У Беларусі супраць грыпу прышчэплены ўжо больш за 1 млн чалавек. У дзяржаўных установах аховы здароўя вакцынацыя праводзіцца бясплатна. Пра гэта распавяла намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны доктар Беларусі Святлана Нячай, паведамляюць Мінск-навіны.

Паводле слоў С. Нячай, у краіне павялічылася захворванне на вострыя рэспіраторныя інфекцыі — на мінулым тыдні яна вырасла на 18 % у параўнанні з папярэднімі тыднямі. У многім рост захваральнасці ВРІ звязаны з заканчэннем восеньскіх школьных канікул, а таксама з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я.
Разам з тым, паводле вынікаў лабараторных даследаванняў, на тэрыторыі краіны цыркулююць пераважна негрыпозныя рэспіраторныя вірусы (адэнавірусы, рынавірусы і інш.). Аднак рэгіструюцца і адзінкавыя выпадкі вірусаў грыпу А/H1N1 і А/H3N2.
Таму тым, хто яшчэ не паспеў прышчапіцца супраць віруса, важна гэта зрабіць. Вакцынацыя праводзіцца бясплатна ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Асабліва важна прышчапіцца супраць грыпу пажылым людзям і тым, у каго ёсць высокія рызыкі заражэння і цячэння хваробы. Грып небяспечны цяжкімі ўскладненнямі, якія можна папярэдзіць вакцынацыяй.
Каментары