Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»11

Дамоклаў меч маркі 193-1

Скасаванне крымінальнага артыкулу, што па-ранейшаму пагрозліва вісіць над беларускім трэцім сектарам, магло б стаць адным з канкрэтных патрабаванняў Еўропы ў дыялогу з беларускімі ўладамі.

Тое, што нефармалы легальна сабраліся 6 сакавіка на двухдзённы форум пад дахам Міжнароднага адукацыйнага цэнтра ў Мінску, па беларускіх мерках ужо ёсць прагрэсам.

«Нефармалы» — бо сама Асамблея няўрадавых арганізацый не мае рэгістрацыі. Хаця ўвогуле статыстыка трэцяга сектара ў нас вонкава зусім еўрапейская: на 1 студзеня ў краіне зарэгістравана 2 221 грамадскае аб’яднанне.

Але ўдзельнікі асамблеі раскажуць вам багата гісторый з серыі «Нябачныя свету слёзы». Канечне, да некай суполкі аматараў кактусаў ва ўлад пытанняў няма: квітнейце! А вось калі пахне, з гледзішча чыноўніка, крамолай, тут ужо трымайся!

Беларускі трэці сектар, што аформіўся падчас адносна дэмакратычнага перыяду пачатку 90-х, зведаў потым чорную паласу. Па меры таго як мацнеў аўтарытарызм, рэпрэсіі супраць непажаданых НДА станавіліся ўсё болей сістэмнымі. Супраць іх сталі ўжываць просты, але надзейны інструмент — адмову ў рэгістрацыі.

А перад выбарамі 2006 года зрабілі пастку і для андэграунду: усталявалі крымінальную адказнасць — да двух гадоў зняволення — за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Павешанае на грамадска-палітычнай сцэне ружжо неўзабаве было пушчана ў ход. Пачаўся «адстрэл» непрыручаных. За краты трапілі актывісты «Партнёрства», лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, іншых каралі штрафамі, запалохвалі. Артыкул стаў дамоклавым мячом для грамадзянскай супольнасці.

Летась НДА атрымалі фінансавы ўдар: іх пазбавілі льгот што да арэнды памяшканняў. Гэта звыш таго, што структуры трэцяга сектару (за выняткам праўрадавых) ўсяляк адсякаюцца ад рэсурсаў.

Сёння грамадзянская супольнасць канстатуе кволую, як цяперашняя мінская вясна, унутрыпалітычную адлігу. Днямі, напрыклад, зарэгістравалі — пасля шэрагу адмоў — «Цэнтр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятыў» (праект відавочна нязручнага ўладам прафесара Нікітчанкі). Але — «пракінулі» праваабарончую «Нашу вясну».

Карацей, ідзе гульня кошкі з мышкай. Тактыка дробнага фолу — калі не задушыць, то падпсаваць жыццё — па-ранейшаму шырока выкарыстоўваецца, асабліва ў рэгіёнах, супраць НДА, якія не гараць жаданнем быць кішэннымі.

Каб адмовіць у рэгістрацыі, напрыклад, заўжды можна знайсці «не тую» фармулёўку ў статуце, дробнае парушэнне ў дакументацыі… Але ўсім зразумела:

ладзіцца, фігуральна кажучы, строгі фэйс-кантроль, і калі за структурай стаяць свядомыя апаненты ўлады (хай сабе толькі ў прынцыповым, светапоглядным плане), то шанцы легалізавацца па-ранейшаму надта хісткія.

На сённяшні дзень негалосную пазіцыю кіроўных вярхоў у дачыненні да грамадзянскай супольнасці можна выказаць прыкладна такой фармулёўкай: «Скажыце дзякуй, што надта не душым!». Прыканцы 2008 года пасля трох няўдалых спроб зарэгістраваны «Рух за Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча — і зараз Мінск прадае Бруселю гэты крок як каласальную лібералізацыю.

Пры гэтым усім зразумела: варта сапсавацца дыялогу ўлад з Еўрасаюзам, як сітуацыя імгненна пачне адкручвацца ў адваротны бок — і мала не здасца нікому.

«Я скептычна стаўлюся да самога тэрміну «лібералізацыя» ў дачыненні да тых крокаў, што робяць зараз улады ў грамадска-палітычнай сферы, — кажа удзельнік асамблеі палітолаг Юрый Чавусаў. — Бо гэтыя захады кан’юнктурныя. Можна казаць хіба што пра спыненне найболей брутальных формаў пераследу. Незваротных, заканадаўча замацаваных зрухаў няма».

На думку Юрыя Чавусава, важным крокам з ліку незваротных было б скасаванне артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу. І шанцы даціснуць уладу ў гэтым пытанні ёсць, бо з падачы трэцяга сектара адпаведнае пытанне трывала ўвайшло ў парадак дня дыялогу ЕС з афіцыйным Мінскам, лічыць палітолаг.

Ці патрэбна ўвогуле ўладам узаемадзеянне з грамадзянскай супольнасцю? Або ўсё робіцца выключна дзеля імітацыі, напаказ Захаду? Хаця Чавусаў і называе «батлейкавымі» створаныя апошнім часам кансультацыйныя структуры з улучэннем прадстаўнікоў незалежнага грамадства, вярхі, на думку эксперта, усё ж адчуваюць патрэбу пакрысе ладзіць «у той ці іншай форме дыялог ці, прынамсі, камунікацыю».

І ўжо сам факт гэтай камунікацыі, лічыць суразмоўца, спакваля разбурае элементы таталітарызму, уласцівыя беларускай рэчаіснасці. Хаця б таму, што сцвярджаецца адносны плюралізм.

Зразумела, што ў развіцці грамадзянскай актыўнасці кіроўны клас адчувае небяспеку для створанай у краіне палітычнай сістэмы. Сам жа трэці сектар не настолькі моцны, каб накідаць свае патрабаванні. Сёння змякчэнне сітуацыі ў гэтай сферы сапраўды адбываецца найперш пад уплывам еўрапейскага чынніку.

У прыватнасці, выключыць артыкул 193-1 з Крымінальнага кодэксу заклікаў беларускія ўлады Еўрапарламент. Але гэта толькі пажаданні.

Канкрэтызаванага спісу ўмоў нармалізацыі дачыненняў (таго, што палітолагі называюць дарожнай картай) выканаўчыя структуры ў Бруселі беларускаму кіраўніцтву афіцыйна не вылучаюць.

На сёння сам працяг дыялогу выглядае для ЕС найважнейшым. Што і выклікае трывогу ў незалежным грамадстве: а як жа грамадзянскія свабоды?

Зараз з падачы экспертаў вымалёўваецца варыянт пралангацыі прыпынення візавых санкцый супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Маўляў, аднаўляць санкцыі, замарожаныя на паўгода ў кастрычніку летась, не варта, бо ўвесь дыялог сапраўды пойдзе кату пад хвост. А вось дадатковы выпрабавальны тэрмін не зашкодзіць. Маецца на ўвазе, што гэта стымулюе Мінск на далейшыя, болей сур'ёзныя крокі ў кірунку дэмакратычных стандартаў.

Выключэнне артыкулу 193-1, што па-ранейшаму вісіць дамоклавым мячом над беларускім трэцім сектарам, магло б стаць адным з ключавых канкрэтных патрабаванняў Еўропы на чарговым этапе дыялогу з беларускімі ўладамі.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Трамп заявіў, што ён «у нейкім сэнсе» прыняў рашэнне наконт паставак Украіне ракет Tomahawk7

Трамп заявіў, што ён «у нейкім сэнсе» прыняў рашэнне наконт паставак Украіне ракет Tomahawk

Усе навіны →
Усе навіны

Прэм'ер Францыі падаў у адстаўку. Ён адпрацаваў менш за месяц

Як мінчанка аддала прэстыжны BMW за 1000 долараў1

67‑гадовы дачнік загінуў пад каўшом міні-экскаватара

На тэрыторыі Мотавелазавода ствараюць новы квартал з кавярнямі і крамамі. Што там13

Чаму планаванне падарожжаў з ChatGPT ці Gemini небяспечнае4

Каля 200 турыстаў апынуліся ў пастцы снежнай буры на Эверэсце

Вацлаў Гавэл таксама адмовіўся выйсці з турмы пры ўмове выезду за мяжу. Але ён быў зусім непадобны да лідараў беларускай апазіцыі19

Сёння пачынаецца абвяшчэнне нобелеўскіх прэмій2

Навуковец: Людзі могуць жыць не даўжэй за 120‑150 гадоў. А азэмпік патэнцыйна карысны супраць старэння7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп заявіў, што ён «у нейкім сэнсе» прыняў рашэнне наконт паставак Украіне ракет Tomahawk7

Трамп заявіў, што ён «у нейкім сэнсе» прыняў рашэнне наконт паставак Украіне ракет Tomahawk

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць