Нават калі звярок ляжыць нерухома і падаецца мёртвым, у яго яшчэ ёсць шанец выжыць, і яму трэба дапамагчы, піша тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».

Позняй восенню кажаны шукаюць сабе прытулку, які падыходзіць для зімовай спячкі, і могуць з’явіцца ў пад’ездах, кватэрах і на балконах. У маразы іх нярэдка знаходзяць проста на зямлі ў стане непрытомнасці.
Як дапамагчы такому кажану?
- Не панікуйце. Для кантакта з кажаном надзеньце шчыльныя пальчаткі або ізалюйце рукі ад магчымага ўкусу пры дапамозе шчыльнай тканіны або адзення.
- Акуратна памясціце кажанчыка ў скрыню з невялікімі дзіркамі.
- Звярніцеся ў Мінскі цэнтр рэабілітацыі рукакрылых «Кажанаполіс»: +375 29 213 92 57 (А1, Viber, Telegram, WhatsApp). Вас пракансультуе хіраптэролаг Аляксей Шпак з НАН Беларусі.
Калі вы з Мінска ці ваколіц, цэнтр можа прыняць кажана на камфортную зімоўку, а вясной яго выпусцяць на волю. Калі ж вы з іншага рэгіёна, то вам падкажуць, як дапамагчы звярку.
Кажаны не з'яўляюцца пагрозай для людзей: яны не агрэсіўныя і самі не нападаюць.
Усе кажаны ў Беларусі знаходзяцца пад аховай дзяржавы, і забіваць іх нельга. А восем відаў з і іх уключаныя ў нацыянальную Чырвоную кнігу.
Кажаны жывуць у сярэднім да 15 гадоў, хоць некаторыя асобіны — нашмат даўжэй. Адзін кажан-ветэран пражыў 43,5 года. Гэта была начніца Бранта — від, які сустракаецца і ў Беларусі.
Каментары