Літаратура2020

Уладзімір Някляеў. Знакі прыпынку

Запісы. Пра Якубовіча, Філарэта, Гілевіча, Мартысевіч, Тарасава...

Уладзімір Някляеў. Запісы. Пра Якубовіча, Філарэта, Гілевіча, Мартысевіч, Тарасава...

2 красавіка 2009 года, гэта якраз на Вербніцу, Алене Аляксандраўне Магер, маці маіх стрыечных братоў Івана, Лявона і нябожчыка Яўгена, восемдзесят гадоў. Святкаваць (бо пост) вырашылі на Вялікдзень.

Як і чым павіншаваць?..

Яна ў Крэве першая верніца, пяе ў царкоўным хоры, крэўскі поп яе ўсяляк расхвальвае. Яна ўдава майго дзядзькі, найстарэйшая (хоць сама і не Магер) у крэўскай радні. І я падумаў: можа, надрукаваць на Вялікдзень паэму «Вялікдзень» з прысвячэннем і віншаваннямі, дык і някепскі будзе падарунак?

А дзе надрукаваць? У якой газеце, каб тую газету поп дазволіў у царкву занесці? У «Народнай волі»? Дык разам з «Народнай воляй» поп і верніцу з царквы папрэ.

Патэлефанаваў Паўлу Якубовічу. Сустрэліся — і ён на дзіва лёгка згадзіўся паэму надрукаваць. «Толькі…» — пачухаў патыліцу. «Канешне, — падняў я рукі, — пад псеўданімам. Але тады арганізуй блаславенне…»

Павал Ізотавіч паслаў ганца з паэмай да Філарэта — і той напісаў блаславенне. А назаўтра нехта настукаў мітрапаліту, што падпісаў ён блаславенне не Уладзіміру Магеру (для псеўданіма я ўзяў прозвішча маці), а Уладзіміру Някляеву.

І як лёгка падпісаў Філарэт блаславенне, гэтак жа лёгка адазваў яго…

Бог даў — Бог забраў.

Я падумаў, што і Якубовіч сваё рашэнне адзаве. Але не, паэма на Вялікдзень у газеце «Советская Белоруссия» была надрукаваная. З прысвячэннем крэўскай царкве, з каляровым фотаздымкам Алены Аляксандраўны, з віншаваннем…

Праз гэта Чаргінец напісаў на Якубовіча… ну, так скажам, інфармацыю ў прэзідэнцкую Адміністрацыю. Што той Някляева друкуе…

Кожны піша і друкуе сваё.

* * *

З Аляксандрам Казуліным сёння (11.04.09) былі спачатку ў Барадуліна, а пасля ў Гілевіча з прапановай увайсці ў аргкамітэт па стварэнні «Беларускага дома».

Выглядаюць абодва, на жаль, не так, як у найлепшыя гады… У Барадуліна правая рука пакалочваецца, у Гілевіча да ўсяго пасляінсультнага яшчэ і цукроўніца дадалася.

Гілевіч пытаецца ў Казуліна: «Як вам мая кніга мемуараў?..» Той, засаромеўшыся, адказвае: «Выбачайце, не чытаў…» «Ну, нічога, будзе час — прачытаеце…» — кажа Гілевіч. «Калі буду мець кнігу…» — намякае на аўтограф Казулін, і Гілевіч здзіўляецца: «У вас жа яна павінна быць, я праз Алеся Пашкевіча перадаваў!» Казулін разводзіць рукамі… «Вось жа нягоднік малы — без злосці абураецца Гілевіч, — у каторы раз падводзіць! Папрасіў яго, калі ён у Кіеў ехаў, каб Уладзіміру Яварыўскаму кнігу завёз. Пасля пытаю пры сустрэчы: «Алесь, з’едзілі вы ў Кіеў, завезлі кнігу?..» «З’ездзіў, Ніл Сымонавіч, завёз. Яварыўскі так вам дзякаваў!..»

А праз паўгода тую кнігу з маім аўтографам пляменнік ад букіністаў мне прынёс. З кнігарні на Нямізе…»

Я хоць і звык да неабавязковасці Алеся, але выказваю сумнеў, што такое магло быць. «Дык паглядзіце, — падае кнігу Гілевіч. — Бачыце, кошт алоўкам пазначаны: 25 тысяч». «Ну…— не ведаю я, што сказаць… — хоць кошт нармалёвы». І Гілевіч кажа амаль задаволена: «Кошт нішто сабе, таму і злуюся не надта…»

* * *

Тэлефануе Марыйка Мартысевіч і кажа, што яны (не ўдакладняючы, хто з ёй) збіраюцца выдаць каляндар з аголенымі беларускімі паэтамі і не маюць сумневу, што Някляеў пагодзіцца сфоткацца галяком і як аўтар «Лабуха» той каляндар адкрые, будзе ў ім месяцам студзенем…

Голас у яе вясёлы, — а што, такі прыкол, хіба не?.. хто не разумее — лох!.. — і яна перакананая, што мне таксама павінна быць весела: «Ну, што, калі вы прыйдзеце ў студыю?.. Можна, калі хочаце, сфоткацца на пару, ёсць заяўкі на вас…» —

а я вось не адчуваю, што мне гэтак жа весела, як ёй, і даўно б паслаў яе, калі б не была яна слаўнае дзяўчо,

якое піша файныя вершы — хоць бы пра пісьменніка Кастуся Траўня…

Вось яго б і сфоткала.

