Адзін з найлепшых знаўцаў гісторыі ВКЛ свайго часу, Ігнат Жэгота Анацэвіч, і кампазітар Антон Абрамовіч, які стварыў першыя беларускія нацыянальныя музычныя творы, — абодва жылі ў першай палове ХІХ стагоддзя і сёння глядзяць са старонак сваіх біяграфій абсалютна ідэнтычнымі партрэтамі. Ф. Раўбіч разабраўся, каму з іх насамрэч належыць партрэтная выява і як адзін нумар літаратурнага альманаха змог усё зблытаць.

У сваім фэйсбуку гісторык Алесь Белы апублікаваў допіс пра чарговае скажэнне беларускай гісторыі, якое, як ён бачыць, робяць сучасныя аўтары — перадусім Алег Латышонак і Ігар Марзалюк — калі ўсіх адукаваных уніятаў-выхадцаў з Падляшша першай паловы ХІХ ст. падаюць як «паплечнікаў Ігната Баброўскага», то-бок — у інтэрпрэтацыі Белага, з якой многія нязгодныя — як людзей прарасійскіх, «заходнерусаў», лаяльных да Мікалая I і ідэі вяртання да рускіх «каранёў».
Гэтым разам гаворка зайшла пра Ігната Жэготу Анацэвіча (1780-1845), гісторыка першай паловы ХІХ ст. і прафесара Віленскага ўніверсітэта, які даследаваў гісторыю ВКЛ і з сімпатыяй ставіўся да старабеларускай мовы і русінаў.
Названыя гісторыкі залічваюць Анацэвіча да «паплечнікаў Баброўскага». Пры гэтым Анацэвіч не падтрымліваў імперскага праекта і не быў носьбітам заходнерускай ідэалогіі. У сваім лісце да Адама Міцкевіча ў 1842 годзе Анацэвіч адкрыта называў Расійскую імперыю краінай, дзе галоўнымі прынцыпамі з’яўляюцца варварства і рабаўніцтва, улада трымаецца на маніпуляцыі, фальшы і рэкрутах, а Мікалая І — дэспатам, які гідзіцца святла і маральнай чысціні, бо яны падрываюць аўтакратыю.
Аднак абмеркаванне нечакана пайшло ў іншым кірунку: у каментарах звярнулі ўвагу на тое, што прыкладзены да допіса партрэт Анацэвіча — гэта насамрэч партрэт беларускага кампазітара Антона Абрамовіча (1811? — пасля 1854). Ён стварыў, бадай, першыя нацыянальныя музычныя творы, у аснову якіх паклаў мелодыі беларускіх народных песень і танцаў, і не саромеўся ўжываць слова «беларускі» ў іх назвах.
Сапраўды, адзін і той жа партрэт, але падпісаны па-рознаму, ілюструе артыкулы ў Вікіпедыі пра гісторыка і кампазітара, а яго крыніцай называецца адно і тое ж выданне.
Згодна з тлумачэннем да партрэта Абрамовіча, ён быў апублікаваны разам з нотамі ягонай фартэпіяннай п'есы «Беларускае вяселле» (Wesele białoruskie) у трэцім выпуску літаратурна-мастацкага альманаха «Rocznik Literacki», выдадзеным у 1846 годзе ў Пецярбургу.
Гэта было польскамоўнае па форме выданне, але беларусацэнтрычнае па змесце — іншага ў той час яшчэ з’явіцца на свет і не магло.
У каментарах высоўвалася меркаванне, што рукапісны аўтограф Żegota O'Nacewicz (так на ірландскі манер часам запісвалі прозвішча гісторыка) пад партрэтам — гэта проста дароўны подпіс, які ўвёў кагосьці ў зман.

Здавалася б, перад намі чарговы прыклад візуальнай фальсіфікацыі, калі выява адной асобы прысвойваецца іншай, каб яна мела хоць нейкае аблічча пры адсутнасці іншых візуальных крыніц. Як тое было з адзіным вядомым партрэтам Васіля Цяпінскага, які, як цяпер высветлілася, насамрэч нязначна перапрацаваная выява французскага архітэктара.
Аднак, калі паглыбіцца ў тэму, можна зразумець, што ў гэтай гісторыі не ўсё так проста, а разгадка пытання ўпіраецца ў тэхнічныя абмежаванні.
Недасяжны «Літаратурны штогоднік»
Нягледзячы на гістарычную і культурную значнасць альманаха «Rocznik Literacki» для Беларусі, адзіны даступны анлайн-асобнік трэцяга выпуску знаходзіцца на сайце лічбавай бібліятэкі Лодзьскага ўніверсітэта. І ў ім няма ніводнай выявы, якая нас цікавіць.
Змест альманаха, апублікаваны на першых старонках, тлумачыць прычыну блытаніны: у гэтым выпуску змешчана не толькі п'еса «Беларускае вяселле» Антона Абрамовіча, але і артыкул Анацэвіча «Погляд на першапачатковую гісторыю Літвы».

Са зместу таксама вынікае, што ў альманаху змешчаны партрэты і Абрамовіча, і Анацэвіча, прычым абодва зробленыя адным і тым жа мастаком — Каралем Жукоўскім у Пецярбургу, што толькі заблытвае мацней.
Падзабытыя спрыяльнікі беларушчыны
У прадмове да нумара выдавец Рамуальд Падбярэскі (1812—1856) піша, што змешчаны артыкул Жэготы О’Нацэвіча застаўся няскончаным з прычыны смерці аўтара, і публікуе факсіміле ягонага апошняга ліста да выдаўца. Можна сказаць, што нумар быў прысвечаны памяці знаўца гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, таму не дзіўна, што яго артыкул стаіць першым. А пасля яго, на 31‑й старонцы, мусіў ісці партрэт гісторыка, выкананы Жукоўскім. Як тлумачыцца ў прадмове, гэта копія алейнай карціны, якая знаходзілася ў пана Міхала Грабоўскага ў Аляксандраўцы (цяпер Украіна — НН).

На думку гісторыка Міколы Хаўстовіча, менавіта Міхал Грабоўскі (1804—1863), адзін з самых уплывовых публіцыстаў таго часу ў краі, скіраваў Падбярэскага на «беларускі шлях». Яму гэта трэба было, відаць, дзеля развіцця польскасці і польскай літаратуры. Аднак ягоныя заклікі выкарыстоўваць мясцовы фальклор спрычыніліся да з’яўлення шэрагу літаратараў, якіх мы сёння лічым пачынальнікамі беларускай літаратуры.

Грабоўскі ж цёплымі словамі вітаў і творчасць кампазітара Антона Абрамовіча:
«…мы ўдзячны пану Антону Абрамовічу за спісанне колькіх мелодый беларускіх народных спеваў. Пакідаем кампетэнтным суддзям сказаць, ці мае беларуская музыка адрозны характар у шэрагу іншых славянскіх? (…) Мы лічым за найвялікшую заслугу спісванне такіх спеваў. Гэта, на маю думку, неабходны матэрыял дзеля авалодвання калі-небудзь сапраўды нацыянальнаю танічнаю паэзіяю; а такі блізкі прыклад карысці, здабыты гэтаю дарогаю расійскімі кампазітарамі п.п. Вярстоўскім і Глінкай, павінен пераканаць п. Абрамовіча, якую ён добрую справу пачаў».
Не дзіўна, што ў сваім альманаху ўжо і сам Падбярэскі шчыра раіць кампазітару скіраваць свае намаганні на беларускія народныя песні, бо гэта ягоны шлях, на якім знойдзе сябе і сваё месца ў музыцы.
Чахарда ілюстрацый
Відаць, партрэты дзеячаў культуры ў альманаху былі на ненумараваных устаўках, бо на 31‑й старонцы, дзе мусіў быць партрэт гісторыка Анацэвіча, пачынаецца ўжо іншы артыкул. Тое ж самае тычыцца і 112‑й старонкі, дзе мусіў быць партрэт Абрамовіча — з яе пачынаецца артыкул пра кампазітара, за якім ідзе яго музычная п’еса (усе старонкі да наступнага артыкула ідуць па-за нумарацыяй).

На сайце лічбавай бібліятэкі Лодзьскага ўніверсітэта ёсць яшчэ адзін файл, у якім асобна змешчана п'еса «Беларускае вяселле» Абрамовіча, за якой ідзе дзіўная паслядоўнасць: ліст з партрэтам Анацэвіча/Абрамовіча — пусты ліст — ліст з малюнкам Сапліцы — пусты ліст — ліст з малюнкам магільні каралевы Рыксы.
Здавалася б, вось разгадка — гэта партрэт Абрамовіча, бо ён ідзе пасля нот.
Аднак па змесце п’еса і партрэт беларускага кампазітара знаходзяцца на старонцы 112. Малюнкі Сапліцы і магільні каралевы Рыксы не маюць нумароў, але першы ў змесце ідзе пасля партрэта Анацэвіча на старонцы 31, а другі — пасля партрэта Абрамовіча на старонцы 112. Далей паводле зместу ідзе партрэт Юзафа Каржанёўскага, хоць у дакуменце ён на старонцы 153; а факсіміле ліста Анацэвіча пададзена апошнім пунктам, хаця фактычна змешчана на восьмым лісце.
Лагічна было б меркаваць, што малюнкі Сапліцы і магільні каралевы Рыксы надрукаваныя на адваротах аркушаў з партрэтамі. У такім выпадку паслядоўнасць павінна была б выглядаць так: факсіміле ліста — партрэт Анацэвіча — малюнак Сапліцы — партрэт Абрамовіча — малюнак магільні каралевы Рыксы — партрэт Каржанёўскага.
Але ў дакуменце, выстаўленым на сайце бібліятэкі (які, відаць, ёсць кампіляцыяй усіх нятэкставых старонак, якія захаваліся ў канкрэтным асобніку і якія выкладзены ў найлепшай якасці), або адсутнічае партрэт Абрамовіча, або ён пераблытаны месцамі з партрэтам Анацэвіча. Поўны хаос.
Зрэшты, блытаніна з лістамі сапраўды магла ўзнікнуць: музычная паэма Абрамовіча, якая стала эпіцэнтрам трэцяга выпуску, з невядомай прычыны была ўключана Падбярэскім разам з артыкулам пра кампазітара літаральна ў апошні момант — увесь гэты блок уклейваўся ўжо пасля 112‑й старонкі. Хаўстовіч мяркуе, што выдавец мог такім чынам абыходзіць цэнзуру або ж існавалі нейкія чыста тэхнічныя прычыны.
Ускосныя доказы
Трэба таксама ўлічваць, што Анацэвіч памёр ва ўзросце 64 гадоў, а Абрамовічу на момант выхаду трэцяга выпуску альманаха было каля 35. На партрэце ж бачым мужчыну з азызлым тварам, мяшкамі пад вачыма і другім падбароддзем — малаймаверна, каб малады кампазітар выглядаў так, калі толькі не меў сур’ёзных праблем са здароўем.

З другога боку, існуе іншая вядомая выява Анацэвіча — невялікая замалёўка Станіслава Мараўскага, дзе ў профіль паказаныя сам Анацэвіч, рэктар Віленскага ўніверсітэта Вацлаў Пелікан, апякун універсітэта Мікалай Навасільцаў і царскі пракурор Геранім Батвінка. На гэтым малюнку Анацэвіч мае зусім іншы твар — з больш грубымі рысамі і характэрным носам-бульбінай.
У «Беларускай Энцыклапедыі» і «Энцыклапедыі культуры Беларусі» артыкулы пра кампазітара Абрамовіча ілюструюцца невялікім профільным партрэтам маладога чалавека, чые рысы твару таксама істотна адрозніваюцца ад таго партрэта, што быў апублікаваны ў альманаху.

Анацэвіч быў блізкім сябрам гісторыка Тэадора Нарбута. Нарбут вельмі даражыў яго дзесяццю лістамі, напісанымі ў 1836—1843 гадах: ён не толькі склаў іх у асобную папку, але і сшыў рудаватымі баваўнянымі ніткамі.
У гэтую ж папку, як знак пашаны да аўтара, быў укладзены і той самы партрэт, намаляваны Жукоўскім і літаграфаваны Радыгам, які вядомы па альманаху. Нарбут атрымаў яго ў 1843 г. ад віленскага лекара Аніцэнтыя Рэнье (1804—1877).
«Пра смерць Анацэвіча зусім не чуваць. Без сумневу, гэта хлусня, бо нядаўна я бачыўся з тымі, хто быў у Пецярбургу, і яго бачылі зусім здаровым. Далучаю 3 партрэты Анацэвіча, мне далі 8 асобнікаў на продаж, адна штука каштуе 2 злотыя, можа, удасца прадаць, бо работа вельмі добрая і падабенства [партрэтаванага] вялікае», — пісаў Нарбут.
Відавочна, калі Нарбут быў сябрам Анацэвіча і казаў пра вялікае партрэтнае падабенства, ён дакладна ведаў, як той выглядаў.

Яшчэ адным доказам на карысць таго, што партрэт усё ж належыць Анацэвічу, з’яўляецца ўласна подпіс. Жукоўскі стварыў не адзін такі партрэт, яму ж належыць і вядомая выява пісьменніка Яна Баршчэўскага, выкананая ў тым жа стылі, што і партрэт у альманаху. Ён таксама мае рукапісны подпіс — Jan Barszczewski. Партрэт Баршчэўскага працы Жукоўскага быў апублікаваны ў другім выпуску «Rocznika Literackiego» ў 1844 г. перад яго творам «Успаміны пра наведванне роднага краю».

Аналагічна на франтыспісе чацвёртага і апошняга выпуску альманаха, выдадзенага ў 1849 годзе ўжо ў Вільні, змешчаны партрэт Станіслава Манюшкі працы Рыпінскага таксама з рукапісным подпісам — Stanisław Moniuszko.
Так што меркаванне, нібы на партрэце стаіць дароўны надпіс Анацэвіча, можна адкінуць як памылковае — гэта подпіс, які абазначае намаляваную асобу. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што гэта пратрэт гісторыка Ігната Анацэвіча, а не Абрамовіча.
Сапраўдны партрэт кампазітара
Нарэшце, калі гэты артыкул ужо быў завершаны, я з цікаўнасці звярнуўся да яшчэ адной крыніцы, якая магла дапамагчы паставіць усе кропкі над «і», хоць імавернасць была малая.
У Дзяржаўным музейным каталогу Расіі захоўваецца некалькі партрэтаў Анацэвіча, ідэнтычных таму, што быў надрукаваны ў альманаху.
Але самае цудоўнае — ў фондах Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве знайшоўся і партрэт беларускага кампазітара Антона Абрамовіча працы Жукоўскага з рукапісным подпісам самога партрэтаванага!

Відаць, менавіта гэтая выява і мусіла трапіць (ці ўсё ж патрапіла) у трэці выпуск «Rocznika Literackiego», а яе абрэзаная версія пазней выкарыстоўвалася ў энцыклапедыях. Яна выразна кантрастуе са стомленым і статычным партрэтам Анацэвіча: перад намі жывы, жвавы малады чалавек, павернуты ў профіль, нібыта заспеты за фартэпіяна, граючы на нябачных клавішах.
Да канца незразумела, як і дзе выява Анацэвіча падмяніла арыгінальны партрэт Абрамовіча, але з усяго гэтага расследавання добра відаць: доступ да поўнай першакрыніцы моцна абмежаваны, а сам выпуск сабраны блытана.
Партрэт Абрамовіча быў вядомы беларускай навуцы, але, магчыма, менавіта ў гэтым артыкуле ўпершыню з 1846 года ён публікуецца ў беларускім выданні ў поўным фармаце — і з дакладным разуменнем таго, хто на ім адлюстраваны.
***
Наша праца немагчымая без вашай падтрымкі. Калі вы прачыталі гэты артыкул і вам цікава тое, што мы раскопваем, падтрымайце нас праз Патрэон, праз Пэйпол, або перадаўшы данат Рэдакцыі любым іншым зручным для вас спосабам, праз тых рэдактараў і журналістаў «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце асабіста.
А яшчэ — падказвайце нам, на што звярнуць увагу, і перадавайце інфармацыю знутры Беларусі праз сакрэтны чат у тэлеграме @nn_editor або на мэйл [email protected]. Або ў Сігнал ці іншым спосабам тым з рэдактараў і журналістаў «НН», якіх ведаеце асабіста.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬАдзіны вядомы партрэт Васіля Цяпінскага аказаўся выявай французскага архітэктара
У Мінску быў свой шэдэўр Альбрэхта Дзюрэра. Дзе ён цяпер?
У Нацыянальным мастацкім музеі выстава да 120‑годдзя Андрэя Бембеля, заснавальніка беларускай школы скульптуры
У Свяцкім палацы раскрылі галерэю партрэтаў рымскіх імператараў. Яны былі схаваныя ад вачэй больш за стагоддзе
У Літву з Ватыкана прывезлі ўнікальныя кодэксы з Пагоняй і гістарычнымі мініяцюрамі, створаныя беларускімі графінямі для Папы
Каментары