Гісторыя22

Як каханка Маякоўскага стала першай лэдзі БССР

Неймаверна прыгожая, адчайна смелая, разняволеная ў думках і паводзінах, Зося сапраўды жыла напоўніцу. Але крыўдна, калі ўяўленне пра яе абмяжоўваецца толькі такімі штампавымі характарыстыкамі, як «фатальная жанчына», «першае каханне Маякоўскага», «інстытутка, якая збегла з футурыстамі»… Бо яна была чалавекам нашмат глыбейшым. Гісторыю менскай гімназісткі Зосі Шамардзіной апавядае пісьменніца і даследчыца літаратуры Ганна Севярынец.

1930 год. Масква. Уладзімір Маякоўскі, ужо смяротна стомлены і смяротна расчараваны, рыхтуе сваю апошнюю ў жыцці выставу «Дваццаць год працы». Ніякіх памагатых дзяржава свайму шчыраму трыбуну і палымянаму прамоўцу не дала — плакаты паэт прыбівае сваімі рукамі. Побач з ім на падлозе клеяць вялізныя аркушы паперы, прыладжваюць фотаздымкі, прыкідваюць подпісы толькі адміністратар выставы Павел Лавут ды Зося Шамардзіна, жонка былога старшыні СНК БССР Язэпа Адамовіча і разам з гэтым першая сардэчная сяброўка і каханка Маякоўскага. Калі выстава аглушальна правалілася, бо на яе не прыйшлі ані сябры-пісьменнікі, ані высокія госці пры пасадах, менавіта Зося арганізавала калектыўнае хадайніцтва перад кіраўніцтвам краіны, каб Маякоўскага ўзнагародзілі ордэнам за дваццаць год працы. Хадайніцтва не задаволілі, але сам факт!

Яшчэ эпізод. У 1926 годзе старшыня Галоўпалітасветы С.С.Шамардзіна адмяняе рашэнне цэнзара П.Л.Арэшнікава аб забароне купалаўскіх «Тутэйшых». Доказы гэтага экстраардынарнага па тым часе ўчынку адшукаў у архівах гісторык Аляксандр Гужалоўскі. Той кароткі час, які «Тутэйшыя» ўсё ж жылі на сцэне БДТ-1, быў адваяваны ў эпохі Зосяй Шамардзіной.

Цяпер тут, на вуліцы Валадарскага, знаходзіцца Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага, а спачатку гэта была сінагога. Яе закрылі пасля рэвалюцыі і ў 1926-м перарабілі на кінатэатр «Культура» (на фота). Менавіта ў ім выступаў Маякоўскі. Курыравала мерапрыемства Соф'я Шамардзіна: як жонка старшыні СНК БССР, яна адказвала ў краіне за ўсю культуру. З кнігі І. Куркова «Мінск незнаёмы».

Яшчэ дэталь, гэтым разам з пачатку 1920-х. Яе згадвае ва ўспамінах сама Зося: «У Саўнаркаме па патрабаванні Дзяржплана і Наркамфіна адмовілі даць сродкі на школы местачковай моладзі. І, мусіць, было надта дзіўна і смешна, калі дакладчык Наркамасветы, старшыня Галоўпалітасветы (гэта значыць, я), раптам заплакаў. Адамовіч ажно разгубіўся, але ўсё ж не пайшоў супроць планавых і фінансавых органаў. Добра, што ўмяшаўся Якуб Колас і заступіўся за Наркамасветы».

Яшчэ ўчынак. 1964 год. Шамардзіна, не так даўно рэабілітаваная пасля дзесяці гадоў лагера і сямі сібірскага пасялення, піша ліст да паэта-акадэміка Пятра Глебкі (адказу якога, на жаль, не захавалася). Не, яна нічога не просіць для сябе. Яна просіць, каб Глебка паспрыяў аднаўленню і захаванню памяці пра першых беларускіх нацыянал-бальшавікоў Язэпа Адамовіча, Аляксандра Чарвякова і Мікалая Галадзеда, што загінулі падчас рэпрэсій. Клопат Зосі — вялікі нават па сённяшнім часе: яна хацела б усталяваць мемарыяльныя дошкі ў гонар тых, хто пачынаў ствараць рэспубліку. Няма каму яе падтрымаць — і дошкі, канешне ж, не ўсталявалі. Але яна змагалася.

А цяпер можна і па парадку.

Пацалавала паэта на сустрэчы з чытачамі

Соф’я Шамардзіна нарадзілася ў Нясвіжы ў 1894 годзе. Бацька яе, акцызны чыноўнік (сёння мы б сказалі: супрацоўнік падатковай інспекцыі) Сяргей Іванавіч Шамардзін, праз колькі год пасля нараджэння дачкі перабраўся ў Менск, дзе ў хуткім часе Зося распачала вучобу ў гімназіі. Дакладна невядома, якім чынам бацькі Зосі пазнаёміліся з маладым, але і тады ўжо знакамітым пецярбургскім літаратарам Карнеем Чукоўскім. Магчыма, праз супольнага знаёмага, менскага хірурга Цэмеха Шабада, да якога Чукоўскі завітваў у Менск. Як бы там ні было, але менавіта Чукоўскі ў 1913 годзе павёз 18-гадовую Зосю ў Пецярбург: дапамагчы з паступленнем на Бястужаўскія жаночыя курсы і пазнаёміць са сталічнымі паэтамі. «Адны бацькі папрасілі завезці іх дачку ў Пецярбург», — так пазней распачне расповед пра Зосю сам Чукоўскі.

З некаторымі сталічнымі літаратарамі, тым не менш, менская гімназістка была ўжо крыху знаёмая, а яны былі крыху знаёмыя з ёй. Хуліганка Шамардзіна ў пачатку гэтага лёсавызначальнага для яе года падчас выступу Фёдара Салагуба ў менскім Гасціным двары прабралася за кулісы, падбегла да паэта і пацалавала яго. Выбрык гэты невымоўна здзівіў Салагуба — і ўразіў прысутнага там жа Ігара Севяраніна. Сустрэўшы Зосю ў Пецярбурзе, паэт Севяранін згадае і выбрык, і дзяўчыну, і сваё ўражанне — і закахаецца ў прыгожую курсістку. Але да таго часу яна ўжо — каханка Маякоўскага.

Чукоўскі, Севяранін…

Імклівы і драматычны раман Маякоўскага і Сонкі Шамардзіной (пяшчотнае «Сонка» прыдумана для яе паэтам) шматкроць апісаны ў літаратуры. Шчыра і прастадушна распавядае пра яго сама Зося ў нататках «Маё футурыстычнае юнацтва». Падрабязна і метадычна раскручваюць спружыну гэтай гісторыі біёграфы расійскага генія. Падобна на тое, што гэта і сапраўды было першае сур’ёзнае каханне маладога паэта. У кожным разе, менавіта Зосін вобраз стане асноўным «складнікам» вобразу Марыі ў ягонай першай вялікай лірычнай паэме «Воблака ў штанах». У трагедыі «Уладзімір Маякоўскі» Зося зноў згадваецца, але ўжо — сястрой: «У меня есть Сонечка, сестра!»

Ва ўспамінах сучаснікаў Маякоўскага раз-пораз мільгае непрыгожая гісторыя з плёткай, якую нібыта пусціў спакутаваны нечаканай рэўнасцю Чукоўскі.

Даведаўшыся, што ягоная падапечная цяжарная, ён усклікнуў: «Як! Вы збіраецеся нарадзіць ад сіфілітыка?!»

Плётка пайшла гуляць па горадзе, нібыта падхопленая Максімам Горкім… Здаецца, менавіта з гэтага непрыемнага клубка Зося і выблыталася ўжо не каханкай Маякоўскага, а «сястрой», пазбавіўшыся і ад непажаданага дзіцяці.

На некаторы час яна прымае палкія заляцанні Ігара Севяраніна. Соф’і Шамардзіной прысвечана ягоная паэма «Званы сабора пачуццяў» — але і гэтая паэтычная гісторыя хутка стамляе. Зося шукае сябе: перастае ўжываць мяса, едзе сястрой міласэрнасці на фронт Першай сусветнай, у 1917 нараджае ўсё ж дзіця (імя бацькі яна нікому не называе), але ў гэтым жа годзе сын яе памірае…

Надзейная сяброўка мужу і каханкам

У 1917 годзе Шамардзіна вяртаецца ў Менск — у самы вір рэвалюцыйных падзей. Некаторы час яна працуе ў штабе гарадской міліцыі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фрунзэ, потым едзе ў Сібір. Там, у Цюмені, калі горад знаходзіўся на асадным становішчы, у разгар Грамадзянскай вайны неўтаймаваная Зося ўступае ў РКП(б).

Уладзімір Маякоўскі. 1911 год.

У 1921-м, неўзабаве пасля заканчэння польска-савецкай вайны, Шамардзіна зноў вяртаецца на радзіму. Актыўная, заўважная, разняволеная, яна знаходзіцца ў самай гушчы падзеяў, на чале нованароджанага жаночага руху. На адным з партыйных мерапрыемстваў Зося знаёміцца з наркамам вайсковых і ўнутраных спраў БССР Язэпам Адамовічам.

Раман з наркамам

Гэты раман разгортваецца таксама надзвычай хутка. «Аднойчы я захварэла і некалькі дзён не была ў Язэпа Аляксандравіча. А ў нядзелю, зімовай раніцай, на двор уязджаюць ваенкамаўскія сані. Гэта Адамовіч вырашыў, што ўжо час «перабудоўваць жыццё», і даручыў сваёй сястры Гэлі прывезці мяне», — успамінала Зося. І далей: «Розніца ў нашым культурна-адукацыйным узроўні не перашкаджала нам, хутчэй, гэтая акалічнасць збліжала нас: я рада была памагчы ў яго самаадукацыі, ён заўсёды падстаўляў сваё моцнае плячо і падаваў руку ў вырашэнні арганізацыйных і палітычных пытанняў у маёй рабоце — і ў пракуратуры, і ў Наркамасвеце».

Яна была надзейнай сяброўкай мужу — што б там ні было. Але адначасова заставалася і надзейнай сяброўкай сваім былым каханкам — што б з імі ні здаралася. Неаднойчы Язэп Адамовіч, пакуль быў пры ўладзе, дапамагаў сувязямі і рэкамендацыямі Уладзіміру Маякоўскаму. Падчас паэтычных візітаў у Менск Маякоўскі заўсёды абедаў у Адамовічаў. «Як мне называць цябе, на «ты» ці на «вы»?» — спытаўся ён першы раз, нечакана сумеўшыся. «Цябе б крыху прыадзець!» — жорстка кінуў другі раз, пабачыўшы Зосю ў строі «а-ля Крупская».

«Дзіўна. Раней ты хацеў раздзець мяне, а цяпер хочаш адзець», — адказала яму першая лэдзі БССР, старшыня Галоўпалітасветы Соф’я Сяргееўна Шамардзіна.

Ёсць меркаванне, выказанае Аляксандрам Гужалоўскім, нібыта мімалётныя, але цёплыя адносіны звязвалі Зосю з вядомым камуністычным дзеячам Карлам Радэкам: яна пазнаёміла Радэка і з Адамовічам.

«Мне самой хочацца пагрэцца ў цеплыні ўспамінаў»

У 1930 годзе, праз тры месяцы пасля правалу выставы «Дваццаць год працы», застрэліцца Маякоўскі. У 1937-м, у атмасферы рэпрэсій, у купэ цягніка застрэліцца Язэп Адамовіч. «Працуй, Сонечка, на карысць партыі за сябе і за мяне», — напіша ён у перадсмяротнай запісцы. Праз некалькі месяцаў за «контррэвалюцыйную дзейнасць» будзе арыштаваная, аднак, і Сонечка. Дзесяць гадоў лагера, а потым, пасля двух нясмелых гадоў на волі, — новы арышт і вечнае пасяленне ў Ігарцы, на дзікай Поўначы. І толькі ў 1955-м — канчатковае вызваленне і рэабілітацыя.

Соф’я Шамардзіна памерла ў 1980 годзе пад Масквой, у пансіянаце для старых бальшавікоў, куды яе ўладкавала іншая каханка Маякоўскага, Ліля Брык. Памерла, пакінуўшы пасля сябе ўспаміны пра Маякоўскага і Адамовіча, некалькі дзясяткаў вершаў, некалькі палкіх лістоў да каханкаў і вясёлых цыдулак да сябровак. Кажуць, і напрыканцы жыцця яна была надзвычай прыгожай, надзвычай светлай і надзвычай аптымістычнай. «Мне самой надта хочацца пагрэцца ў цеплыні дарагіх успамінаў», — прызнавалася яна з выбачэннямі: маўляў, шмат успамінаю пра сябе, замест таго, каб успамінаць пра гераічную эпоху.

Увогуле, тыя бурапенныя часы ўспамінаюць з рознымі пачуццямі. Зося ўспамінала з цеплынёй.

Ганна Севярынец

Нечаканае супадзенне: Соф’я Шамардзіна судзіла групу польскіх разведчыкаў на чале з будучым пісьменнікам Сяргеем Пясецкім

28 чэрвеня 1924 года ў Вышэйшым судзе БССР у Мінску пачаўся шпіёнскі працэс. Разглядалася справа польскіх агентаў з арганізацыі Сяргея Пясецкага.

У будынку па Маркса, 3 у 1920-я гады размяшчаўся Вышэйшы суд БССР, тут судзілі групу Пясецкага (тады адрас быў Маркса, 5).

Архівы захавалі імя суддзі — Раман Кудзельскі ўзначаліць Вярхоўны суд БССР у 1930-я.

Але большую цікавасць выклікае асоба пракурора. Дзяржаўным абвінаваўцам на працэсе выступала кіраўніца жаночага аддзела ЦК кампартыі, жонка народнага камісара вайсковых і ўнутраных спраў, вядомага сваёй жорсткасцю «жалезнага» Язэпа Адамовіча, Соф'я Шамардзіна.

Соф'я Шамардзіна.

Аляксандр Гужалоўскі на старонках кнігі «Сэксуальная рэвалюцыя ў БССР. 1919—1929 гг.» прэзентуе гэтую асобу як сэкс-сімвал абальшавічанага Мінска, чырвоную свецкую львіцу, разбуральніцу сямейных устояў, паслядоўніцу Аляксандры Калантай.

Сустрэцца з Пясецкім, які меў падобную славу на польскім баку мяжы, ёй не давялося. У апошні момант спрытны агент польскай выведкі, арганізатар шпёнскай сеткі, нейкім цудам, што адзначаецца і ў судовай справе, выслізнуў з рук ГПУ. Здолеў уцячы і нехта Сяргееў (псеўданім) — мяркуючы па справе, фігура таксама важная. А вось шарагоўцы папаліся.

Чым займаліся разведчыкі групы Пясецкага

У польскага Генеральнага штаба былі спадзяванні на стварэнне агентурнай сеткі па лініі Мінск—Бабруйск—Слуцк. Пры паспяховым развіцці справы таксама планавалася далучыць у сетку і Жлобін.

Сяргей Пясецкі. Фота Wikimedia Commons.

Большасць агентуры з групы Пясецкага канцэнтравалася ў Бабруйску. Асноўныя фігуранты справы жылі ў раёне вуліц Інваліднай (зараз Энгельса), Жукоўскай, Лагернай Слабодкі (Сялянская), знакамітай Скрыпачкі, побач з якой знаходзіўся аэрадром. З прыходам Чырвонай Арміі ў Бабруйск у ліпені 1920-га былы польскі аэрадром выкарыстоўваўся авіяцыяй 16-й арміі Заходняга фронту. У студзені 1922-га супраць антысавецкіх узброеных акцый у Бабруйск падцягнулі 2-гі атрад дывізіёна паветраных караблёў «Ілля Мурамец», які прыцягваў увагу агентаў.

Пясецкі быў завербаваны на працу разведчыка ў верасні 1922-га пад мянушкай Белы. Наваспечаны агент атрымаў зброю — рэвальвер сістэмы «наган». Першы пераход Белага праз мяжу адбыўся 9 верасня 1922 года ў раёне Стоўбцаў. 17 верасня Пясецкі вярнуўся. «Заданне выканаў», — сведчыць запіс ягонага куратара, паручніка Ратынскага. Агент прынёс па адным асобніку газет «Правда» і «Известия». Па тых часах газеты былі вельмі каштоўнай крыніцай інфармацыі. Набывалі іх на гарадскіх рынках.

Наступным заданнем было высветліць, якія дывізіі і аддзелы бяруць удзел у манеўрах, а таксама вызначыць тэрыторыю манеўраў пад Бабруйскам. У Ракаве, улюбёным сваім мястэчку, Пясецкі перайшоў на савецкі бок. Ды хутка вярнуўся: заданне было правалена — Пясецкага затрымалі, але пасля адпусцілі. Найхутчэй, памежнікі не звярнулі ўвагу на асобу затрыманага, у той час праз мяжу хадзілі ледзь не натоўпамі.

Улетку 1923-га група Пясецкага дэманструе паспяховыя вынікі. Але ў пачатку восені, як пазначае Ратынскі, агент перадае ўжо «сціплыя матэрыялы» і тлумачыць гэта дэканспірацыяй.

«Збіралі звесткі аб перамяшчэнні савецкіх войск…»

Іх арыштавалі 19 студзеня 1924 года.

У выніку правалу групы ў мінскім ГПУ (сёння гэта будынак па вуліцы Энгельса, 18) апынуліся Георгій Петрашкевіч, Антон Шукала (Шукайла), яго жонка Вольга, Канстанцін Масюк, Пятро і Лізавета Шустоўскія (брат і сястра) ды Казіміра Раскалава. Такія імёны засталіся ў судовых дакументах.

Усіх арыштаваных прывезлі ў турму (на той момант Цэнтральны папраўчы дом) 17 сакавіка 1924 года пасля сур’ёзнай апрацоўкі ў падвалах ГПУ. Петрашкевіч і Шукала «прызналіся, што яны агенты Інфармацыйнага бюро №2 Польскага Генеральнага штаба (разведка. — НГ), праз пасярэдніцтва нязлоўленага шпіёна Пясецкага… збіралі звесткі аб перамяшчэнні савецкіх войск…»

 Георгію Петрашкевічу не было і васямнаццаці гадоў. Пракурор Шамардзіна не пашкадавала прыгожага юнака з Баранавіч і патрабавала для яго найвышэйшай меры пакарання. Суд змяніў кару на 10 год пазбаўлення волі «без канфіскацыі маёмасці з прычыны адсутнасці апошняй».

Хлопец пазбег расстрэлу толькі з прычыны маладых гадоў. Тады ўдзел юнакоў у справах дарослых, такіх як узброеныя акцыі (згадаем слуцкіх гімназістаў-паўстанцаў, мінскіх семінарыстаў-зеленадубцаў), дыверсіі, тэрор, шпіянаж — справа звычайная. У час ваеннага і паваеннага ліхалецця сталелі вельмі рана.

Нельга не заўважыць, што Петрашкевіч быў арыштаваны першым з групы, у верасні 1923-га. Мусіць, яго затрыманне і было той нітачкай, якая дала магчымасць чэкістам разбурыць шпіёнскае гняздо. Хаця па законах жанру шараговы сябра арганізацыі не павінен быў ведаць іншых яе членаў, а толькі кантактную асобу (старшага) з сеткі, якім быў для яго Сяргееў.

Адзіны расстраляны

Трагічны лёс у Антона Шукалы. Прыгажуня-пракурор называла яго «інтэлігентны малады чалавек». Яна выставіла яму абвінавачанне ў тым, што, «быўшы на службе ў канцылярыі штаба дывізіённай школы №8 на пасадзе старшага перапісчыка, выкарыстоўваў сваё службовае становішча, перадаваў вядомыя яму звесткі, якія мелі характар дзяржаўнай таямніцы, за ўзнагароду агентам польскай выведкі».

Шукала распавёў суду сваю версію падзей: быццам ён увайшоў у давер да Пясецкага для перадачы лжывых звестак «і сам збіраўся раскрыць шпіёнскую сетку». На вартыя жалю спробы падсуднага захаваць сабе жыццё суд не звярнуў увагі.

У выніку чатырохгадзіннага разгляду справы 25-гадовы Шукала, родам з пасёлка Альбярцін (цяпер у межах горада Слоніма), член Камуністычнай партыі, адзіны з групы быў асуджаны да расстрэлу.

Лёс падсуднага абцяжарыла тое, што Пясецкі неаднаразова спыняўся ў доме Шукалы. Ён з сям’ёй жыў у Бабруйску, на тэрыторыі 8-га артылерыйскага дывізіёна, які месціўся, мабыць, у крэпасці.

Жонка Антона, 19-гадовая бабруйчанка Вольга, атрымала прысуд за выкананне абавязкаў кур’ера, перадачу пакетаў з інфармацыяй і «неданасіцельства». 30 чэрвеня Вольга мела апошняе спатканне з мужам. Просьба аб памілаванні не была задаволена. 22 ліпеня Шукала «выдадзены каменданту ГПУ Лукашэвічу», што азначала расстрэл у наступную ноч.

Следства прыйшло да высновы, што агенты з польскага боку карысталіся гасціннасцю падсудных Шустоўскіх, Масюка, Шукалы рэгулярна і жылі ў іх па некалькі месяцаў.

Лёгка выскачылі?

Іншыя фігуранты шпіёнскай справы — брат і сястра Шустоўскія — мелі жытло ў Бабруйску, па Жукаўскім завулку, дом №2. Пятро Шустоўскі, 23-гадовы халасты бландзін, як сведчыў прысуд, «прымаў у сябе агента польскай выведкі Пясецкага».

За гэта ён атрымаў два гады зняволення. Праз год вязень звярнуўся з хадайніцтвам аб датэрміновым вызваленні, у заяве патлумачыў, што «маці — глухая 58-гадовая старая».

У гэтай справе фігуруе толькі адзін мінскі адрас кватэры Канстанціна Масюка на ўчастку Грыгор’ева, дом 4, кватэра 1. Вуліца Грыгор'еўская была раней у Мінску — сёння гэта вуліца Фабрыцыуса. Найстарэйшы з групы затрыманых, 51-гадовы ахоўнік вакзала і Дома культуры Заходняй чыгункі, згодна з фармулёўкай прысуду, «здаваў кватэру шпіёну Сяргееву». Сюды ж заходзіў Петрашкевіч, магчыма, і сам Пясецкі.

Фігуранты працэсу, як засведчыла газета «Звязда» за 2 ліпеня 1924 года, за выключэннем Шукалы, атрымалі малыя тэрміны зняволення, і некаторыя ўжо праз год выйшлі на волю. А жанчынам з прычыны маладосці і кепскага стану здароўя ўвогуле далі ўмоўныя тэрміны. Як вядома, да пары: для герояў палітычных працэсаў гэта быў толькі першы этап небяспечнага ўзаемадзеяння з уладай. Галоўныя маштабныя рэпрэсіі былі наперадзе. У 1930-я следчыя НКВД зноў выцягнуць справы першай паловы 1920-х, каб пазбавіць жыцця іх фігурантаў.

Ніна Стужынская

Каментары2

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

У Гомелі закрылі забягалаўку прадпрымальніка-лукашыста і знішчылі яго плакат са Сталіным9

У Гомелі закрылі забягалаўку прадпрымальніка-лукашыста і знішчылі яго плакат са Сталіным

Усе навіны →
Усе навіны

Пасля разносу Лукашэнкі «Беларусьфільм» бярэцца ствараць «лінейку сваіх серыялаў»4

«Гэта не самы прывабны варыянт». Што думаюць беларусы пра ўвядзенне Грузіяй трохгадовага ДНЖ для айцішнікаў2

Трамп не збіраецца падпісваць заяву G7 па пытанні ізраільска-іранскага канфлікту

Чаму расіяне аддалі ўкраінцам целы забітых, а тыя — не?7

Колькасць вакансій у Беларусі ў 54 разы большая, чым зарэгістраваных беспрацоўных1

Для аграсядзіб рыхтуюць новыя абмежаванні2

Беларусаў папярэдзілі пра візавую пастку пры наведванні Сербіі і Чарнагорыі2

Мерц катэгарычна супраць пасярэдніцтва Пуціна на Блізкім Усходзе2

Маладую выкладчыцу англійскай мовы асудзілі за ўдзел у пратэстах5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Гомелі закрылі забягалаўку прадпрымальніка-лукашыста і знішчылі яго плакат са Сталіным9

У Гомелі закрылі забягалаўку прадпрымальніка-лукашыста і знішчылі яго плакат са Сталіным

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць