Грамадства1313

Кіраўнік МУС назваў журналістам аб'екты, якія «нікому не рэкамендаваў бы фатаграфаваць»

Міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч 2 красавіка ў размове з журналістамі пералічыў аб'екты, якія «нікому не рэкамендаваў бы фатаграфаваць».

michaelhyatt.com

«Пералік стратэгічных аб'ектаў вядомы. Але, апрача ўсяго, я б не рэкамендаваў фатаграфаваць нікому падраздзяленні, будынкі, пабудовы, тэхнічныя сродкі, сродкі ўзбраення і асабовы склад органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў, вайскоўцаў Рэспублікі Беларусь і іншых праваахоўных ведамстваў (у тым ліку гэта адносіцца да будынкаў), а таксама суды. Я б на гэтым абмежаваў», — сказаў кіраўнік МУС, каментуючы нядаўнія інцыдэнты з затрыманнем журналістаў, якія фатаграфавалі адміністрацыйныя будынкі.

Нагадаем, некалькі такіх інцыдэнтаў здарылася ў Мінску і іншых гарадах краіны ў канцы лютага—пачатку сакавіка. На патрабаванне Беларускай асацыяцыі журналістаў растлумачыць прычыны для забароны на фотаздымку адміністрацыйных будынкаў у МУС заявілі, што такой забароны няма, але ёсць унутранае ўказанне міністэрства, якое дазваляе супрацоўнікам міліцыі, якія нясуць службу па ахове будынкаў, пацікавіцца мэтамі здымкі. Даць гэта ўнутранае ўказанне для азнаямлення СМІ ў МУС адмовіліся, спаслаўшыся на ўнутрыведамасны характар дакумента. 

Як заявіў сёння Шуневіч, у МУС разумеюць, што адміністрацыйныя будынкі «могуць быць цікавыя як аб'екты сістэмы бяспекі і як магчымыя аб'екты правакацыйных дзеянняў у тым ліку». «Такое стаўленне да гэтага працэсу было прадыктавана не толькі нашымі апасеннямі тым, што адбываецца ў Еўропе (тэрарыстычныя акты і пэўныя пагрозы экстрэмізму), але і сваім уласным досведам. Мы некалькі выпадкаў зафіксавалі, калі адкрыта хуліганскія, задзірлівыя здымкі размяшчаліся ў інтэрнэце і іншым чынам выкарыстоўваліся для таго, каб дыскрэдытаваць уладу, каб выклікаць негатыўныя эмоцыі ў вельмі вялікай колькасці грамадзян».

Паводле яго слоў, са згаданага ўнутрыведамаснага дакумента вынікае, што акрэдытаваныя журналісты могуць фатаграфаваць, але павінны мець пры сабе рэдакцыйнае пасведчанне: «Калі вы знаходзіцеся на працы, павінны мець адпаведнае пасведчанне. Калі не знаходзіцеся на працы і фатаграфуеце як звычайны грамадзянін, то чытай першы пункт».

На пярэчанне журналістаў, што немагчыма кіравацца правіламі дакумента, з якім нікому не даюць азнаёміцца, Шуневіч адказаў: «Грамадзянам і не трэба ім кіравацца — гэта дакумент для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў для ўзмацнення іх пільнасці і не больш за тое».

«Забароны на фатаграфаванне няма, — падкрэсліў міністр. — У нас у заканадаўстве, у адрозненне ад іншых краін, вельмі мала забаронаў на фатаграфаванне тых ці іншых аб'ектаў. Вы ведаеце, што ў практыцы каля 60 дзяржаў існуюць такія забароны. У некаторых краінах забаронена фатаграфаваць дзіця без дазволу бацькоў, можаш загрымець у паліцэйскі ўчастак толькі таму, што накіраваў свой фотаапарат на паліцэйскага». 

Шуневіч паабяцаў журналістам падумаць над прапановай акрэсліць будынкі, якія нельга фатаграфаваць, спецыяльнымі знакамі. 

Наконт дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі кіраўнік МУС заявіў наступнае: «Калі супрацоўнік, які будзе затрымліваць вас, будзе мець абгрунтаваныя падазрэнні ў тым, што вашы паводзіны выклікаюць у яго гэтыя падазрэнні, то ён упэўнены (хоць бы ўнутранае перакананне маецца ў тым, што нейкая пагроза існуе), ён абавязаны праверыць вас, што і для чаго вы фатаграфуеце, высветліць і, разабраўшыся, адпусціць, калі гэтая пагроза не пацвердзіцца». 

Пры гэтым, калі падазрэнні супрацоўніка міліцыі не пацвердзяцца, кампенсаваць затрыманаму грамадзяніну, напрыклад, кошт білета на цягнік, на які ён спазніўся, ніхто не будзе, дадаў Шуневіч. «Гэта агульнасусветная практыка, і мы яе будзем выконваць для таго, каб абараніць вас, паважаныя, сябе абараніць ад магчымых пагроз, якія ў свеце сёння вельмі шырока развіты. Ведайце, што вы рызыкуеце. Пералік стратэгічных аб'ектаў вядомы», — заявіў міністр.

Каментары13

Цяпер чытаюць

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну8

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну

Усе навіны →
Усе навіны

ГУБАЗіК заявіў пра затрыманне двух магілёўцаў: нібыта яны ехалі ў краіну з пашпартамі Новай Беларусі15

Ад чаявання з абаранкамі да песень пра «герояў СВА». Як Рускі дом прыносіць у Гродна рускі свет17

Беларускі верталёт Мі-24 збіў расійскі беспілотнік, які ляцеў ва Украіну8

Забойства палкоўніка СБУ ў Кіеве здзейснілі грамадзяне Азербайджана6

Жыхары аграгарадка звярнуліся да Лукашэнкі: дзіцячы садок закрываюць, а малых, нават двухгадовых, будуць вазіць за 20 км10

Як жыве просты мінскі зваршчык, які выйграў тры мільёны рублёў5

Куды аддаць сёлета сваіх дзяцей, каб яны вучыліся па-беларуску1

Краіны ЕС пагадзіліся знізіць цэнавае абмежаванне на расійскую нафту на 15 %

У Францыі зняволены змог збегчы з турмы — яго вынес у сумцы сукамернік, які вызваліўся

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну8

Трамп: 17 сістэм Patriot адправім ва Украіну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць