Сацыёлягаў "упарадкуюць"
Летась гэты праект выклікаў абурэньне рэшткаў незалежнай сацыялягічнай супольнасьці. Пасьля быў ськіраваны на дапрацоўку. І вось цяпер "дашліфоўваецца", як той казаў, бяз шуму і пылу. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.
Іншым разам карысна зазіраць і на афіцыйныя сайты. Вось зноў усплыў законапраект аб апытаньнях грамадзкай думкі. Акурат перад жаночым сьвятам яго разглядала працоўная група ў Палаце прадстаўнікоў. Ня выключана, што ўжо гэтай вясною сацыялёгію ў нас канчаткова "ўпарадкуюць".
Ранейшы варыянт гэтага праекту можна паглядзець вось тут. Летась ён выклікаў абурэньне рэшткаў нашай незалежнай сацыялягічнай супольнасьці. Пасьля быў ськіраваны на дапрацоўку. І вось цяпер "дашліфоўваецца", як той казаў, бяз шуму і пылу.
Мэтры Манаеў і Вардамацкі мяркуюць, што нічога добрага чакаць не даводзіцца.
Галоўная пуга — акрэдытацыя. Апытаньні на электаральную тэматыку дазваляюцца толькі тым сацыялягічным структурам, што атрымаюць пасьведчаньне адмысловай камісіі.
Пуга будзе і для мэдыяў. Каб не друкавалі лічбы "нячэсных" сацыёлягаў.
Трохі зь гісторыі пытаньня.
Незалежную сацыялёгію цяперашняя ўлада ніколі ня песьціла. Але чаша цярпеньня перапоўнілася пасьля рэфэрэндуму-2004. Тады НІСЭПД, зладзіўшы экзыт-пол сумесна з Інстытутам Гэлапа, зрабіў выснову, што пытаньне аб трэцім тэрміне не набрала патрэбнай колькасьці галасоў. Розьніца між іхняй і афіцыйнай вэрсіямі склала аж пад 30%.
У 2005 годзе пастановай Саўміну для сацыёлягаў ужо стварылі адзін фільтар. Але да пары да часу "нячэсныя" знаходзілі пралазы. Не дапамагла і ліквідацыя НІСЭПД судовым рашэньнем: інстытут зарэгістраваўся ў Вільні.

Летась пасьля двух папярэджаньняў пракуратуры (сьвяціла да двух гадоў турмы за "дыскрэдытацыю РБ") прафэсар Манаеў мусіў фармальна дыстанцыявацца ад гэтай структуры.
Але на сайце НІСЭПД па-ранейшаму спраўна вывешваюцца сьвежыя зьвесткі.
З рэплік наведнікаў блогу ведаю, што ня ўсім іхнія лічбы падабаюцца.
Адметна, аднак, што тое люстэрка не пад нос як уладзе, так і частцы яе апанэнтаў (чые рэйтынгі пераважна ў межах статыстычнае памылкі). Прафэсар Манаеў лічыць, што гэтая незадаволенасьць з абодвух лягераў ёсьць ускосным сьведчаньнем прафэсыяналізму ягонай каманды.
Так ці іначай, найгорай будзе, калі ўвогуле не застанецца альтэрнатывы сэрвільнай сацыялёгіі, гатовай паднесьці на сподачку любыя начальству лічбы.
Адзіны паратунак зараз — укладаць у вушы Эўропе, якую небясьпеку тоіць новы законапраект.
Хай патрабуюць экспэртызы ў сваіх інстанцыях.
А што, на тле цяперашняга "навядзеньня мастоў" гэта цалкам можа мець эфэкт!
Дарэчы, вось вам прыклад. Некалькі гадоў таму яшчэ папярэдні міністар інфармацыі меў неасьцярожнасьць паабяцаць Радзе Эўропы паказаць законапраект аб друку (Беларуская асацыяцыя журналістаў біла ў званы, што ён драконаўскі). Эўропа нічога не атрымала, але розгалас ня стаўся марным: дакумэнт, падаецца, так і зьгінуў пад сукном.
Іншая рэч, што незалежную прэсу ў нас пасьпяхова дадушваюць і са старым законам :(
Апошняй нішай застаецца Сеціва. Як для "нячэсных" журналістаў, так і для "нячэсных" сацыёлягаў.
P.S. Хочаце трохі пасьмяяцца? У 2002 годзе міністар Падгайны заявіў, што тэрмін накіраваньня законапраекту аб СМІ ў Страсбур залежыць "ад перакладу на ангельскую мову".
Марудна, халера іх бяры, перакладаюць! :)
Каментары