Сэрца чалавека, спрытнасць воўка — рэцэнзія на фільм «Кніга джунгляў»
Жанр: мультфільм, прыгоды, драма, фэнтазі
Рэжысёр: Джон Фаўро
У ролях (агучка): Ніл Сетхі, Біл Мюрэй, Бен Кінгслі, Ідрыс Эльба, Лупіта Ніонга, Скарлет Ёхансан, Джанкарла Эспазіта.
ЗША, 105 хв.
Адзнака: 8.
Некалі пантэра Багiра знайшоў у джунглях хлопчыка (Ніл Сетхі). Зграя ваўкоў на чале з Акелам бяруць у сваю сям'ю, маці яму становіцца ваўчыца Ракша. Багіра выхоўвае яго разам з ваўкамі. Аднойчы падчас засухі і перамір'я на вадапой прыйшлі ўсе жывёлы, у тым ліку і тыгр Шэр-Хан. Ён абвясціў хлопчыка чужынцам і загадаў ваўкам аддаць яго.
Пасля гэтага Маўглі вырашае пакінуць зграю, і Багіра лічыць найлепшым выйсцем адвесці яго ў вёску да людзей. На шляху хлопчыка чакаюць адкрыцці і запамінальныя сустрэчы з мядзведзем Балу, пітонам Каа і іншымі насельнікамі джунгляў.
Чацвёртая экранізацыя аднайменнага твора Кіплінга, які выйшаў ў 1893, кінакампаніяй Walt Disney Pictures. Гэта рымэйк мультфільма 1967-га ў выглядзе мастацкага фільма, значную частку якога займае камп'ютарная анімацыя. Аўтары ўнеслі ў сюжэт некаторыя змены, уключыўшы больш эпізодаў з кнігі Рэд'ярда Кіплінга, каб зрабіць апавяд больш займальным.
Усе месцы, дзе адбываецца дзеянне фільма, намаляваныя з дапамогай камп'ютэрных тэхналогій. Надзвычай рэалістычна зробленыя персанажы жывёл.
Пры іх стварэнні былі выкарыстаныя звычкі сапраўдных звяроў, якія акцёрам давялося капіяваць па тэхналогіі захопу руху.
Найлепшыя акцёры ўзялі ўдзел у агучцы вядомых персанажаў «Кнігі джунгляў». Балу загаварыў голасам Біла Мюрэя, Багіра - Бена Кінгслі. Караля Луі агучыў Крыстафер Уокен, а Шэр-Хана - Ідрыс Эльба.

Упершыню ў гісторыі Каа стала персанажам жаночага полу (яе агучвае Скарлет Ёхансан). У гэтым фільме, як і ў мультфільме 1967 года, Каа адмоўны персанаж.
Пры гэтым Багіра у адпаведнасці з кнігай (і ў адрозненне ад савецкай экранізацыі) — мужчынскага полу.
У рымэйку, як і ў мультфільме, не знайшлося месца кніжнаму персанажу Табакі - шакалу, прыхвастню Шэр-Хана.
У дыснееўскім мультфільме кароль бандэр-логаў Луі намаляваны арангутанам. У фільме ён з'яўляецца ў выглядзе гігантапітэка. Лічыцца, што гэтыя продкі арангутанаў насялялі некаторыя часткі Індыі.
Фільм пакідае найлепшыя ўражанні.
Стваральнікі максімальна дакладна (наколькі гэта магчыма для звяроў, якія размаўляюць) перадалі пластыку жывёл. Дзякуючы драматычнасці і эмацыйнасці стужка будзе цікавая не толькі дзецям, але і дарослым.
Каментары