Украінскія дроны зноў атакавалі хімічны завод «Азот» у Тульскай вобласці
У ноч з 7 на 8 чэрвеня хімічны камбінат «Азот» у расійскім горадзе Новамаскоўск быў атакаваны ўкраінскімі дронамі — ужо другі раз за апошнія два тыдні.

Паводле губернатара Тульскай вобласці Дзмітрыя Міляева, дрон упаў на тэрыторыі завода, выклікаўшы пажар, які ўдалося хутка ліквідаваць. Забруджання паветра вышэй за дапушчальныя нормы не зафіксавана. Раней, 24 траўня, гэты ж аб’ект ужо станавіўся мэтай украінскай атакі: тады было пашкоджана абсталяванне і адбылася ўцечка азотнай кіслаты.
Завод «Азот» з’яўляецца часткай холдынгу «Еўрахім» і пастаўляе азотную кіслату на завод імя Свярдлова ў Дзяржынску Ніжагародскай вобласці. Менавіта там з гэтых кампанентаў вырабляюцца выбуховыя рэчывы, такія як актаген і гексаген, якія шырока выкарыстоўваюцца для вытворчасці артылерыйскіх снарадаў. «Еўрахім» разам з іншымі буйнымі хімічнымі кампаніямі з'яўляецца ключавым пастаўшчыком кампанентаў для расійскай ваеннай прамысловасці.
Таксама расійскае Міністэрства абароны паведаміла пра перахоп і знішчэнне ноччу 8 чэрвеня 61 украінскага беспілотніка над тэрыторыямі Бранскай, Белгародскай, Калужскай, Тульскай, Арлоўскай, Курскай абласцей, Маскоўскага рэгіёна і анексаванага Крыма.
Каментары