Грамадства33

«Начавалі абы-дзе, ледзь не ў пустыні». Маці эвакуяваных з Судана беларусаў расказала пра іхнюю сітуацыю

Сёння з'явілася паведамленне, што з палітычна нестабільнага Судана беларускае МЗС эвакуявала двух беларускіх грамадзян 28 і 17 гадоў. Як яны там апынуліся і чаму мусілі ўцякаць, БелТА расказала іх маці Вольга Агеева. Гэта двое з яе трох дзяцей — старэйшая дачка і малодшы сын.

«Я паехала ў 2000 годзе да мужа. Спачатку ў Арабскія Эміраты. Потым мы пераехалі жыць у Судан. Жыццё, вядома, там вельмі цяжкае, і фізічна цяжка было. Нарадзіліся ў мяне дзеці. Дачка ўжо была да таго часу. Яна скончыла медыцынскі каледж. А два хлопчыкі нарадзіліся там. Пачыналі з нуля. Ён — архітэктар, я — хатняя гаспадыня», — расказала жанчына.

Спачатку сям'я жыла ў сталічным Хартуме, а потым пераехала ў іншы буйны горад краіны. Муж беларускі працаваў у кіраўніцтве будаўнічай кампаніі. Аднак з цягам часу Вольгу Агееву падвяло здароўе, жанчына нават запала ў малярыйную кому амаль на тыдзень:

«Лекары з таго свету выцягвалі. Пасля гэтага я прыняла рашэнне з'ехаць. Дзяцей выгадавала. Забрала сярэдняга сына, і мы з'ехалі».

Старэйшая дачка і малодшы сын дзеля пэўных абставін заставаліся ў Судане. Цяпер ім, адпаведна, 28 і 17 гадоў.

«Дачка там засталася. Вучыцца трэба было ў медыцынскім. Гэта быў каледж, потым статус інстытута атрымаў. Чакала дакументы», — расказала беларуска.

Па словах Вольгі, апошнім часам у Судане пачалася поўнамаштабная вайна. Расія некаторы час таму з мэтай эвакуацыі высылала за сваімі грамадзянамі некалькі бартоў, была магчымасць вывезці і беларускіх грамадзян.

«17 грамадзян Беларусі таксама вывезлі. Я вельмі настойвала, каб і яны з'ехалі. Дачка сказала: «Мы баімся ехаць у Хартум, бо нас могуць падстрэліць па дарозе». Гэта 200 км па шашы. І вось яны засталіся, — падзялілася падрабязнасцямі Вольга Агеева. — А ў іх горадзе было спакойна сем месяцаў. А потым туды ўвайшлі гэтыя сілы хуткага рэагавання — яны па сутнасці рабункам займаюцца, бандытызмам і каменя на камені не пакідаюць. Ад Хартума, сталіцы, ужо нічога не засталося. Прыйшлі заваёўваць іншыя тэрыторыі. Я так зразумела».

«Мая сям'я сабралася з усім, што было ў іх там, са сваякамі. Усё кінулі. Пагрузіліся 12 чалавек у пазадарожнік, паехалі на поўнач краіны. Начавалі абы-дзе, ледзь не ў пустыні. У далёкага сваяка мужа ў горадзе Вадзі-Хальфа ёсць дом, там іх прытулілі. Яны спрабавалі неяк выехаць у Егіпет. Ужо проста паўстала пагроза для жыцця. Егіпцяне адмовілі. Сказалі чакаць 6 месяцаў.

Тады маё цярпенне лопнула і я звярнулася ў амбасаду ў Каіры. І Мікіта (беларускі консул. — Заўв. БелТА) — вельмі добры чалавек, ён проста адразу ўзяўся дапамагаць маім дзецям. Усё зрабіў пісьменна. Выехаў да іх туды на мяжу на КПП. Двое сутак з імі правёў, іх там не кінуў. Аж да таго, што яны начавалі ў яго ў машыне, пакуль вырашаліся бюракратычныя пытанні».

У Маскве дзяцей Вольгі Агеевай сустрэла яе стрыечная сястра, і неўзабаве яны прыедуць у Беларусь. Наперадзе, вядома, яшчэ шмат клопатаў.

«Планы пакуль расплывістыя. Дачка хоча працаваць лекаркай. Трэба неяк будзе легалізаваць дакументы. Чым зоймецца малодшы — пакуль пад пытаннем. Школа ў яго не скончаная — 17 гадоў. Рускую яны ведаюць на размоўным узроўні. Пытанняў шмат», — прызнаецца беларуска. 

Чытайце таксама:

СМІ апублікавалі відэа, на якіх, як сцвярджаецца, украінскі спецназ палюе на вагнераўцаў у Судане

«Дзеці крычалі ўслед: «Нігер-нігер…» Як жывецца ў Магілёве інтэрнацыянальнай пары

Былы актывіст «Альтэрнатывы» п'яным патануў у Турцыі. І навёў блытаніны, выдаючы сябе за падпалкоўніка-путчыста

Каментары3

  • Пытанне
    03.02.2024
    Что движет этими женщинами когда они выходят замуж за арабов, турков и уезжают туда жить?
  • Валера
    03.02.2024
    Пытанне, что движет которые в РБ за колхозников выходят
  • Пытанне
    04.02.2024
    Валера, спрасі ў сваёй жонкі)

Цяпер чытаюць

Кітайскія аўто ўсё часцей сустракаюцца на беларускіх дарогах. Але ці варта іх купляць? Расказваюць уладальнікі

Кітайскія аўто ўсё часцей сустракаюцца на беларускіх дарогах. Але ці варта іх купляць? Расказваюць уладальнікі

Усе навіны →
Усе навіны

У Расіі Z-блогера запісалі пры абмеркаванні адкату на пастаўках гуманітарнай дапамогі3

Ціханоўская пра залёт расійскіх дронаў у Польшчу: Еўропа павінна адказаць адзінствам і сілай, каб спыніць гэтую агрэсію5

Apple прэзентавала ўльтратонкі iPhone Air, бяздротавыя навушнікі з функцыяй імгненнага перакладу і смарт-гадзіннік, які мерае ціск1

Дрон упаў на жылы дом у Польшчы

Дар‘я Шманай: Адчуваю сябе масквічкай28

Паветраную прастору Польшчы парушылі шматлікія беспілотнікі. Закрываліся аэрадромы, дроны збівала авіяцыя НАТА48

У Новай Зеландыі бацька забраў траіх дзяцей і чатыры гады жыў з імі ў лесе. Ён загінуў у выніку перастрэлкі з паліцыяй2

Дзяўчаты ламаюць сабе ногі, каб паменшыць рост — лічыцца, што аперацыя дапаможа знайсці каханне6

Палітвязень Паднябенны павесіўся ў ШІЗА магілёўскай калоніі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кітайскія аўто ўсё часцей сустракаюцца на беларускіх дарогах. Але ці варта іх купляць? Расказваюць уладальнікі

Кітайскія аўто ўсё часцей сустракаюцца на беларускіх дарогах. Але ці варта іх купляць? Расказваюць уладальнікі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць