвае маладзець7

З’явілася нечаканая версія прычыны знікнення Мельнікавай, якая «шмат што тлумачыць»37

Шматдзетная амерыканская сям’я ўцякла ў Расію ад «ЛГБТ-прапаганды». Муж ужо трапіў на вайну18

«Такога яшчэ не было». Адбылася масіраваная атака на Крывы Рог, Вінніцу, Харкаў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кіраўнік Ліды заклікаў сілавікоў не спыняць палітычных рэпрэсій28

Кіраўнік Ліды заклікаў сілавікоў не спыняць палітычных рэпрэсій

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць