Навука і тэхналогіі1515

Як будуць выглядаць людзі праз 1000 гадоў — прагноз навукоўцаў

Людзі будучыні будуць больш падобнымі адно да аднаго, мець больш цёмную скуру і, што самае цікавае, больш прывабнымі за сучасных.

Навукоўцы адзначаюць, што тэхналагічны прагрэс, асваенне космасу і змены клімату робяць свет нестабільным і дынамічным, а значыць, і людзі непазбежна будуць прыстасоўвацца да новых умоў.

З дапамогай генератара малюнкаў на базе штучнага інтэлекту ImageFX ад Google кампанія MailOnline на падставе прагнозаў вядучых навукоўцаў прадэманстравала, як можа развівацца чалавечая раса.

Ніжэй ростам

Па словах экспертаў, раней эвалюцыю вызначала высокая смяротнасць да дзетароднага ўзросту — выжывалі і размнажаліся толькі найбольш прыстасаваныя. Аднак дзякуючы сучаснай медыцыне ўсё больш людзей дажываюць да сталення, што мяняе сам механізм натуральнага адбору.

Прафесар Марк Томас, эвалюцыйны генетык з Універсітэцкага каледжа Лондана, тлумачыць, што зараз эвалюцыя будзе залежаць не столькі ад выжывання, колькі ад пладавітасці. Чым больш у чалавека дзяцей, тым большая верагоднасць, што яго гены перададуцца наступным пакаленням.

Некаторыя вучоныя мяркуюць, што ў будучыні гэта можа прывесці да зніжэння сярэдняга росту чалавецтва. Рэч у тым, што ранняе палавое паспяванне (якое дазваляе мець больш дзяцей за жыццё) звязана з меншым ростам.

Калі людзі, у якіх палавое паспяванне адбываецца раней, сапраўды будуць мець больш дзяцей, то гены, якія адказваюць за ранняе развіццё і нізкі рост, могуць з часам распаўсюдзіцца ў папуляцыі.

Больш прывабныя

У будучыні, калі смяротнасць стане менш вызначаць эвалюцыю, галоўным фактарам адбору, на думку некаторых экспертаў, будзе колькасць нашчадкаў у чалавека. Адзін з магчымых эфектаў гэтага працэсу — павышэнне прывабнасці мужчын.

Прафесар Марк Томас тлумачыць, што ў прыродзе самкі звычайна выбіраюць партнёраў, але ў патрыярхальным чалавечым грамадстве выбар застаецца за мужчынай.

Аднак па меры лібералізацыі грамадства выбар усё часцей будуць рабіць жанчыны, звяртаючы ўвагу як на інтэлект і паспяховасць, так і на фізічную форму і знешнюю прывабнасць.

У выніку на працягу некалькіх тысяч гадоў гены больш прывабных мужчын будуць перадавацца часцей, што з цягам часу можа зрабіць чалавецтва ў цэлым больш прывабным.

Падобны знешні выгляд і больш цёмная скура

Адна з самых вялікіх змен, якія прагназуюць навукоўцы, — тое, што чалавецтва стане значна больш аднастайным паводле знешняга выгляду. Гэта звязана з меншай ізаляванасцю асобных этнасаў і груп і пашырэннем міжэтнічных шлюбаў.

На думку Джэйсана Ходжсана з Англійскага ўніверсітэта імя Рэскіна, у будучыні на індывідуальным узроўні сярэднестатыстычны чалавек стане больш генетычна разнастайным, паколькі атрымае ў спадчыну рысы адразу мноства этнічных груп.

Аднак на ўзроўні папуляцыі гэта прывядзе да зніжэння адрознення ў знешнім выглядзе, асабліва па такіх прыкметах, як колер скуры. У большасці людзей яна будзе больш цёмная.

Тэхналагічна ўдасканаленыя

У будучыні, адзначае Ходжсан, людзі змогуць шырэй выкарыстоўваць магутныя новыя тэхналогіі, напрыклад, па ўласным жаданні рэдагаваць гены. У выніку яны змогуць набыць некаторыя асаблівасці, якія ўласцівы жывёлам, што зробіць іх больш прыстасаванымі да навакольнага асяроддзя.

На думку антраполага з Вісконсінскага ўніверсітэта ў Мэдысане Джона Хоўкса, у будучыні культура і тэхналогіі будуць уплываць на знешні выгляд мацней, чым генетыка. Ён прагназуе, што ў будучыні будуць магчымыя біямадыфікацыі, такія як змены колеру татуіроўкі і інтэграцыя тэхналогій у чалавечае цела.

Меншы мозг

Роберт Брукс з Універсітэта Новага Паўднёвага Уэльса лічыць, што чалавечы мозг з часам паменшыцца, паколькі камп’ютары возьмуць на сябе большую частку вылічальных, сацыяльных і інфармацыйных задач.

Палеантолаг Нікалас Лонгрыдж параўноўвае будучую эвалюцыю людзей з хатнімі жывёламі, чый мозг значна паменшыўся пасля прыручэння (у сабак — на 30%). Ён мяркуе, што людзі становяцца «самапрыручанымі», трацячы здольнасць да незалежнага мыслення і ўсё больш «плывучы па цячэнні».

Адаптаваныя да ўмоў космасу

Калі ў будучыні частка чалавецтва адправіцца ў космас, яна можа эвалюцыянаваць асобна ад зямнога насельніцтва. Антраполаг Джон Хоўкс лічыць, што доўгатэрміновая ізаляцыя на іншай планеце можа прывесці да з'яўлення новага віду людзей.

Так, напрыклад, на Марсе слабая гравітацыя і недахоп сонечнага святла могуць выклікаць павелічэнне росту, падаўжэнне рук і бледнасць скуры для лепшага засваення вітаміну D. Таксама вочы могуць павялічыцца і стаць больш адчувальнымі да слабога асвятлення. Нельга забывацца і пра магчымасці змен цела чалавека з дапамогай розных тэхналогій.

Каментары15

  • Як будуць выглядаць людзі праз 1000 гадоў
    11.02.2025
    *першыя кадры Тэрмінатар-2, з гарой шкілетаў*
  • Воцат
    11.02.2025
    Через тыщу лет будут одни Мохамеды и Фатимы.
  • Ё
    11.02.2025
    Вельмі сумніўна, што праз тысячу гадоў будуць такія хмарачосы як на фота. Людзей будзе меней чым зараз і гэтыя хмарачосы будуць проста непатрэбныя. Кітай ужо зараз паціху адмаўляецца ад высотнага будаўніцтва. Калі матэрыялы стануць таннымі, а тэхнологіі заменяць будаўнікоў, то хутчэй нас чакае вяртанне да старой добра класікі, каторую будуць цаніць і праз тысячу гадоў. Так што гэтыя малюнкі, дзе людзі жывуць у цесных капсулах без вакон, гэта такое сабе прагназаванне.

Цяпер чытаюць

Пуцін пра ўдары па Крывым Рогу з Сумамі і 56 загінулых: «Так, цывільныя аб‘екты. Але цэль вайсковая»2

Пуцін пра ўдары па Крывым Рогу з Сумамі і 56 загінулых: «Так, цывільныя аб‘екты. Але цэль вайсковая»

Усе навіны →
Усе навіны

Брамніка «Дынама», якому кідаў шайбы Лукашэнка, не пусцілі на лёд «праз парушэнне рэжыму»1

Кітай паспяхова выпрабаваў неядзерную вадародную бомбу1

Навукоўцы сцвярджаюць, што адкрылі новы колер, які ніхто раней не бачыў. Але ўбачыць яго амаль нерэальна4

«90 чалавек выгналі пад пякучае сонца і трымалі там тры гадзіны. Я паўтарала толькі адну малітву: няхай ім усё вернецца»14

Шрайбман называе сваю галоўную асцярогу наконт чыноўнікаў-тэхнакратаў пры Лукашэнку26

Беларусы ўжо збіраюць грыбы кошыкамі2

Колькі будзе каштаваць першы беларускі электрамабіль5

У свеце дэфіцыт фісташак — усё праз модны дэсерт

Будаўніцтва кожнага кіламетра метро ў Мінску каштуе больш за $60 мільёнаў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін пра ўдары па Крывым Рогу з Сумамі і 56 загінулых: «Так, цывільныя аб‘екты. Але цэль вайсковая»2

Пуцін пра ўдары па Крывым Рогу з Сумамі і 56 загінулых: «Так, цывільныя аб‘екты. Але цэль вайсковая»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць