Лукашэнка падпісаў закон аб ліцэнзаванні дашкольнай і школьнай адукацыі
Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб ліцэнзаванні», які ў тым ліку прадугледжвае ліцэнзаванне дашкольнай і школьнай адукацыі. Нормы аб атрыманні ліцэнзіі дзяржаўнымі дзіцячымі садкамі і школамі ўступяць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання закона, астатнія палажэнні — з 1 студзеня 2023 года.

«Адукацыйная дзейнасць патрабуе павышанага кантролю з боку дзяржавы, бо звязаная з фарміраваннем здаровай, ідэалагічна ўстойлівай і рознабакова развітай асобы. Ліцэнзаванне гэтай дзейнасці стане гарантам законнасці і якасці паслуг, якія аказваюцца, дазволіць ацаніць арганізацыю адукацыйнага працэсу і не дапусціць з'яўлення ў сферы адукацыі суб'ектаў гаспадарання, якія пераследуюць выключна камерцыйныя мэты на шкоду дзяржаве і асобы», — паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Тэрміны звароту за атрыманнем ліцэнзій будуць вызначацца Міністэрствам адукацыі. Ліцэнзаванне адукацыйных устаноў ускладзена на Мінгарвыканкам, гарадскія і раённыя выканкамы.
Яшчэ да прыняцця гэтага закона ў Беларусі была амаль знішчаная прыватная адукацыя, за апошні месяц многія недзяржаўныя ўстановы рознымі праверкамі змусілі закрыцца. Фармальнай падставай стаў інцыдэнт у адной са сталічных школ, дзе ў выпадку няшчаснага выпадку была параненая дзяўчынка, але Лукашэнка ў сваіх пазнейшых заявах асабліва і не хаваў, што прычыны рэпрэсій супраць прыватнай адукацыі — ідэалагічныя.
Каментары