У Тбілісі апазіцыя перакрыла дарогу і паставіла палаткі для кругласутачнага пратэсту
«Кааліцыя за перамены» заклікала ўсіх далучыцца да 24-гадзіннай акцыі пратэсту ля будынку Тбіліскага дзяржаўнага ўніверсітэта, піша «Эхо Кавказа».

Адзін з лідараў апазіцыйнай кааліцыі Ніка Гварамія заявіў, што пратэсныя «гулянні» час спыніць і варта перайсці да канкрэтных дзеянняў — «усё перакрыць» і пачаць бестэрміновую акцыю пратэсту – і на праспекце Руставелі, а затым «павольна і мэтанакіравана, спланавана і мірна» перакрывацца ўсе аўтамагістралі — да прызначэння перавыбараў у Грузіі.
Паралельна на праспекце Руставелі ў Тбілісі праходзіць акцыя «Вярніце голас». Мітынг заявілі адначасова арганізацыі, якія вялі назіранне за галасаваннем на парламенцкіх выбарах, і апазіцыйныя партыі, а таксама студэнцкія рухі.
Цэнтрвыбаркам Грузіі напярэдадні зацвердзіў выніковы пратакол парламенцкіх выбараў, якія прайшлі 26 кастрычніка. Агучаныя лічбы пацвердзілі папярэднія вынікі, паводле якіх кіруючая партыя «Грузінская мара» застаецца ва ўладзе на чацвёрты тэрмін запар.
З абвешчанымі вынікамі не згаджаецца ніводнае з чатырох апазіцыйных аб'яднанняў. Апазіцыя патрабуе правядзення новага галасавання і міжнароднага расследавання парушэнняў на выбарах 26 кастрычніка, выказваючы недавер следчым органам і судовай сістэме.
Каментары