Літаратура11

Валянцін Стэфановіч. Акт вандалізму. Апавяданне

Здарылася гэтая гісторыя ў тыя далёкія часы, калі ўсе мы былі піянерамі, насілі чырвоныя гальштукі, хадзілі «строем»

распяваючы рачоўкі, у якіх кляліся вырасці дастойнай зменай старэйшым камуністам-ленінцам. Памятаеце ўсе гэтыя «Взвейтесь кострами синие ночи, мы пионеры дети рабочих! В борьбе за дело коммунистической партии будь готов —всегда готов!» І гэтак далей.

Мы з бацькамі толькі атрымалі двухпакаёку ў новым мікрараёне на вуліцы Асаналіева.

Натуральна, мне прыйшлося перайсці і ў новую школу. З добрай школы з англійскім ухілам я трапіў у звычайную, якая знаходзілася проста насупраць майго дома. Памятаю, вельмі хваляваўся перад першым верасня. Новы клас, як я ўпішуся ў яго? Я ж буду адзіны «новенькі», і да мяне будзе пільная ўвага не толькі з боку настаўнікаў, але і аднакласнікаў? Вядома, хлопцы захочуць праверыць што гэта за «новенькі», як ён трымаецца, як ён у бойцы… Але хваляванні мае былі дарэмныя, бо ўсе мае аднакласнікі апынуліся «новенькімі», усе былі «перасяленцамі» з навакольных навабудаў.

Сама школа была таксама новай і яе дырэктарка, напэўна, была жанчынай не без амбіцый.

Яна вырашыла зрабіць са школы ўзорна-паказальную ідэалагічную ўстанову. На адным з паверхаў на сцяне з мазаікі быў выкладзены профіль шэфа ЧК Фелікса Дзяржынскага і знаходзіўся музей міліцыі. Ён распавядаў пра гісторыю стварэння міліцыі ў БССР, аб няспыннай барацьбе «органаў» па ўсталяванні савецкай улады на нашых тэрыторыях.

Але гэтага здалося замала нашай маладой ды амбітнай дырэктарцы.

На другім паверсе школы яна запланавала зрабіць штосьці накшталт ленінскага пакоя —

з фотаздымкамі сям’і Ільіча і іншымі матэрыяламі, прысвечанымі «правадыру сусветнага пралетарыяту». Але

самым шыкоўным з задуманага быў профіль Леніна выкладзены на сцяне з кавалачкаў люстэрак!

Такога дакладна не было ў ніводнай школе не толькі Кастрычніцага раёна, але ўсяго Мінска і Мінскай вобласці! Пасля такога нашую дырэктарку проста былі абавязаныя прасунуць па службовай лесвіцы ў ГарАНА, ды што там — у Мінскі гарсавет!

«Пачын» дырэктаркі быў горача ўхвалены Радай піянерскай дружыны школы, якая даручыла ўсім піянерам прыносіць кавалачкі з люстраў для ўвасаблення гэтай геніяльнай ідэі. Так, усе піянеры і камсамольцы школы, што ў тыя часы азначала ўвесь вучнёўскі склад, далучыліся да практычнай рэалізацыі манументальнага твора. Да канца навучальнага года праца была амаль скончаная і яе планавалі завяршыць падчас летніх вакацыяў, калі ў школе будзе ціха і ніхто не будзе замінаць майстрам.

Я не памятаю дакладна, ці прынёс я ў школу кавалачак люстэрка, паўдзельнічаўшы такім чынам у «пачыне», але я дакладна памятаю, што стаў сведкам і магчыма саўдзельнікам знішчэння люстранога пано.

На летнія вакацыі большасць з маіх аднакласнікаў паехала да бабуль-дзядуль у вёскі. У мяне не было вёскі, і я разамі з такімі ж беспрытульнымі быў вымушаны хадзіць у школьны лагер. Была альтэрнатыва ў выглядзе піянерскага лагера, але, пабываўшы ў такіх лагерах двойчы, я быў упэўнены, што абмежаванне волі значна лепей за яе пазбаўленне. Таму абраў школьны лагер, так хоць начаваць дома буду. У лагеры кармілі, прапаноўвалі экскурсіі па родным Мінску, сярод якіх мне асабліва спадабалася экскурсія па толькі што здадзеным у эксплуатацыю мінскім метро — па першых, здаецца, пяці станцыях. Але ў цэлым у лагеры было сумна і нудотна.

