Архіў

Дыскаграфія

№ 40 (302), 24 кастрычніка 2002 г.

дыскаграфія

 

“БАЛЯДЫ”. Зьміцер Вайцюшкевіч
і “WZ-orkiestra”. (p) 2002.

Ва ўсёй гісторыі беларускай папулярнай музыкі я памятаю толькі адзін альбом, карацейшы за гэты па часе гучаньня, — “Just” вакальнай групы “Камэрата”. 38 хвілінаў балядаў — нібыта й дастаткова, каб зразумець творчую задуму сп.Вайцюшкевіча, але яўна мала, каб атрымаць поўную асалоду. Дый слухач, які набудзе гэты альбом па куды большых цэнах, чым расейскія дыскі, замест ладнага кавалу музыкі пачуе 19 трэкаў, зь якіх 10 — intro, меншыя за хвіліну, што папярэднічаюць уласна балядам. Праўда, ёсьць яшчэ спэцтрэк з інфармацыяй і фоткамі. Але ўсё адно — мала!

Яны і самі розныя, гэтыя баляды, і апрацаваныя па-рознаму, але агульная гукавая палітра альбому атрымалася стрыманая, нават крыху эстэцка-модная, нібыта выйшла з-пад крыла вядомай выдавецкай фірмы “ECM”. Баляда “Не сячы” нібыта падзеленая на тры часткі, гучаньнем акардэона ў першай зь іх твор нагадвае пэўныя кампазыцыі Астара П’яцолы. Трэцяя частка, якая імкліва пераходзіць у коду, — гэта ўжо ўласна беларуская традыцыя. Паміж часткамі — інструмэнтальны фрагмэнт з выразным подыхам world-music.

Увесь музычны матэрыял напісаны самім Зьмітром Вайцюшкевічам, і гэтым тлумачыцца такі “касмапалітычны” характар альбому. Яго асноўная рыса — арыгінальная музыка, якая не стылізуе народную традыцыю, а пераасэнсоўвае яе ў традыцыйных межах, але з улікам як густу аўтара музыкі, так і агульных сусьветных тэндэнцыяў.

Дастаткова паслухаць баляды “Даніла” й “Дарота”, каб адчуць адначасова і народную традыцыю, і ўласны Вайцюшкевічаў унёсак у музычны працэс. Найменш удалай падалася мне “Казка”, найбольш шлягернай — “Гора”, найбольш цыганскай — “Журавы”, найбольш украінскай — “Зэлэны дубочак”. Але ж усяго гэтага “найбольш” магло быць сапраўды куды больш.

Разумны Вайцюшкевіч вельмі добра прадумаў агульны саўнд усяго альбому. Па-першае, яўна ўгадаў з гучаньнем баяна, акардэона і асабліва кантрабаса, што дае такі сакавіты, мясісты, дарэчны ў гэтакай музыцы гук, што ўсе бас-гітары папросту адпачываюць. Па-другое, надзвычай дакладныя і інтэлігентныя падпеўкі Ксені Мінчанкі. Ну і шматгадовае ўжо жыцьцё Сяргея Раінчыка ў музыцы, ягонае ўменьне адрозьніваць, што “фанэра”, а што — музыка жывая, таксама паспрыялі якаснаму запісу і мастэрынгу альбому.

Цяпер, разам з “Цацачнай крамай”, Тодар можа сьмела паказваць паўнавартасны музычны спэктакль зь дзьвюх частак. І будзе няблага.

Баляднуты СЛУХАЧ.

 

“RAGNEDA”. Ансамбль “Рагнеда”. (p) “Great Music & Rare Sounds”, Нямеччына, 2001.

Альбом гэты дабраўся да Беларусі са спазьненьнем і ўсяго ў некалькіх экзэмплярах-прэзэнтах. Ён адкрывае нам вочы на неабыякі калектыў, што апрацоўвае народныя мэлёдыі, аднак мае выразнае арыгінальнае творчае аблічча і нічым не нагадвае процьму неліквідных ансамбляў, што робяць з фальклёру чыстай вады папсу, разьлічаную на замежных турыстаў.

“Рагнеда” існуе ў гэтым сваім увасабленьні тры гады, і першы сольны канцэрт на радзіме мае даць 1 лістапада ў Малой залі Палацу Рэспублікі.

Кіруе калектывам акардэаніст, кампазытар, аранжавальнік Уладзімер Гінько, вядомы па працы ў інструмэнтальным бэндзе ансамблю “Харошкі”. Пажыўшы год у Злучаных Штатах, ён даўмеўся спалучыць беларускія народныя мэлёдыі з стылістыкай музыкі кантры. Далёка ня ўсе песьні гэтага альбому створаныя ў рэчышчы такога сымбіёзу, а стопрацэнтовы шлягер “Ад панядзелка да панядзелка”, наадварот, — перагружаны тым кантры. Але ж у цэлым альбом надзвычай удалы: ёсьць песьні як фальклёрныя, так і аўтарства У.Гінько, як з габрэйскімі, так і з бразыльскімі мэлёдыямі, нават пераробленая “Беларусь мая” У.Навіцкага і С.Сокалава-Воюша, названая тут “народнай”, — скрозь шлягеры!

“Рагнеда” зараз рыхтуе другі альбом, дзе прысутнасьць кантры будзе больш акцэнтаванай. На згаданым ужо канцэрце прагучыць у тым ліку Ірляндзкая сюіта ў трох частках — з дудой, цымбаламі замест банджо і нашай скрыпачкай — акурат у стылі іхным! Толькі афіша канцэрту чамусь зробленая па-расейску, а на згаданым альбоме Беларусь для дрымучых немцаў названая White Russia.

Мае ансамбль “Рагнеда”, шлях якога пачаўся ў Заслаўі, і ўласны сайт: www.ragneda.boom.ru Я туды яшчэ не хадзіў, а вось канцэрт наведаю абавязкова.

White Russian Sluhach

 

Сьвята пакрадзенае

Аляксандар Памідораў. (p) “Pomidoroff Rec. Ltd”, 2002.

Па музыцы — гэткі “кактэйль Памідорава”: тут табе гардкор, рэп, гард-рок у меншай меры, крышачку, дзеля экзатычнага водару — рэгей, а ўсё прысыпана зьверху гітарай Славы Кораня, якому ў студыі дазвалялася калі ня ўсё, дык многае. Кампанія там была невялікая, але бардза пажондная: апроч Памідорава й Кораня — Сяргей Канановіч ды Аляксандар Быкаў. Словам, гібрыд “Улісу” з “Крамбамбуляй”. Вось чаму слухаць гэта першы раз дужа няпроста, бо каб хоць тэксты пустыя былі — тады многае праносілася б паўз вушныя ракавіны без наступстваў для здароўя. А тут скрозь, як раней газэты пісалі, “вострыя сацыяльныя матывы”, “паказ жыцьця ва ўсёй яго шматграннасьці”. Такіх болек найболей у песьнях “Вітальная”, “Быць беларусам”, “Сьвята пакрадзенае”. Яшчэ — у новай вэрсіі “Крывавага сьвята”, больш жорсткай за першую, — тут разам гучаць “запілы” Славы Кораня, стогны віялянчэлі ды галасы харыстаў Менскае музычнае вучэльні.

Амаль увесь матэрыял для альбому напісаў сам Памідораў: не дурны ж ён аўтарскімі дзяліцца! Ну, дасьць крышачку Сяргею Канановічу, Джымі Пэйджу, а вось Боб Марлі, Уладзімер Караткевіч ды Янка Купала нічога ад Памідорава ня ўбачаць.

Калі нехта разьлічвае пачуць у гэтым альбоме “таго самага” Памідорава, дык змушаны папярэдзіць: па-першае, якім ёсьць “той самы” Памідораў, ня ведае ніхто; па-другое, толькі на “Сьвяце пакрадзеным” ён і паўстае тым самым — агрэсіўным, рэзкім, нават злосным, што ніяк не стасуецца зь ягоным лагодным фэйсам. Злосьць гэтая — ад неабыякавасьці да людзей і да самога сябе. Вось чаму і перазапісаў ён “Крывавае сьвята”, хоць мо і перабраў крыху ў эмоцыях.

Закрываецца альбом нечаканай для агульнага настрою ці не пародыяй на згаданыя “паўлітра добрага настрою” — песьняй “Пітная хата”. Усе гэтак весяляцца, што робіцца зразумелым: балявалі яны яшчэ да таго, як сьвята скралі. А тут яшчэ сам Памідораў заявіў па радыё: маўляў, бясконца рады, што ў альбоме — аніводнага шлягеру, аніводнай фарматнай FM-песьні! Дажыліся: музыка радуецца, што яго ніхто й слухаць ня будзе.

СЛУХАЧ Нікому Не Патрэбны


Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Ціханоўскі на мітынгу ў Варшаве: Я зламаю гэты рэжым ВІДЭА

Ціханоўскі на мітынгу ў Варшаве: Я зламаю гэты рэжым ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Кацярына Ціханава — не проста дачка Пуціна. Яе лічаць магчымай пераемніцай11

«Нервовае, трывожнае, непалітычнае. Галоўны герой — член Савета Рэспублікі». Вольга Лойка прапануе «Беларусьфільму» ідэю кіно3

У Маскве мужчыны масава спрабуюць знаёміцца, мацаючы дзяўчат за ягадзіцы. Так загадаў рабіць сэкс-коўч з Беларусі24

З 1 верасня беларусам, што едуць у Латвію, трэба будзе зарэгістравацца на спецыяльным партале і запоўніць анкету9

Спецслужбы пад выглядам «друку сімволікі і сцягоў» спрабуюць падбіць беларусаў замежжа перадаць свае асабістыя звесткі2

Беларускі турыст знойдзены мёртвым у возеры Шален у Бургундыі

«Хто ты? Дзе Арына? Што ты з ёй зрабіла? Куды дзеліся бровы?» Заўзятары весела абмяркоўваюць новы лук Сабаленкі19

Генсакратар НАТА: Усе краіны, уключаючы ЗША, цалкам прыхільныя падтрымцы Украіны8

«За дзевяць дзён ніводнай цэлай канапы, смурод страшэнны». Мінчанка пра тое, як нельга выбіраць кватарантаў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўскі на мітынгу ў Варшаве: Я зламаю гэты рэжым ВІДЭА

Ціханоўскі на мітынгу ў Варшаве: Я зламаю гэты рэжым ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць