Перамір'е Расіі і Украіны дае шанец на перазагрузку і ў Беларусі
Калі трэба нагода, то вось яна. Ці скарыстаецца ёю Аляксандр Лукашэнка? Пра гэта разважае Мікола Бугай.

Перамір'е ва Украіне стала рэальнай перспектывай. Лепшай нагоды, каб перагарнуць нешчаслівую старонку беларускай гісторыі, быць не можа.
Нават калі будзе не мір, а замірэнне, рыса будзе падведзеная, у Еўропе ўзнікне новая палітычная сітуацыя. Хто ведае, якім будзе наступны віток гісторыі, але гэты, трагічны, падыходзіць да свайго тупіковага фіналу. Расія не дабілася таго, чаго прагла.
Гэта той момант, калі і Мінск мог бы штосьці памяняць — і ў адносінах з суседзямі, і з Захадам у цэлым, і перадусім з уласным народам.
Народны ўздым 2020 года даваў унікальны шанец аслабіць залежнасць ад Расіі, удасканаліць палітычную сістэму і мадэрнізаваць краіну. Народ даваў мандат на перамены — нават балючыя. Быў запыт на змены. Шанец быў страчаны, выйшла наадварот. Краіна застыла.
Лукашэнкаўцы выключаюць змену сістэмы ці змену ўлады, але ў межах існага ладу магчымыя варыяцыі. Да 2021 года і залежнасць ад Расіі не была такой моцнай, і эміграцыя не была такой масавай. Цяпер жа сітуацыя такая, што, як сказаў адзін беларускі бізнэсовец, «у Ташкенце і Алматы адчуваецца больш дынамізму, чым у Мінску».
Цяперашняя сітуацыя ўтварылася па волі Мінска і толькі Мінска. Ніхто, ні Масква, ні вышэйшыя сілы, не змушаў Лукашэнку штабелямі складаць свой народ на бетоне Акрэсціна.
Наўрад ці беларускае грамадства, ці палітычны цэнтр беларускай апазіцыі, ці Захад проста цяпер могуць нешта зрабіць са свайго боку першымі. Толькі ад афіцыйнага Мінска залежыць, ці нешта зменіцца ў Беларусі зараз.
Каментары