Шведскі міністр абароны Пол Юнсан, які некалькі дзён таму заклікаў еўрапейцаў рыхтавацца да вайны, расказаў BILD, што будзе рабіць НАТА ў сувязі з правакацыямі ў яго паветранай прасторы. Вось некаторыя яго адказы.

Ці будзе НАТА збіваць расійскія самалёты і дроны, калі яны парушаць паветраную прастору Еўропы?
«Гэта вырашае дзяжурны камандзір аперацыі — і так і павінна быць. Гэта не вайна па рашэнні бюракратаў. У Швецыі дзейнічае прынцып: калі парушаецца наша паветраная прастора, камандзіры маюць паўнамоцтвы зрабіць усё неабходнае. Мы будзем абараняць нашу тэрытарыяльную цэласнасць і бараніць шведскую зямлю».
Ці ўспрымае Пуцін НАТА ўсур'ёз?
«Я думаю, Пуцін разумее толькі heavy metal, ён разумее сілу, і ў гэтай сітуацыі добрыя платы робяць добрых суседзяў. Для нас было б небяспечна адступіць. Гэтыя атакі — мэтанакіраваная правакацыя Расіі, і Пуцін павінен ведаць, што мы прымем неабходныя меры, каб абараніць кожны лапцік тэрыторыі альянсу. Гэта лепшае, што мы можам зрабіць для нашай бяспекі. Эскалацыю выклікае не НАТА, а Расія».
І ўсё ж Пуцін працягвае пасылаць самалёты і дроны…
«Вынік для Пуціна будзе такім, што ён убачыць яшчэ больш НАТА ля сваіх межаў. Бо ўступленне Швецыі і Фінляндыі ў НАТА стала прамым вынікам незаконнага ўварвання Расіі ва Украіну. Значыць: хто правакуе, той павінен разлічваць на адказ».
Ці лічыце вы, што Украіна можа яшчэ перамагчы ў сваёй абарончай вайне супраць Расіі?
«Ніхто не можа сцвярджаць, што Расія выйграе гэту вайну. Пуцін не робіць значных поспехаў, а яго эканоміка сыходзіць крывёй. І адно абсалютна ясна: у канчатковым выніку ўкраінцы павінны мець магчымасць весці перамовы з пазіцыі сілы. Таму так важна, каб мы зараз узмацнілі падтрымку Кіева».
Ці робіць Захад дастаткова, каб падтрымаць Украіну?
«Я хацеў бы большага. Вялікая падтрымка ўжо ідзе з Германіі, Нідэрландаў і паўночна-балтыйскіх краін — гэта цудоўна. Але я хачу, каб уся Еўропа падключылася. Мы адкрытыя да выкарыстання замарожаных расійскіх актываў, каб, напрыклад, падтрымаць украінскую абаронную прамысловасць».
Ці павінна НАТА адправіць ва Украіну свае войскі?
«Пасля спынення агню або пасля мірнага пагаднення мы да гэтага адкрытыя. Мы маглі б таксама кансультаваць і аказваць дапамогу Украіне ў аднаўленні яе ўзброеных сіл. Бо лепшая гарантыя бяспекі — гэта, вядома, моцнае ўкраінскае войска».
Каментары