Разам са мной быў аднакласнік Сярожка Д., гэткі тоўсценькі весялун. У яго была рагатка –

сапраўдная, з гумовым бінтам. Сярожка па-майстэрску страляў з яе дробнымі каменьчыкамі і жалезнымі шарыкамі з падшыпнікаў. Калі стрэліць такім жалезным шарыкам у шыбу: шкло не білася, а ў месцы, куды трапіў шарык, заставалася роўненькая дзірачка, як ад кулі. Шыкоўна!

У адзін з такіх нудотных летніх дзён мы з Сярожкам гулялі па апусцелых школьных калідорах. Па дарозе сябар расстрэльваў з рагаткі шыбы, робячы ў іх дзірачкі ад куль.

І раптам … наш позірк упёрся … у люстранога Ільіча на сцяне.

Я не памятаю, хто прапанаваў гэтую ідэю, але дакладна памятаю, што мы абодва былі проста ў захапленні ад яе: стрэліць у адно з люстэрак на сцяне! Сярожка дастаў з кішэні чарговы шарык, заклаў у рагатку, прыцэліўся і … О божа! Люстэркі проста адваліліся ад сцяны і з грукатам бразнуліся аб бетонную падлогу!

Ленін знік, споўз у нас на вачах са сцяны і рассыпаўся на дробныя кавалкі!

«Ух ты!» — вырвалася ў нас абодвух, і тут жа мы з жахам паглядзелі адзін на аднога: « Бяжым хутчэй! Што зараз будзе?!»

Незаўважна нам удалося выбегчы з будынку школы. На вуліцы, перавёўшы дыханне, мы дамовіліся з Сярожкам ні ў якім разе не распавядаць нікому пра тое, што здарылася. Нікому! Інакш нам гамон!

А што было пасля?

Пасля было шмат шуму-гаму. Адміністрацыя школы шукала, хто здзейсніў гэты акт вандалізму.

Зараз можна толькі здагадвацца, што б чакала нас з Сярожкам калі б даведаліся што гэта былі мы. Як мінімум выгналі б са школы. Але ніхто не даведаўся. Мы ж далі адзін адному слова!

Прайшлі гады, знік камуністычны Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

Сярожка пасля сканчэння ПТВ працуе, гадуе дзяцей і, напэўна, забыўся пра гэтую старую гісторыю. Я не ведаю ці ўдалося зрабіць кар’еру нашай дырэктарцы, але памятаю, што гадоў праз дзесяць,

на пачатку 90-х, заўшоўшы ў сваю школу, я ўбачыў на месцы тога люстранога пано новавыкладзены з мазаікі профіль… Францішка Скарыны.

 

* * *

Валянцін Стэфановіч

Нар. 1972 у Мінску. Юрыст, праваабаронца, намеснік старшыні не зарэгістраванага ў Беларусі праваабарончага цэнтру «Вясна».

Каментары1

Цяпер чытаюць

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра14

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Усе навіны →
Усе навіны

Кіеўскі суд падоўжыў арышт Іны Кардаш, якую падазраюць у шпіянажы на КДБ. Яна паскардзілася на ўмовы ўтрымання4

Адну з жанчын па справе «дваровых чатаў» асудзілі на 10 гадоў6

ДАІ: Калі аўто, выязджаючы з двара, саб'е самакат, то вінаватым прызнаем самакатчыка11

Па справе Гаюна асудзілі Настассю з Віцебска, якая рабіла кар'еру ў вялікіх кампаніях у Расіі5

Гарналыжны комплекс «Лагойск» закрываецца пасля 22 гадоў працы8

У Беластоку адбыўся мітынг-канцэрт да Дня Волі2

Легендарныя «Хутка-Смачна» яшчэ існуюць і карыстаюцца папулярнасцю1

Што рабіць з кнігамі, якія трапілі ў спіс забароненых у Беларусі? Адказалі ў Мінінфармацыі13

Колькі каштуе дарослай жанчыне зрабіць прышчэпку ад ВПЧ у Беларусі і дзе яе шукаць?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра14

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць