Архіў

Сьвятлана Алексiевiч: "У мяне ёсьць нацыянальная афарбоўка"

№ 06 (127) 1999 г.


Сьвятлана Алексiевiч:

«У мяне ёсьць нацыянальная афарбоўка»

 

Дому лiтаратара зь ягонымi творчымi вечарынамi больш няма, выступы-лекцыi перад студэнтамi даюць чытаць хіба што Кшыштафу Занусi. Сваiм — не. Любая сустрэча творцы з чытачамі стае падзеяй. Цi даўно сустракаўся з чытачамi, да прыкладу, Рыгор Барадулiн? Выступ Сьвятланы Алексiевiч перад студэнтамi журфаку БДУ адбываўся ў характэрнай для ейных раманаў форме «жывога маналёгу» пра сябе. Вытрымкi зь яго прапануе наш карэспандэнт. Цікава, як пісьменьніца кажа «ня могуць» там, дзе магла б сказаць «ня хочуць»; «наша», дзе магла б — «расейская»; «аднолькавыя», дзе магла б — «розныя»; «мы», дзе – «я»...

С.А.: Аднойчы добры беларускi пiсьменьнiк Валянцiн Тарас сказаў мне: «Сьвятлана, я люблю Вашыя кнiгi, але нечага я не прымаю» – і прачытаў урывак з «Цынкавых хлопчыкаў».

Абед. Хтосьцi сілкуецца, хтосьцi палiць, хтосьцi пайшоў да ветру. I ў гэты час — iмгненны абстрэл, імгненны, як віхор. Маёр узьнімае галаву: адзiн ляжыць, уторкнуўшыся носам у кашу, другi ўжо мёртвы, а цыгарэта яшчэ гарыць, а ў трэцяга прарэх расшпiлены, капае, а ён ужо забiты.

Валянцiн Тарас кажа: «Як Вы можаце гэтае пiсаць? Гэтага нельга, гэта па-за межамi мастацтва». Я кажу: «Спадару Валянцiне, асабiста для мяне тут i пачынаецца мастацтва, пачынаецца чалавечы крык — жыцьцё па-над усім». За кожным часам iснуе свая эстэтыка.

Кажуць, у мяне кан’юнктурныя тэмы. Але ж я пiшу пра вайну праз 40 гадоў, пра Чарнобыль праз 12, калi ўжо ёсьць дзясяткi i сотнi кнiг. Чалавек нічога пра сябе да канца ня ведае. Нiводная тэма ў сьвеце не раскрытая да канца. Глядзеце, Спiлбэрг: зрабiў фiльм пра вайну i перавярнуў разуменьне абсалютна. У прынцыпе, вайна, звычайнае жыцьцё, космас альбо яшчэ нешта — паўсюль дзейнiчае адная й тая ж асоба: чалавек i яго душа, ягоная цемра, тое, што аддзяляе яго ад расьлiны.

 

Пра нацыянальнае пытаньне

— Калi я атрымала прэмiю «Трыюмф», «Литературная газета» напiсала, што Сьвятлана Алексiевiч — безумоўна расейскi пiсьменьнiк, толькi жыве ў Менску. Для мяне гэта складанае пытаньне. Я прасякнутая абедзьвюма культурамi. Я, безумоўна, беларускi пiсьменьнiк, якi пiша па-расейску. Рэч у тым, што я пiшу пра савецкiх людзей. У мяне ёсьць нацыянальная афарбоўка, але з чалавека, якi жыве тут, я выводжу чалавека ўвогуле, якi жыве паўсюль. Генэрал, якi здымае свой шынэль, i цывiльны, балiвiец i расеец уначы аднолькавыя.

Нацыянальнае пытаньне пры канцы дваццатага стагодзьдзя набывае iншае адценьне: пасьля Чарнобылю, асаблiва на мёртвай зямлi, адчуваеш сябе ня немцам, французам, беларусам, расейцам, а прадстаўнiком увогуле нейкага чалавечага бiявiду. Адбываецца ўнiвэрсалiзацыя: нацыянальнасьць выступае ў новых межах. Мы не асэнсоўваем гэтых межаў i не прапануем новых пытаньняў.

Я перачытваю свае iнтэрвiю, Пазьняковы, Адамовiчавы, Шушкевiчавы — сёньня яны здаюцца такімі рамантычнымі. Чаму мы пацярпелi паразу? Мы рамантычна прыдумалi сабе дзяржаву й народ. Мы паблыталi сябе цi то з Прыбалтыкай, цi то з Польшчай, а мы — нешта зусiм iншае.

 

Пра нацыянальную ідэю

— Нядаўна прэзыдэнт казаў аб стварэньнi сваёй нацыянальнай iдэi. Пару гадоў таму тое самае казаў Ельцын, i скончылася гэта чачэнскай вайною. Нацыянальную iдэю ня трэба ствараць цi прыдумляць: яна ёсьць. У нас ёсьць дзяды i прадзеды, ёсьць мова, усё ёсьць, толькі нацыянальнай самасьвядомасьцi ў народзе няма. Патрэбная вялiкая асьветнiцкая праца — працаваць трэба. А нацыянальную iдэю выдумляць — усё адно, што выдумляць Бога: Бог ужо ёсьць.

 

Пра пошукі мовы

— Пасьля трох кнiг пра вайну, кнiгi пра самагубцаў на руінах iмпэрыi і «Чарнобыльскай малiтвы», я пiшу гiсторыi каханьня. Але мяне хвалюе тое ж пытаньне: хто мы i якi сэнс у нашых пакутах, у нашым існаваньні?

Самае цiкавае, што людзi пра гэтае размаўляць ня могуць. Я зьдзiвiлася: я вельмi рэдка чую, што каханьне — гэта дар, прасьвятленьне, радасьць. Пераважна: «ахвяра», «хвароба», «катастрофа». Калi я запiсваю, напрыклад, швэдку, яна кажа пра сябе, пра сваё цела, пра сваё жыцьцё. А нашая жанчына... Як быццам яна ня мае асабiстага жыцьця, ня мае мовы, каб распавесьцi.

Я кiнулася па прыклад да лiтаратуры i раптам выявiла, што ў нашай літаратуры каханьня няма. Культ жыцьця — гэта культ пакутаў. Тэма пакутаў у нашай гiсторыi, праваслаўi, лiтаратуры — вельмi складанае пытаньне. Я спрабавала адказаць на яго ў «Чарнобыльскай малiтве» i ўпершыню адчула ў сабе нейкi бунт супраць гэтага культу.

А Захад больш рацыянальны. Людзi будавалi дом, а не разбуралi так, каб кожнае пакаленьне пачынала ўсё нанова.

Шчыра кажучы, шчасьлiвых людзей я не знайшла анi там, анi тут. Тут дык увогуле. Сьвет уяўляецца як катастрофа, каханьне — таксама. Але ж мова барыкады — дагэтуль галоўная мова майго пакаленьня, хоць гэта дрэнна. Я ўсё прайшла за сваiм пакаленьнем, за сваiм часам. І я сама хачу зразумець, намацаць сэнс жыцьця, бо я ж не iншаплянэтніца, якую аднекуль скiнулi.

Запiсаў Сяргей Пульша


Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Заканчваецца тэрмін даўніны па народным пратэсным артыкуле. Больш нікога не пасадзяць? Не, ёсць нюансы4

Заканчваецца тэрмін даўніны па народным пратэсным артыкуле. Больш нікога не пасадзяць? Не, ёсць нюансы

Усе навіны →
Усе навіны

Выхаваны і законапаслухмяны голуб перайшоў дарогу на зялёнае святло ВІДЭА6

«Ганна адказала: «Так!» Віталь Гуркоў зрабіў прапанову рукі і сэрца. Хто ж нявеста?35

У двух беларусаў у Батумі канфіскавалі тры кілаграмы какаіну і 13 тысяч таблетак экстазі5

Дзяржава прадала дом 73-гадовага палітзняволенага Васіля Дземідовіча2

Пашынян паабяцаў узначаліць вызваленне Армянскай царквы ад «антыхрысціянскай, антынацыянальнай, антыдзяржаўнай» групоўкі2

Крык душы дзяўчыны, што скончыла медінстытут і з жахам глядзіць на бліжэйшыя пяць гадоў104

Скарлет Ёхансан стала самай касавай актрысай у гісторыі1

Колькі каштуе сабраць дзіця ў школу сёлета1

Колькі можна зарабіць на высяканні кустоў у Швецыі? Малады беларус падзяліўся досведам19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Заканчваецца тэрмін даўніны па народным пратэсным артыкуле. Больш нікога не пасадзяць? Не, ёсць нюансы4

Заканчваецца тэрмін даўніны па народным пратэсным артыкуле. Больш нікога не пасадзяць? Не, ёсць нюансы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць