Міралюбная беларуская палітыка паслужыла падставай для адмены санкцый супраць Беларусі. Пра гэта заявіў сёння журналістам Аляксандр Лукашэнка.

Кранаючы ўкраінскую тэматыку, кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што «нам не трэба перабольшваць сваю ролю ва ўрэгуляванні гэтага канфлікту». «Нашу пазіцыю можна вітаць, бо ўсюды і заўсёды Беларусь, кіраўніцтва Беларусі выступае за мір, — адзначыў кіраўнік Беларусі. — Мы не прымаем вайны, не прымаем ніякіх канфліктаў, будзь то ва Украіне, Сірыі, Лівіі, Іраку. Мы гэтага не прымаем, гэта наша пазіцыя».
«І тое, што адбылося ў Мінску, вы ведаеце, я б сказаў, што гэта павінна было адбыцца ў Мінску, бо ў свеце няма іншай дзяржавы, якая была б так прыхільна міру. Падмурак гэтага — тая перамога, якая адбылася 70 гадоў таму», — перакананы кіраўнік дзяржавы.
Кажучы пра мінскія дамоўленасці і мірныя сустрэчы ў Беларусі па ўкраінскай тэматыцы, Лукашэнка падкрэсліў: «Таму падзея, якая адбылася, яна была вельмі важнай — для Украіны перш за ўсё, для Расіі, для нашага кантынента, для гэтага рэгіёну.
Але яна дала штуршок, паслужыла прычынай, і нават не прычынай, а падставай (гэта як падарунак Захаду) для адмены супраць нас рознага роду санкцый. Ім патрэбен быў нейкі такі магутны штуршок, і яны, атрымаўшы яго, гэтым скарысталіся».
«Ну, што тут граху таіць, за гэта трэба ім падзякаваць, цяперашнім еўрапейскім палітыкам, Злучаным Штатам. За тое, што яны, скарыстаўшыся гэтым выпадкам, шанцам для нас і сябе адышлі ад гэтай канфрантацыі з Беларуссю», — выказаў меркаванне кіраўнік дзяржавы.
Каментары