Кожны беларускі школьнік ведае вобраз Цяпінскага: суровы мужчына ў шыракаполым капелюшы, з густой барадой і праніклівым позіркам. Менавіта такім знакаміты асветнік і гуманіст XVI стагоддзя паказаны на старонках падручнікаў і такім увасоблены ў помніках. Але выпадковае адкрыццё даказвае, што вядомы вобраз — усяго толькі містыфікацыя пачатку XX стагоддзя.

Знаходка была зроблена выпадкова архітэктарам і вікіпедыстам Уладзіславам Чаховічам у час працы над адным з артыкулаў у Вікіпедыі — з карткі артыкула пра выбітнага французскага дойліда эпохі Рэнесансу Філібера Дэлорма (Philibert de l'Orme) глядзеў добра знаёмы твар беларускага гуманіста. Артыкул пра знаходку быў апублікаваны ў матэрыялах круглага стала «Краязнаўчы рух на Полаччыне: вопыт, дасягненні і магчымасці», заўважыў тэлеграм-канал «De facto. Беларуская навука».
Як дзе кроплі вады
Даследчык параўнаў кананічны «партрэт Цяпінскага» з выявай французскага архітэктара Філібера Дэлорма, змешчанай у кнізе «Architecture de Philibert de l'Orme», выдадзенай у Парыжы ў 1626 годзе. Падабенства аказалася амаль поўным: ідэнтычныя рысы твару, форма вусоў і барады, пастава, зморшчыны і нават колькасць гузікаў на адзенні.

Адрозніваўся толькі галаўны ўбор: на арыгінальнай французскай гравюры Дэлорм, які быў каталіцкім абатам, выяўлены ў чатырохвугольнай духоўнай шапцы (бірэце). У «беларускай» версіі гэты ўбор заменены на шыракаполы пляскаты капялюш. Гэта была хітрая і прадуманая адаптацыя: такі фасон сапраўды насілі дзеячы Рэфармацыі, як, напрыклад, Жан Кальвін і Ульрых Цвінглі, што рабіла вобраз «Цяпінскага» гістарычна пераканаўчым для гледача.
«Фальсіфікат быў удала падабраны і адпавядае адлюстраванай эпосе», — піша аўтар.
Спрытны Зямкевіч
Як жа французскі архітэктар, будаўнік знакамітага палаца Цюільры, ператварыўся ў полацкага шляхціца-пратэстанта? Сляды вядуць у 1919 год.
Упершыню гэты партрэт быў апублікаваны на тытульным аркушы віленскага часопіса «Biełaruskaje žyćcio» (№5) беларускім бібліяфілам Рамуальдам Зямкевічам — чалавекам з вельмі неадназначнай рэпутацыяй.

У тэксце артыкула Зямкевіч прывёў прыгожую легенду: нібыта партрэт Цяпінскага ён знайшоў у 1915 годзе ў бібліятэцы Канстанціна Святаполк-Завадскага ў мястэчку Крошын. Гравюра, паводле яго слоў, была ўклеена ў Берасцейскую Біблію. Далей — класічны ход містыфікатара: Зямкевіч заявіў, што ўнікальная бібліятэка загінула падчас вайны, а ў яго на руках засталася толькі зробленая ім копія, зробленая алоўкам на папяроснай паперы. Праверыць гэтую версію тады было немагчыма.
Хто аўтар падробкі?
Рамуальд Зямкевіч быў каларытнай фігурай. Ён фальсіфікаваў уласную біяграфію (прыпісваў сабе іншае імя па бацьку і навучанне ва ўніверсітэтах, якія не заканчваў), насіў форму студэнта Кіеўскага палітэха, не будучы ім, і нават меў праблемы з законам праз крадзяжы рарытэтаў з бібліятэк.
Чаховіч выказвае абгрунтаваную здагадку, што аўтарам мастацкай адаптацыі — замены каталіцкай шапкі на пратэстанцкі капялюш — магла была жонка Зямкевіча, прафесійная мастачка Лявонія з роду Дунін-Баркоўскіх. Фальсіфікат быў зроблены таленавіта і з веданнем гістарычнага кантэксту: вобраз ідэальна пасаваў да эпохі.

Іронія лёсу заключаецца яшчэ і ў тым, што нават партрэт самога Дэлорма можа быць неарыгінальным. Даследчык заўважыў, што рысы твару французскага архітэктара дзіўным чынам супадаюць з партрэтам адмірала Гаспара дэ Каліньі.
Безаблічны герой
Сфальсіфікаваная выява паслужыла крыніцай для шматлікіх мастацкіх увасабленняў асобы гуманіста. З яе ляпіў бюст Заір Азгур, яна ж лягла ў аснову помніка ў двары БДУ, яе ж друкавалі ў падручніках і энцыклапедыях.

Кампазіцыя «Дыспут: В. Цяпінскі і С. Будны» ва ўнутраным дворыку БДУ. Скульптар І. Голубеў, 2000 г.
Аднак страта візуальнага вобраза не прымяншае значэння Васіля Цяпінскага для беларускай культуры. Замест партрэта ён пакінуў нам нешта больш важнае — «Евангелле» на роднай мове.
Полацкі шляхціц, сваяк магнатаў Слушкаў і ўдзельнік Інфлянцкай вайны, ён абраў няпросты шлях асветніцтва. У радавым маёнтку Цяпіна Васіль заснаваў друкарню, дзеля якой быў вымушаны прадаваць уласную зямлю.
Яго знакамітая прадмова да Евангелля — гэта крык душы патрыёта. Цяпінскі з болем пісаў пра заняпад нацыянальнай культуры, пра тое, што паны і духавенства саромеюцца сваёй мовы.
І нават уласныя сваякі не разумелі яго ахвярнасці на карысць беларушчыны. Жыццё гуманіста скончылася трагічна: судовыя акты сведчаць на тое, што каля 1600 года ён быў забіты сваімі ж стрыечнымі братамі.
Каментары