Топ-100 кампаній Польшчы з беларускімі каранямі ўзначаліў EPAM, у спіс увайшла і кампанія Сахашчыка
Як выглядае рэйтынг?

Беларускі прыватны бізнэс у Польшчы працягвае расці, але значна меншымі тэмпамі, піша выдання Plan B. Па выніках 2023 года сукупная выручка кампаній, якія ўвайшлі ў топ-100, вырасла на 10% у параўнанні з 2022 годам. У папярэдні год назіраўся рост на 30% да 2021 года.
На такія вынікі ў першую чаргу паўплывалі паказчыкі былога шматгадовага лідара топ-100 — аператара паліўных карт Е100 International Trade. З-за продажу актываў у Беларусі, Расіі і Казахстане выручка ў яго зменшылася ў 17 разоў. У выніку група кампаній Е100 перамясцілася з першага месца на дзявятае.
Другім важным фактарам, які паўплываў на зніжэнне выручкі, сталі санкцыі. Найбольш гэта адчулі кампаніі, якія спецыялізуюцца на экспартна-імпартных аперацыях з вугалем, лесапрадукцыяй, аўтамабілямі і абсталяваннем. У топе такіх каля дзясятка.
Падзенне выручкі — галоўная прычына таго, што топ-100 пакінулі 40 кампаній, якія ў яго ўваходзілі ў 2022 годзе. Сярод іншых прычын — адсутнасць фінансавых справаздач шэрагу кампаній і выхад беларускіх уладальнікаў з бізнэсаў у выніку іх продажу.
Новы драйвер росту
Дзеянне санкцый прывяло да змены драйверу росту. У 2022 годзе ім былі транспартна-лагістычныя кампаніі. Аднак за 2023 год іх колькасць у топ-100 зменшылася з 31 да 25. З 40 да 43 вырасла прадстаўніцтва аптавікоў, з 4 да 8 — кампаній, занятых у будаўніцтве і дэвелапменце.
Сярод іх — кампанія былога «міністра абароны» ў Аб'яднаным пераходным кабінеце Валерыя Сахашчыка Sahaty, якая заняла 31-е месца з выручкай у 64,2 мільёна злотых (каля 17 мільёнаў даляраў), што на траціну менш за 2022 год (96,6 мільёна злотых).
Як адзначае журналіст Вадзім Сяховіч, кампанія Sahaty узначальвала топ-10 будаўнічых бізнэсаў беларусаў у Польшчы ў 2023 годзе.
Пры гэтым новым драйверам росту аўтары называюць ІТ-галіну. Нягледзячы на тое, што колькасць такіх кампаній у топ-100 вырасла нязначна — з 15 да 17, — гэта галіна дадала за 2023 год прыкладна 30% і стала галоўным і па сутнасці адзіным драйверам агульнага росту. Першае месца ў топ-100 заняў EPAM Systems (Poland).
Маштабаванне і арыентацыя на сталіцу
Аналіз паказаў, што беларускі бізнэс у Польшчы працягваў маштабавацца. Калі ў 2022 годзе для ўваходжання ў топ-100 неабходна было зарабіць 19 мільёнаў злотых, то ў 2023-м — 22,7 мільёна (каля 6 мільёнаў даляраў).
Калі гаварыць пра геаграфію, то цэнтрам прыцягнення заставалася сталічнае Мазавецкае ваяводства. Менавіта тут у 2023-м былі зарэгістраваны 52 кампаніі (у 2022-м — 46). Пры гэтым адбылося скарачэнне беларускіх кампаній у двух іншых рэгіёнах — Падляскім (з 22 да 19) і Люблінскім (з 13 да 9).
Як выглядае топ-10
1. EPAM Systems (Poland) — найстарэйшы і найбуйнейшы IT-бізнэс з беларускімі каранямі ў Польшчы. Яго офісы знаходзяцца ў пяці гарадах. І да 2025 года таксама дзейнічала даччыная кампанія глабальнага EPAM — Emakina.PL.
2. Polbilding s.k.— буйны трэйдар вугалю, коксу і хімічных прадуктаў з рэгістрацыяй у Зялёнай Гуры. Штогадовы абарот гэтага бізнэсу, заснавальнікам якога з'яўляецца беларус Віталь Канцэвіч, складае каля мільёна тон за год. У топ-100 уваходзіць і транспартна-лагістычнае прадпрыемства бізнэсмена — Polbilding sp.z o.o.
3. TRM Metals Polska — металатрэйдар са штаб-кватэрай у Дубаі і філіялам у Катавіцах. Яго саўладальнік Мікалай Пархоменка. У 1990-я ён працаваў у беларускай кампаніі «Яравіт».
4. E100 Power Max — адна з кампаній Групы E100, якой валодаюць Уладзімір і Максім Стаецкія. Яна займаецца аптовым і рознічным гандлем нафтапрадуктамі на рынках Польшчы і іншых краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
5. TELS Global Polska — лагістычнае падраздзяленне групы кампаній TELS Global, якой з Чэхіі кіруюць Уладзімір Таянка і Іван Шаховіч. З'яўляецца найбуйнейшым транспартна-лагістычным бізнэсам беларусаў у Польшчы.
6. ASBIS Poland — даччыная кампанія кіпрскага холдынгу ASBIS'c Enterprises. Яго заснавальнікам і ключавым акцыянерам з'яўляецца беларус Сяргей Касцевіч. ASBIS Poland займаецца дыстрыбуцыяй IT-прадукцыі на польскім рынку, для чаго пабудавала складскі комплекс у Рашыне.
7. DSPL — аўтатранспартная кампанія, створаная ў 2021 годзе ў выніку рэарганізацыі замежнага бізнэсу Васіля Смятаніна, які пражывае ў Маскве. Частку яе долей атрымалі яго беларускія партнёры. DSPL упершыню ўвайшла ў топ-100 і адразу патрапіла ў першую дзясятку.
8. Vention Development — другі па маштабах дзейнасці IT-бізнэс з беларускімі ўласнікамі ў Польшчы. Яго стварылі ў выніку рэлакацыі з Беларусі Сяргей Каваленка і Васіль Байко. У кампаніі — офісы ў пяці польскіх гарадах.
9. E100 International Trade — аператар паліўных карт Е100. Гэта — былы лідар топ-100, які страціў ільвіную долю выручкі ў выніку сыходу з рынкаў Беларусі, Расіі і Казахстана. З 2023 годзе гэты бізнэс Уладзіміра і Максіма Стаецкіх працаваў у краінах Усходняй і Паўднёвай Еўропы.
10. AsstrA Polska — адзін з найбуйнейшых лагістычных бізнэсаў з беларускімі каранямі. Стваральнік AsstrA Group — беларус Дзмітрый Лагун, а штаб-кватэра міжнароднага холдынга размешчана ў Швейцарыі.
З поўным спісам топ-100 можна азнаёміцца тут.
Каментары