* * *

Назаўтра па даручэнні Марыйкі [Мартысевіч — Рэд.] тэлефануе ўжо Валерыя Кустава: «Згаджайцеся, сфоткайцеся, гэта ж які прыкол!..» Кажу ёй, што згодны, калі фэйс будзе мой, а торс — Шварцэнегера. Хіба не прыкол?… Так, маўляў, Марыйцы і перакажы.

Пераказала… Зноў тэлефануе: «Марыйка прыколу вашага не зразумела. Кажа, што трэба, каб і ўнізе было ўсё вашае».

* * *

Кастусю Тарасаву цяжка пасля інсульту, ён саромеецца сябе самога, хворага. Жонка ад яго, па сутнасці, адмовілася, толькі дачка трохі даглядае, а ён піша і піша… І не абы‑што, як сведчыць аповесць «На вайне».

Я спытаў яго, калі ён (амаль адразу пасля шпіталя) у нас на Карла Маркса жыў: «Косця, што ж ты цяпер рабіць будзеш?..»

Ён адказаў, ледзьве выгаварыўшы: «П‑п‑п‑пі‑саць…»

* * *

З арыштам жыццё найчасцей сканчаецца, але зрэдку бывае, што пачынаецца…

Юрыя Рытхэу, першага чукоцкага пісьменніка, арыштавалі ў 14 гадоў. Ні за што. Проста трэба было некаму аэрадром будаваць каля бухты Лаўрэнція, зэкаў не хапала — вось і арыштавалі хлапчука разам з усімі мужыкамі пасёлка Уэлен.

Калі б не арыштавалі, ён так і памёр бы ў тым Уэлене нікому невядомым чукчам. Хутчэй за ўсё, спіўся б.

Ды лёс ёсць лёс. З Чукоткі ён патрапіў у Ленінград, дзе ў 1957 годзе атрымаў тэлегараму ад Хэмінгуэя: «Так трымаць, Рытхэу!»

Так, як пажадаў яму Хэмінгуэй, трымаў Рытхэу не надта доўга. Але гэта ўжо не лёс, а ўсяго толькі ягоная асабістая праблема.

* * *

Мая бабуля любіла сядзець на валуне на ўскрайку нашага поля. Валун быў такі, што трэба было прыстаўляць лесвіцу, каб на яго ўзабрацца. Бабуля ўзбіралася і падоўгу на камені тым сядзела. Звычайна рабіла яна гэта на захадзе сонца. Глядзела, нерухомая, як яно сядае, завальваецца, палаючы, за Багушоўскі лес…

Я спытаў аднойчы: «Навошта ты на камені гэтым сядзіш і сядзіш?»

Яна адказала: «А там, пад ім, мае костачкі».

Пакуль бабуля была жывая, дзіўнаваты адказ яе здаваўся мне дурнотай. Калі памерла, ён здаўся мне загадкай. Цяпер здаецца метафарай. Літаратурай.

* * *

Сто, калі не тысячу, разоў мне казалі, што я не на тым шляху, не на тым баку, бо ўсяму беларускаму, найперш мове з літаратурай, наканавана скананне.

Няхай так.

Але я ў тым не буду вінаваты.

* * *

Усё часцей стамляюся пасярэдзіне шляху.

Процілегласць смерці — не жыццё, а жаданне жыць.

* * *

Людзі — соль жыцця. Але пасыпаная па вадзе.

* * *

Вяртаючыся ў мінулае, шкадуеш пра няздзейсненае. Больш там няма чаго рабіць.

Пасля ўсім расказваеш, нібы ні пра што ў мінулым не шкадуеш.

* * *

Як толькі пацягне раскрыцца, расхрыстацца, так і згадваецца запавет Канфуцыя: «Ніколі не распавядайце пра сябе ні добрага, ні кепскага. У першым выпадку вам не павераць, у другім — прыўкрасяць».

* * *

З усяго, што было, згадваюцца найчасцей крэўскія пагоркі, па якіх іду, маленькі, і нанізваю на сцяблінку мятліцы сонейкі суніц.

Каментары20

Цяпер чытаюць

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»1

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская ляціць у ЗША. Што там плануецца?13

У вёсцы пад Мінскам прадаюць катэдж з лазняй, падобнай на гасцінічны нумар1

У манастыр Наталля Пяткевіч падабрала да хустачкі французскае паліто17

У Падмаскоўі загінуў кіраўнік кампаніі-пастаўшчыка кампазітных матэрыялаў для МС-21 і паранены будаўнік касмічнага цэнтра, адкрытага Пуціным3

Кібератака паралізавала працу аэрапортаў па ўсёй Еўропе2

У Траецкім прадмесці Мінска прадаецца кватэра плошчай 118 квадратаў1

Як склалася ў эміграцыі жыццё 22‑гадовай «тэрарысткі» Дануты Перадні, якую вызвалілі па памілаванні6

Саудаўская Аравія ў рамках абароннага саюза з Пакістанам можа атрымаць доступ да ядзернай зброі

Моніка Белучы і Цім Бёртан разарвалі адносіны1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»1

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць