Архіў

Сяргей Астравец

Сага пра выбарчую скрынку

— Вось яны нам гавораць, што нават у гэтых азіятаў плястыкавыя скрыні для бюлетэняў, і ўсё відно, што там ляжыць і як. Ну што нам, яшчэ ў чарніла мачаць пальцы, як яны, ды адбіткі пакідаць?

Нашая скрынка праверана часам. Накшталт пасылачнай. Экалягічна бясьпечная — выкінуў яе, і яна растворыцца ў прыродзе. У нас усё з дрэва было — дамы, церамы, нават замкі некаторыя спачатку. Не кажу ўжо пра цэрквы, безь цьвіка зробленыя.

Дрэва — гэта наш матэрыял: лыжка драўляная, матрошка, дошка хлеб рэзаць, рыбу патрашыць. Нават яйкі драўляныя. А яны нам… Скрынка пасылачная — колькі ў іх сала пераслана адрасатам. Зь вёскі ў горад. З калгасу ў інтэрнаты, кватэры, у армію. Салдацкая пасылка — гэта асобная тэма, цэлы раман, можна сказаць. Што такое пасылка з дому для салдаціка? Гэта скарб, гэта цёплае прывітаньне, гэта навязаная лучнасьць з бацькамі. А яны нам гавораць — адмовіцца. Што яны ў гэтым разумеюць?

Прапануюць галасаваньне праз пошту, інтэрнэт. Можа, эсэмэскі яшчэ пасылаць? Або па тэлефоне галасаваць, як за песьню па тэлебачаньні? Гэтыя навамодныя штучкі хай сабе пакінуць. Мы — за традыцыі. Канечне, часам гэта можа быць выкарыстана. Касманаўты таксама галасуюць, то яны якраз могуць і па радыё — ім можна давяраць, іх няшмат. Наш траўлер, калі ў моры апынаецца на выбарах. Разьведчыку шыфроўку ўвогуле паслаць можна — не ў пасольства ж яму ісьці на ўчастак. Але такіх людзей у нас, такіх выпадкаў ня так багата. Каб празь іх дровы ламаць, сыр-бор учыняць…

Мы — за традыцыі: чырвоны кумач на стале, графін, шклянка, чырвоная трыбуна з гербам — каласы пад сярпом тваім, партрэт на сьцяне, да болю знаёмы. Або, калі на ўчастку, вялікая (памятаеце?) чырвоная скрыня для бюлетэняў. У такой паўкабана паслаць можна было б пры жаданьні. І такія самыя скрыні, толькі меншыя, у палярнікаў на льдзіне, у памежнікаў на заставе, ля самага калючага дроту: «Возьле самай граніцы аўраг, можа, у чашчы скрываецца ўраг…» Там праз гэтых усякіх афраазіятаў няма калі прагаласаваць спакойна.

Партызаны нашы галасавалі — скрынку на кукурузьніку зь Вялікай зямлі прывозілі. Падпольшчыкі пад пагрозай жыцьцю бюлетэні зашывалі сабе ў падшэўку, каб пранесьці праз патрулі. Як шыфроўкі таксама насілі — дзе колькі ў акупантаў складоў, танкаў, эшалёнаў. Як самае дарагое — пісьмы, данясеньні, — скрынку зь бюлетэнямі кукурузьнік вёз назад. А зьнізу, падыспадам, — бах-бабах! Вось што такое для нас гэтая скрынка.

У нас усе галасуюць, апроч сымулянтаў. У спэцпрыёмнік арыштантам вазілі скрынку? Вазілі. Паставілі на калідоры, хто хацеў, выходзіў з камэры і галасаваў. А запэцкай яму пальцы чарнілам — дзе ён адмываць іх будзе? У выцьвярэзьнік калі хто трапляў на выбары, рабілі яму халодны душ і везьлі на ўчастак. Ва ўсіх больніцах — закрытыя ўчасткі абавязкова. Каб усё канфідэнцыйна, сакрэтна, каб ніхто не даведаўся і не перашкаджаў. На ракетнай базе ў лесе — ім не адысьці нават на хвіліну, раптам які-небудзь Руст праляціць, ня дай бог.

Вось яны абураюцца: лічылі людзей, хто загадзя прыходзіў на ўчастак, а бюлетэняў у скрыні аказалася нашмат больш, і ўсе да аднаго — за начальніка. Ды хто ім паверыць? Брахня ўсё. Дзе сьведкі? Ды ніхто ня мог бачыць, як лічаць. Ніхто пабочны. Дык тады хто пацьвердзіць? Хто пячатку паставіць? Што яны тут пішуць? Яны самі не маглі бачыць, іх блізка ніхто не падпускаў да скрынак, ведаючы іхні прыкры характар.

Скаргу сёньня разглядаем праз гэтае «ё-пэ-рэ-сэ-тэ» міжнароднае, час свой марнуем. Што яны тут пішуць? У вас парушаюцца дэмакратычныя прынцыпы. А хто вам гэта сказаў? У вас непразрыстыя выбары. У вас і скрынкі непразрыстыя… Выбары — гэта не казла забіваць, панове замежныя віжуны. Знаеце, што «цікаўнай Варвары на базары нос адарвалі»? Выбары — гэта інтымная справа, вы ж у спачывальні фіранкі не адвешваеце?

Яна падпісана, праштэмпэлявана, і пастаўлена дата — што яшчэ трэба? Раней, канечне, было інакш: бралі сургуч, награвалі агнём, дзьве вяровачкі — пячатка, якая застывала. Потым пячатку трэба было зламаць, бюлетэні вымалі, падлічвалі, і ўсё. Тады ўсе галасавалі за аднаго дэпутата. Сёньня ёсьць варыянты — чаго яшчэ трэба? І зь пячаткамі прасьцей — плясь, росьпіс. Або на паперцы адбіў, потым наклеіў, і ўсё ў ажуры.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

24 сакавіка 2005 г.

Каментары

Цяпер чытаюць

Сыны «літоўскага шпіёна» адправілі Лукашэнку ліст. Тым часам усплылі новыя дэталі яго справы8

Сыны «літоўскага шпіёна» адправілі Лукашэнку ліст. Тым часам усплылі новыя дэталі яго справы

Усе навіны →
Усе навіны

У Літве міністра культуры паставіла ў тупік пытанне «Чый Крым?» Гэта каштавала яму пасады37

У ЕГУ вярнулі студэнтку, якая паўстала супраць харасменту. Але прымусілі заплаціць 1300 еўра7

Краіны Еўрасаюза не змаглі дамовіцца пра стварэнне «сцяны ад дронаў»2

У Мінску на даху паркінгу пачалі рабіць парк сонечных батарэй ФОТАФАКТ3

У Польшчы беларуса затрымалі па падазрэнні ў выкраданні чалавека1

Жыхар Ваўкавыска падклаў пад штаны пластыкавы кантэйнер і стрэліў сабе ў нагу з вінтоўкі. Ён праводзіў цікавы эксперымент6

«Забілі маю сястру, а праз некалькі месяцаў здарылася трагедыя са школьніцай». Беларускі — пра маньяка, якога лавілі 25 гадоў3

У Баранавічах раскрылі забойства 26‑гадовай даўніны. Тады забілі 16‑гадовую дзяўчыну5

Кампанія Ганны Сялук Лукашэнкі прадала караоке-шоу каналу СТБ за мільён еўра19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сыны «літоўскага шпіёна» адправілі Лукашэнку ліст. Тым часам усплылі новыя дэталі яго справы8

Сыны «літоўскага шпіёна» адправілі Лукашэнку ліст. Тым часам усплылі новыя дэталі яго справы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць