Архіў

Дарога для людзей

№ 31 (293), 23 жніўня 2002 г.

правілы дарожнага руху

Дарога для людзей

Калі вы зьбіраецеся вандраваць па Эўропе на аўтамабілі, у некаторых яе кутках вас можа напаткаць непрыемны сюрпрыз — амаль поўная адсутнасьць на вузкіх гарадзкіх вулках сьвятлафораў, дарожных знакаў, разьметкі і іншых звыклых атрыбутаў, безь якіх мы ўжо амаль не ўяўляем сабе бясьпечнага вулічнага руху. У дадатак на гэтых вуліцах будзе поўна нязвыкла сьмелых пешаходаў ды раварыстаў.

У Эўропе распаўсюджваецца новая канцэпцыя вулічнай бясьпекі. Прыдумалі яе ў Галяндыі, і завецца яна па-флямандзку “woonerf”, альбо “населены двор”. Згодна з гэтай канцэпцыяй, дарогі пачалі ператварацца ў грамадзкія месцы, дзе будуць расьці дрэвы і гуляць дзеці, а аўтамабілі мусяць на мінімальнай хуткасьці (ня больш за 30 км/г) прапаўзаць між імі. Гэтыя зьмены дапамагаюць палепшыць рух транспарту і зьменшыць колькасьць дарожных здарэньняў на вуліцах эўрапейскіх мястэчак. Цэнтральныя раёны мэгаполісаў ды аўтабаны пакуль застаюцца некранутымі.

Галяндзкай модай зацікавіліся 20 мясцовых муніцыпалітэтаў у Вялікай Брытаніі, а ў гарадку Нортмур на поўдзень ад Манчэстэру, у пераабсталяваньне вуліц якога тры гады таму было ўкладзена 300 000 фунтаў стэрлінгаў, адзначаныя першыя посьпехі.

На думку навукоўцаў, шмат здарэньняў на гарадзкіх вуліцах тлумачыцца тым, што кіроўцы занадта спадзяюцца на традыцыйнае дарожнае абсталяваньне і правілы руху, у выніку чаго ў іх узьнікае падманлівае адчуваньне бясьпекі. Яны ўжо ня так уважліва прыглядаюцца да канкрэтнай сытуацыі, напрыклад, на скрыжаваньні, і нязначнае адхіленьне ад правілаў нават аднаго з удзельнікаў руху прыводзіць часам да фатальных вынікаў. Безь сьвятлафору, знакаў і разьметкі аўтамабілісты, вэлясыпэдысты і пешаходы атрымліваюць аднолькавы статус і стымул да ўзаемнай павагі. Стаўка робіцца на агульнае для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху адчуваньне небясьпекі.

Паводле навуковых досьледаў, чалавечы мозг здольны аналізаваць навакольную рэчаіснасьць найлепш, калі ўспрымае яе на ўзроўні зрокавага кантакту. Перадаваць інфармацыю позіркам і хутка яе аналізаваць, як сьцьвярджаюць навукоўцы, людзі навучыліся ў працэсе эвалюцыі, калі пачалі паляваць групамі. Зрокавы кантакт зьяўляецца найбольш эфэктыўным і падчас дарожнага руху. Максымальная хуткасьць, на якой магчымы зрокавы кантакт, якраз 30 км/г. У мястэчку Астэрвольдэ на поўначы Галяндыі, празь якое штодзень праяжджае 4,5 тыс. аўтамабіляў, гэтая схема руху дзейнічае ўжо чатыры гады. З таго часу тут не зафіксавана сур’ёзных здарэньняў. Раней тут адбывалася ў сярэднім тры сур’ёзныя аварыі штогод.

Вуліцы невялікіх эўрапейскіх гарадоў былі сфармаваныя ў эпоху конскай цягі. Машынам на іх цесна, і чалавек пачынае паступова вяртаць сабе тую прастору. Праз многія ж беларускія гарады прайшлі вялікія дарогі, што паператвараліся ў міжнародныя магістралі. Не вытрымлівае дарожнае палатно, загазоўваецца паветра, гінуць людзі. Паводле зьвестак беларускай аўтаінспэкцыі, на дарогах краіны толькі за адзін тыдзень пры канцы ліпеня адбылося 178 здарэньняў, падчас якіх 43 чалавекі загінулі. А новыя правілы руху, што маюць быць уведзеныя, прадугледжваюць толькі касмэтычныя зьмены.

Міхал Чарвінскі


Каментары

Цяпер чытаюць

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»1

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»

Усе навіны →
Усе навіны

На матч медыялігі ў Мінску прададзена 27 тысяч квіткоў2

Вядучая СТБ каталася на расійскіх нумарах, якія нехта прыляпіў на скотч — і не ведала пра гэта. Цуд растлумачылі ў 1024

Трупы хатніх жывёл пачалі знаходзіць у Мінску2

Выступ гурта «Тэхналогія», які планаваўся сёння ў Плешчаніцах, адменены3

Кучук: Я два разы плакаў у камеры наўзрыд, каб зняць псіхалагічную напругу

Ціханоўская ляціць у ЗША. Што там плануецца?13

У вёсцы пад Мінскам прадаюць катэдж з лазняй, падобнай на гасцінічны нумар1

У манастыр Наталля Пяткевіч падабрала да хустачкі французскае паліто18

У Падмаскоўі загінуў кіраўнік кампаніі-пастаўшчыка кампазітных матэрыялаў для МС-21 і паранены будаўнік касмічнага цэнтра, адкрытага Пуціным4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»1

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць