Гэта робяць людзі, малпы і нават белыя мядзведзі. Цяпер даследчыкі рэканструявалі эвалюцыйнае паходжанне пацалункаў, піша Бі-бі-сі.

Іхняе даследаванне сведчыць, што пацалункі ў вусны з’явіліся больш за 21 мільён год таму. Упершыню гэта зрабіў агульны продак людзей і іншых вялікіх малпаў.
Вучоныя прыйшлі да высновы, што неандэртальцы таксама маглі цалавацца, і што некаторыя неандэртальцы цалаваліся з людзьмі.
Навукоўцы вывучаюць пацалункі, таму што яны ўяўляюць пэўную эвалюцыйную загадку. Пацалунак не мае відавочных пераваг для выжывання ці рэпрадуктыўнай функцыі.
І ўсё ж пацалункі існуюць не толькі ва многіх чалавечых супольнасцях, але і ва ўсім жывёльным свеце. Знайшоўшы доказы таго, што іншыя жывёлы таксама цалуюцца, вучоныя змаглі пабудаваць «эвалюцыйнае генеалагічнае дрэва» і вызначыць, калі адбыўся першы пацалунак.
Каб пераканацца, што яны параўноўваюць аднолькавыя паводзіны ў розных відаў, даследчыкам давялося даць вельмі дакладнае — і не надта рамантычнае — вызначэнне пацалунку.
У сваім даследаванні, апублікаваным у часопісе «Эвалюцыя і паводзіны чалавека», яны вызначылі пацалунак як неабразіўны, мэтавы аральны кантакт «з пэўным рухам вуснаў або ротавага апарата і без перадачы ежы». «Цалуюцца людзі, шымпанзэ і баноба», — патлумачыла вядучая даследчыца доктар Матыльда Бріндл, эвалюцыйны біёлаг з Оксфардскага ўніверсітэта.
З гэтага яна зрабіла выснову, што «цалавацца пачаў, верагодна, іх агульны продак».
«Мы лічым, што пацалунак, відаць, эвалюцыянаваў каля 21,5 мільёна гадоў таму ў вялікіх малпаў». Хоць гэта даследаванне дакладна вызначыла, калі эвалюцыянавалі пацалункі, яно не змагло адказаць на пытанне, чаму яны наогул з’явіліся.
Аднак навука ўжо мае некалькі тэорый. Адна з іх звязвае гэтыя паводзіны з заляцаннямі ў нашых продкаў-малпаў. Пацалунак таксама можа быць спосабам ацаніць здароўе і нават сумяшчальнасць партнёра.
Доктар Брындл спадзяецца, што даследаванне пракладзе шлях да больш дакладнага адказу на гэтае пытанне.
«Мы хацелі зразумець, што гэтыя паводзіны прыйшлі да нас ад нашых продкаў-малпаў», — сказала яна.
«Гэта вельмі важнае даследаванне, хоць камусьці можа падацца, што вывучаць пацалункі — несур’ёзна», — дадала яна.
Каментары